Работа настаўніцы Вілейскай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення Таццяны Капцюг атрымала дыплом рэспубліканскага конкурсу педагагічных тэхналогій.

Вынікі журы абвясціла 21 снежня.

У заключны этап рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі ў навучанні і выхаванні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Рэгіянальныя мадэлі спецыяльнай адукацыі” выйшлі каля 70 работ з усіх абласцей Беларусі. Работу Таццяны Капцюг “Камунікатыўнае развіццё вучняў праз слоўнікавую работу” ў намінацыі “Практычнае прымяненне работ” журы адзначыла “за практычную значнасць”.

У сваёй распрацоўцы настаўніца школы-інтэрната прапануе розныя прыёмы слоўнікавай работы, накіраваныя на лепшае засваенне беларускай мовы і правапісу слоў.

“Таццяна Капцюг – настаўнік вышэйшай катэгорыі, мае стаж работы больш за 25 гадоў. Дыплом на рэспубліканскім конкурсе – гэта вельмі добры вынік працы Таццяны Аляксееўны”, – сказала ў інтэрв’ю “РГ” намеснік дырэктара школы-інтэрната Марыя Дзяруга.

Святлана ЦІШКО.