Другая палова зімы – самы цяжкі час для птушак. Якой бы ні была зіма ў снежні і ў студзені, у лютым снегу звычайна накопліваецца шмат. Таму жывым істотам усё цяжэй і цяжэй здабываць корм.

Вось у гэты час і неабходна дапамагчы нашым малодшым сябрам дачакацца вясны. Яны абавязкова адплацяць нам за гэта ўдзячнасцю. Абароняць сады і агароды ад шкоднікаў, парадуюць сваімі спевамі.

Якія птушкі часцей за ўсё туляцца да чалавечага жылля? Сініцы, дразды, снегіры, сойкі. Вось пра іх і пагаворым. А яшчэ пра тое, чым іх можна прывабіць да кармушак.

Вялікая сініца

Гэтыя птушкі звычайна першымі знаходзяць кармушкі, і вясёлымі кампаніямі наведваюць іх кожны дзень. У чародах акрамя вялікай сініцы можна ўбачыць блакітніцу, чорнагаловую гаічку.

Вялікая сініца.

Блакітніца.

Асноўным кормам для сініц служаць збожжа, семкі, кавалачкі сала, хлебныя крошкі. Пакарміце птушак некалькі разоў, і вы заўважыце, што праз два-тры дні яны ўжо самі будуць сустракаць вас на парозе дома, нікога і нічога не баючыся.

Дрозд-рабіннік

У летнім харчаванні дарослых драздоў і іх птушанят аснову складаюць дажджавыя чарвякі, а таксама розныя насякомыя, павукі, малюскі. У канцы лета і восенню ў рацыёне рабіннікаў большае ягад. Асабліва яны любяць рабіну, чым і абавязаныя сваёй батанічнай назве.

У перыяд, калі дрэвы пачынаюць плоданасіць, птушкі збіраюцца ў чароды і качуюць па кормных месцах. Не грэбуюць яны і калінай, абляпіхай. 

Увогуле гэтыя птушкі лічацца качэўнікамі, але ў апошнія зімы іх усё часцей і часцей бачаць у вёсках, дзе дразды-рабіннікі шукаюць сабе корм.

 У першую чаргу харчуюцца яблыкамі, якія знаходзяць нават пад глыбокім снегам, раскопваючы яго да зямлі. Амаль у кожнага вясковага гаспадара ёсць сад, частку пладоў з якога ён стараецца захаваць да вясны. Але як бы чалавек ні стараўся, яблыкі ўсё адно псуюцца. Вяскоўцы час ад часу перабіраюць іх. І тыя, што паспелі сапсавацца, выкідваюць проста на сметнік. Для птушак, у тым ліку і рабіннікаў, такія знаходкі сапраўднае свята. Так што, калі вы вырашыце падкарміць зімой драздоў, смела кладзіце ў кармушкі кавалачкі яблыкаў, сыпце, калі ёсць нарыхтаваная, рабіну. Апошняя для іх – сапраўдны далікатэс.

Сойка

Сойкі даволі асцярожныя птушкі. Зімой яны падбіраюць усё, што можна з’есці. Пачынаючы з жалудоў і заканчваючы збожжам, яблыкамі, салам. Сойка, калі прылятае да кармушкі адна, паводзіць сябе адносна спакойна, нават непрыкметна. Ну а калі ўжо на абед альбо сняданак іх з’яўляецца цэлая кампанія, астатнім птушкам даводзіцца трымацца як мага далей.

Нягледзячы на няўжыўчывы характар, сойкі гаспадарлівыя і запаслівыя. Яны з ліку птушак, якія дбаюць не толькі пра сягонняшні, але і пра заўтрашні дзень. Таму займаюцца нарыхтоўкамі, робяць, як і вавёркі, на зіму запасы.

У свае кладоўкі, якія ладзяць у цяністых ельніках і густых маладых сасновых пасадках, а таксама ля каранёў дрэў, у густой падсцілцы з лісця, моху, нежылых мурашніках яны кладуць жалуды. А збіраюць іх, як правіла, не ў густых дубравах, а на ўскрайку лесу.

Пераносяць корм у схованкі птушкі ў дзюбе, куды змяшчаюцца 1-2 жалуды. За сезон адна сойка можа разнесці і схаваць да некалькіх тысяч жалудоў, але за зіму яна ніколі не з’ядае запасы, а пра многія схованкі і наогул забываецца. Звычайна ў такіх месцах вырастаюць праз нейкі час некалькі маладых дубкоў.

Ва неўраджайныя на жалуды гады, а таксама ў месцах, дзе іх мала, сойка часта корміцца на палях, дзяўбе там збожжа, сланечнік, кукурузу і нават раздзёўбвае клубні бульбы. Акрамя таго, птушка ахвотна есць ягады чаромхі, брусніцы, плады рабіны і насенне елкі.

Амялушка

Амялушка – паўночны госць у нашых лясах. Дружныя чародкі гэтых птушак з’яўляюцца ў лістападзе, а масавы адлёт на поўнач пачынаецца ў сакавіку. Вельмі меладычная і прыемная трэль адразу вылучае іх сярод іншых зімуючых птушак. Велічны чубок надае ім вытанчанасць. Есці больш за ўсё любяць старыя яблыкі, ягады рабіны чырвонай і чорнай. Наведваюць кармушкі вялікімі чародамі і, калі ваша кармушка гэтым птушкам спадабаецца, яны прынясуць нямала прыемных хвілін сваімі трэлямі.

