У маладзечанскай і вілейскай пракуратурах адбыліся кадравыя змяненні.

На пасаду намесніка пракурора Вілейскага раёна прызначаны Вадзім Шукрынаў, які перад гэтым працаваў старшым следчым следчага аддзела пракуратуры Мінскай вобласці па Маладзечанскім раёне.

У інтэрв’ю нашаму выданню Вадзім Шукрынаў расказаў, што першы рабочы дзень на новым месцы ў яго быў у панядзелак, 27 снежня.

– Мне прапанавалі больш высокую пасаду, і я пагадзіўся, – кажа Шукрынаў. – На старым рабочым месцы некаторыя свае справы завяршыў, некаторыя перадаў следчаму Сяргею Сяляўку. Жыць я застаюся ў Маладзечне, у Вілейку буду ездзіць на сваёй машыне. Не такая тут ужо вялікая адлегласць паміж нашымі гарадамі.

Па словах намесніка пракурора, месца следчага ў маладзечанскай пракуратуры застаецца вакантным, пакуль генеральны пракурор не прызначыць новага следчага, які спачатку будзе праходзіць стажыроўку.

У сваю чаргу ў пракуратуры Вілейскага раёна больш за месяц не было намесніка пракурора. Гэту пасаду пакінула Таццяна Борыс, якая перайшла працаваць суддзёй суда Вілейскага раёна. Паводле слоў Таццяны Борыс, яна змяніла месца работы, каб удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства юрыста і прымаць больш самастойныя рашэнні.

– Лічу, што суд – гэта вяршыня юрыдычнай дзейнасці, – кажа Таццяна Борыс. – Думаю, змена пасады будзе спрыяць майму прафесійнаму росту.

Сяргей ЗЯНЬКО.