Датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь скончылася 18 снежня. У нашым рэгіёне за два першыя дні прагаласавала каля 10% выбаршчыкаў.

Паводле інфармацыі старшыні Гродзенскай абласной выбарчай камісіі Валерыя Саўко, за 14-15 снежня ў Смаргоні і раёне прагаласавала 8,5% выбаршчыкаў. У Ашмянскім – 9,6%, Астравецкім – 9,9% выбаршчыкаў. Інфармацыі па іншых раёнах нашага рэгіёна на момант здачы газеты не было.

Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, у Мінскай вобласці за два дні датэрмінова прагаласавалі 6,3% выбаршчыкаў, у Гродзенскай – 8,1%.

Выбары Прэзідэнта адбудуцца сёння, 19 снежня. Па стане на 15 снежня кандыдатаў было 10: Рыгор Кастусёў, Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Някляеў, Аляксей Міхалевіч, Андрэй Саннікаў, Яраслаў Раманчук, Дзмітры Ус, Віктар Цярэшчанка, Мікалай Статкевіч, Віталь Рымашэўскі. У дзень выбараў забаронена праводзіць агітацыю за якога-небудзь з кандыдатаў.

Як паведамляе “Еўрарадыё для Беларусі”, на гэтых выбарах у Беларусі экзіт-пол (ананімнае апытанне выбаршчыкаў пасля галасавання, на выхадах з участкаў) будзе праводзіць кампанія “TNS Украіна”. Мяркуецца, што апытваць будуць беларускія студэнты. Апрацуюць інфармацыю ва Украіне.

Апытваць выбаршчыкаў будуць больш чым на 300 участках па ўсёй краіне. Але толькі адзін дзень – 19 снежня. Плануецца, што апытваць будуць і жыхароў нашага рэгіёна – Маладзечна, Вілейкі, Мядзела, Валожына.

Святлана ЦІШКО.

Фота Ігара МАРОЗА.