Зелянушкі і аўсянкі

Нягледзячы на свой крыху нязграбны выгляд, зелянушка – бадзёрая і хуткая птушка. Лятае яна шмат, хвалепадобнымі лініямі то ўверх, то ўніз. Даволі спрытна скача па зямлі. Грацыёзна трымаецца толькі седзячы на дрэве, распушыўшы сваё пер’е. Але, бывае, так падбярэцца і выцягнецца, што яе адразу і не пазнаеш.

Зелянушка.

Зелянушкі – пералётныя. Але здараецца, што некаторыя птушкі застаюцца зімаваць. Асабліва часта яны затрымліваюцца на зіму там, дзе ў адкрытым месцы расце вельмі шмат ядлоўцу. У густых кусцістых дрэўцах гэтай вечназялёнай хвойнай расліны зелянушкі знаходзяць для сябе добры прытулак на ноч. Акрамя таго, ягады ядлоўцу з’яўляюцца для іх добрым і любімым кормам.

Гэтыя птушкі даволі шматлікія і ў нас зімой трымаюцца пераважна кампаніямі. Някідкае жоўта-зялёнае апярэнне па-свойму прыгожа выглядае на фоне заснежаных пейзажаў. Найбольш адклікаюцца на падкормку адходамі збожжа і хлебнымі крошкамі, а таксама загадзя нарыхтаванымі венікамі з недаспелай лебяды і конскага шчаўя, снапкамі аўса.

Дзятлы

Дзятлы часам таксама наведваюць кармушкі, але робяць гэта больш з цікаўнасці, чым з-за корму. Ежу яны заўсёды знойдуць сабе самі ў фруктовым садзе пад карой дрэў, або ў лесе, разбіраючы шышкі ў сваіх “кузнях”.

Снегіры

Птушкі з яркімі чырвонымі грудкамі – галоўная тэма зімовага пейзажу для любога мастака ці фатографа. Асноўным кормам для іх з’яўляецца насенне пустазелля, ну а смакатой – ягады рабіны і каліны. Клююць іх снегіры няспешна, перабіраюць, выкідваючы на снег скурку і костачкі.

Снягір – адна з шырока вядомых пералётных птушак. Жыве ў месцах з густым падлескам, але можа сустракацца і ў садах, парках гарадоў.

Летам менш прыкметны. А вось зімой чароды снегіроў добра бачныя на беласнежным фоне. У самцоў грудка ружова-чырвонага колеру, у самак яна барвова-шэрая. Зімой значная частка птушак ляціць на поўдзень. Але ёсць і такія, што зімуюць у нас.

Харчуюцца снегіры пераважна насеннем, пупышкамі і ягадамі. Птушанятам носяць раслінны корм, а насякомых ядуць толькі выпадкова.

У снегіроў пануе матрыярхат – самцы знаходзяцца ў поўным  падпарадкаванні ў самак. Да боек у птушак справа не даходзіць, але шырока раскрытая дзюба і пагрозлівае скрыпучае шыпенне дастаткова выразна гавораць, хто ў доме гаспадар.

У канцы зімы колькасць снегіроў прыкметна павялічваецца. Гэта ўжо пачынаюць вяртацца з поўдня птушкі, што паляцелі восенню бліжэй да цяпла. У гэты перыяд пачынаюцца шлюбныя гульні. Самцы пачынаюць аказваць знакі павагі самкам.

Бліжэй да вясны кавалеры робяцца больш настойлівымі, у чародах можна нават адрозніць парачкі, якія трымаюцца разам. Але ўсё ж перавагі самак захоўваюцца.

Самцы, як правіла, уступаюць ім самыя вялікія і прыгожыя галінкі з ягадамі, але не добраахвотна, а пад пагрозай шырока раскрытай дзюбы.

У месцы гнездавання снегіры адлятаюць у другой палове сакавіка – пачатку красавіка. Дом свой яны будуюць часцей за ўсё ў густых галінках елкі. Радзей – на соснах, бярозах, высокіх кустах ядлоўцу.

Гняздо робіцца з цесна пераплеценых тонкіх яловых альбо іншых сухіх галінак і бадылля. Латок высланы мяккім раслінным матэрыялам з прымессю невялікай колькасці шэрсці і пер’я. Бывае, што ў сценках гнязда прысутнічаюць мох і лішайнік.

Яйкі ў снегіроў невялікія, светла-блакітнага колеру, з плямкамі.

Летнія птушаняты з’яўляюцца ўжо ў чэрвені. Выседжвае іх самка на працягу 13-15 сутак, птушаняты знаходзяцца ў гняздзе 15-16 дзён. Выкормліваюць іх абое бацькоў.

Снегіры могуць размнажацца і ў няволі. У дамашніх умовах гэта вельмі прыемная птушка, якая можа быць ручной. Яна непатрабавальная да ежы і жыве ў клетцы да 10 гадоў. Корм – зерневая сумесь, ягады рабіны, ядлоўцу, а таксама свежыя яблыкі, салата, капуста. Гародніну і садавіну лепш за ўсё даваць у здробненым выглядзе. Снегіры ахвотна ядуць лічынкі насякомых. Калі іх няма, птушцы можна даць крышку фаршу, альбо здробненае мяса рыбы.

Зробленая ля дома перад акном кармушка прынясе вам шмат цікавага. Вы ўбачыце птушак на блізкай адлегласці, зможаце разгледзець прыгажосць апярэння. Магчыма, вам нават давядзецца зазірнуць у даведнік, каб вызначыць іх від. Усё гэта прынясе задавальненне ад таго, што вы дапамагаеце птушкам перажыць цяжкі і галодны час.

Віктар КАЗЛОЎСКІ. Марына СЛІЖ.

Фота Віктара КАЗЛОЎСКАГА.