У раёнах нашага рэгіёну, паводле інфармацыі Гродзенскай абласной і раённых выбарчых камісій, у выбарах прынялі ўдзел 88,3%–94% выбаршчыкаў. За Аляксандра Лукашэнку ў розных раёнах прагаласавалі ад 78,1% да 87,6%. Андрэй Саннікаў набраў ад 1% да 3,9% галасоў. Уладзімір Някляеў – ад 1% да 4,5%. Яраслаў Раманчук – ад 1,5% да 3,8%. Найменшую колькасць галасоў атрымаў Дзмітры Ус.

Усяго за Аляксандра Лукашэнку, паводле папярэдніх звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, прагаласавалі 79,67% беларускіх выбаршчыкаў.

Папярэднія вынікі галасавання па раёнах

На момант выхаду газеты атрымаць дадзеныя па Валожынскім і Мядзельскім раёнах не ўдалося.

19 снежня на вуліцах Мінска прайшло шэсце і мітынг грамадзян, не згодных з ходам правядзення выбараў Прэзідэнта. У выніку сутыкненняў на плошчы Незалежнасці пратэстантаў з сіламі міліцыі спецыяльнага прызначэння акцыя была спыненая.

Па звестках, якія пацвердзіў пазней і Аляксандр Лукашэнка, затрыманых у ходзе правядзення сілавой акцыі больш за 600 чалавек. Сярод затрыманых, паведамляе БелаПАН, былі і кандыдаты на пасаду Прэзідэнта Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Рыгор Кастусёў, Аляксей Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі.

У час падзей была нанесеная шкода будынку Дома Ураду. Кіраўнік дзяржавы на прэс-канферэнцыі 20 снежня ўсклаў віну за беспарадкі на апазіцыю. У сваю чаргу апазіцыя сцвярджае, што спроба зламаць дзверы у Доме Ураду – правакацыя: “Тое, што пачалі ламаць дзверы , гэта я лічу правакацыяй”, – заявіў адзін з былых прэтэндэнтаў на пасаду Прэзідэнта, Рыгор Кастусёў, паведамляе БелаПАН.

Цэнтрвыбаркам Беларусі плануе аб’явіць афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў на пасяджэнні 24 снежня. Пра гэта агенцтву БелТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.

Інаўгурацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь павінна адбыцца да 19 лютага 2011 года. Пра гэта паведаміла журналістам у Інфармацыйным цэнтры ЦВК старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, – перадае БелТА.

Аддзел інфармацыі.