Будаўніцтва Чысцінскага дома культуры плануюць завяршыць да канца першага паўгоддзя 2011 года. Будаўнікі ўжо ўзвялі сцены, завяршаюць дах, 21 снежня пачалі ставіць вокны.

Будаўнікі ўжо ўзвялі сцены, завяршаюць дах, 21 снежня пачалі ставіць вокны.

Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” расказаў старшыня Чысцінскага сельсавета Анатоль Пяцюшык.

Будаўніцтва вядзе фірма “Чысць-Бау”. Па словах майстра прадпрыемства Уладзіміра Нацэвіча, нягледзячы на маразы штодня рабочыя выконваюць 25-29 кубаметраў кладкі, каля 40 метраў квадратных перагародак. Пачалі падводзіць ацяпленне і “сантэхнічныя камунікацыі”. Калі накрыюць “каробку”, уключаць ацяпленне і пачнуць аддзелачныя работы.

Мулярам падаюць раствор.

Муляр Аляксандр Прадуха.

Новы Дом культуры будзе двухпавярховы, з глядацкай залай на 300 месцаў, з мноствам пакояў для гуртковай і клубнай работы. Будуць у ім бібліятэка з інфармацыйным цэнтрам і залы: більярдная, трэнажорная, дыскатэчная і для правядзення ўрачыстасцяў. “Першапачаткова праект быў крыху іншы. Падчас будаўніцтва мы ўносілі ў яго некаторыя змены, каб Дом культуры адпавядаў запатрабаванням менавіта жыхароў Чысці”, – адзначыў у інтэрв’ю “РГ” дырэктар гэтай установы Генадзь Сушко.

Новы Дом культуры ў Чысці будзе двухпавярховы.

Каштарысны кошт новага будынка – каля 10 мільярдаў рублёў (у цэнах 2006 года).

Дом культуры ў Чысці раней быў. Але ў 2005 годзе стары будынак, які прыйшоў у аварыйны стан, узарвалі. З таго часу творчыя калектывы і аб’яднанні пасёлка займаюцца ў памяшканнях прадпрыемства “Забудова”. Канцэрты і мясцовыя святы ладзяць там жа ці ў зале музычнай школы, а ўлетку – на адкрытых пляцоўках.

Аднак адсутнасць “роднага дома” не перашкодзіла развіццю мастацкай самадзейнасці. У гуртках і аб’яднаннях ДК займаюцца амаль 150 чалавек. Самым маленькім – выхаванцам дзіцячай эстраднай студыі – 7-8 гадоў. Дзейнічаюць ансамбль народнай песні “Забудова”, фальклорны калектыў “Чысцінка”, гурткі эстраднага і фальклорнага спеваў, драматычны гурток для дарослых “Маска”, танцавальная група і харэаграфічны гурток. За 2010 год чысцінскія артысты прынялі ўдзел у 200 канцэртах і святочных праграмах. Таццяна Есмановіч у міжнародным фестывалі народнай творчасці і фальклору ў Францыі атрымала кубак пераможцы сярод салістаў.

“Мы вельмі ўдзячныя “Забудове”, яе генеральнаму дырэктару Сяргею Белановічу і старшыні аб’яднанага прафсаюза Людміле Мікуліч – яны прадаставілі памяшканні для нашых творчых аб’яднанняў і прафсаюзаў, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” Генадзь Сушко. – На працягу пяці гадоў творчыя аб’яднанні Дома культуры маюць магчымасць займацца ў цяпле і ўтульнасці, урэшце проста працаваць і радаваць жыхароў Чысці сваёй творчасцю”.

У Чысці добра развіта сацыяльная сфера: працуюць бібліятэка, паліклініка і бальніца, два дзіцячыя сады, сярэдняя і музычная школа, развіты гандаль. Не было толькі Дома культура. Пры тым, што пасёлак малады: больш за 1300 жыхароў (з 5727 на 1 студзеня 2010 года) – маладзейшыя за працаздольны ўзрост, дзеці і падлеткі. Сярэдні ўзрост жыхароў – 36-37 гадоў. “У нас нараджальнасць стабільна перавышае смяротнасць. За гэты год у Чысці памерлі 46 чалавек, а нарадзіліся 71. Пасёлак развіваецца, будуюцца дамы для новых сем’яў. Нам трэба Дом культуры, каб дзеці, моладзь і дарослыя маглі цікава і ў камфортных умовах правесці свой вольны час”, – сказаў Анатоль Пяцюшык.

Чысць – пасёлак малады, расце, развіваецца. Каля Дома культуры будуюцца жылыя дамы.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.