Вяроўку на шыю таксісту ў аўтамабілі “Нісан” прадпрыемства “Таксі-Мерсі” накінуў 26-гадовы мужчына ў нядзелю, 19 снежня. 40-гадовы вадзіцель таксі здолеў вырвацца і ўцячы. Нападальнік сеў за руль і паехаў з месца здарэння.

“Нападзенне адбылося на выездзе з Вілейкі ў бок Маладзечна каля 19 гадзін, – расказаў у інтэрв’ю “РГ” намеснік начальніка райаддзела міліцыі Андрэй Дударчык. – І зламыснік, і яго ахвяра – жыхары Вілейкі. Нападальнік быў нецвярозы. Папрасіў падвезці яго і сеў на задняе сядзенне. Калі выехалі з горада, ён дастаў вяроўку і ззаду накінуў на шыю вадзіцеля”.

Адразу пасля здарэння пацярпелы звярнуўся ў міліцыю. Тэрмінова быў уведзены план “Перахоп” па Вілейскім раёне і Мінскай вобласці. Паводле папярэдняй інфармацыі, прыкладна праз паўтары гадзіны зламыснік сам пазваніў у міліцыю і паведаміў, дзе ён знаходзіцца. “Нісан” коштам 10 мільёнаў рублёў у спраўным стане знайшлі ў лесе каля райцэнтра.

Падазроны ў здзяйсненні злачынства змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Крымінальная справа ўзбуджаная па другой частцы артыкула “Разбой” – прымяненне насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага, з мэтай авалодання маёмасцю ў буйным памеры. Караецца пазбаўленнем свабоды на тэмін ад 6 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Сяргей ЗЯНЬКО.