Да дзяцей, якія напярэдадні свята аказаліся ў бальніцы, 27 снежня завіталі Дзед Мароз са Снягуркай.
Яны павіншавалі маленькіх пацыентаў педыятрычнага і хірургічнага аддзяленняў і падарылі ім шакалад і мяккія цацкі.
Снягурачка, Дзед Мароз і намесніца начальніка аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама, старшыня раённага аддзялення фонду “Беларускі дзіцячы фонд” Таццяна Бурсава рыхтуюць мех з падарункамі.
Гасцей заўважылі пацыенты педыятрычнага аддзялення.
Дзецям і бацькам Дзед Мароз і Снягурачка жадаюць найперш здароўя.
Даша Філіпкоўская расказвае навагодні вершык.
Дзеці радаваліся візіцёрам, іх вочы свяціліся. Але, падобна на тое, што моцна малыя не здзівіліся: усё правільна – зіма, канец снежня, таму нічога дзіўнага, што Дзед Мароз прыйшоў. Так і павінна быць. А вось дарослыя, і пацыенты, і персанал бальніцы, здзіўляліся. Словы “Глядзі – Дзед Мароз!” можна было пачуць менавіта ад іх.
Яўгену Гатоўку падабалася, але адысці ад мамы ён так і не рашыўся.
Мамы, для якіх прыход навагодніх персанажаў быў нечаканасцю, хутка зарыентаваліся і падыгрывалі ім падчас невялікай інсцэніроўкі.
Даша Філіпкоўская, як адна са старэйшых у педыятрычным аддзяленні, паўсюль суправаджала Снягурку і Дзеда Мароза, імкнулася дакрануцца да іх халатаў. Расказала не толькі вершык, але і як яе завуць, што яна лечыцца ў бальніцы і што ёй чатыры гады (але паказала два пальцы на руцэ).
Яўгену Гатоўку, здаецца, усё падабалася, але падысці блізка ён не рашаўся – хадзіў, паглядаў здалёк. А калі Мароз са Снягурачкай развіталіся і пайшлі на выхад, хлопчык расплакаўся.
Цацкі і шакалад ад Дзеда Мароза і Снягурачкі.
Напрыканцы некаторыя мамы захацелі сфатаграфавацца з нечаканымі візіцёрамі.
Хірургічнае аддзяленне, дзе ляжала больш дзяцей школьнага ўзросту, з цікавасцю разглядала гасцей і падарункі, абмяркоўвала валёнкі Дзеда Мароза.
У хірургічным аддзяленні.
Атрымалі падарункі і два маленькія пацыенты ЛОР-аддзялення.
У ЛОР-аддзяленні.
Мяшэчак пусты.
Гэтае маленькае свята прайшло ў межах акцыі “Нашыя сэрцы – хворым дзецям”. Яно атрымалася дзякуючы супрацоўнікам цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” Валерыю Трацяку (Дзед Мароз) і Алене Берасневай (Снягурачка) і фінансавай дапамозе абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”. Па словах намесніцы начальніка аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Таццяны Бурсавай, старшыні раённага аддзялення фонду, Мінскае абласное аддзяленне працуе з красавіка 1988 года. “Раённыя і гарадскія аддзяленні ладзяць дабрачынныя мерапрыемствы, акцыі падтрымкі дзяцей і сацыяльна неабароненых сем’яў. Калядная акцыя “Нашыя сэрцы – хворым дзецям” стала ўжо традыцыйнай. Штогод па лініі фонду больш за 150 дзяцей Мінскай вобласці праводзяць летнія і зімовыя канікулы ў Германіі і Галандыі. Сёлета каля 200 дзяцей Беларусі, якія маюць анкалагічныя захворванні, аздаравіліся ў лагерах краіны, а 10 – у ЗША. Крыніца фінансавання “Беларускага дзіцячага фонду” – членскія ўзносы і добраахвотныя ахвяраванні насельніцтва і арганізацый. Сёлета ўстановы адукацыі Маладзечанскага раёна пералічылі больш за шэсць мільёнаў рублёў”, – расказала ў інтэрв’ю “РГ” Таццяна Бурсава.
Даведка “РГ”. “Беларускі дзіцячы фонд” – рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне, якое аказвае матэрыяльную, гуманітарную і медыцынскую дапамогу дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам, хворым дзецям, абараняе іх правы і інтарэсы.
Дзед Мароз паехаў не на аленях – на легкавым аўтамабілі.
Урывак з вершыка пра ёлачку, што “зимой и летом стройная зимой она была” ў выкананні Дашы Філіпкоўскай.
Святлана ЦІШКО.
Фота Святланы ЦІШКО.