Паўднёвыя цыклоны, якія прайшлі над Беларуссю, прынеслі ў наш рэгіён рэкордную колькасць снегу за апошнія больш чым 60 гадоў. Калі не будзе адліг і талая вада не пойдзе ў зямлю, Вілейскае вадасховішча затопіць дачныя пасёлкі.

Сярэдняя вышыня снежнага покрыва на 1 студзеня ў Мінскай вобласці складала 35 сантыметраў. З гэтым можа параўнацца толькі першы год пасля Вялікай Айчыннай вайны. Тады сярэдняя вышыня ў пачатку студзеня ў Мінску склала 33 сантыметры, паведаміла ў інтэрв’ю “РГ” галоўны сіноптык аддзела метэаралагічных прагнозаў рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.

Паводле яе слоў, для гэтай пары года сёлетняя колькасць выпаўшага снегу – рэкордная. У бліжэйшыя дні сіноптыкі вялікіх снегападаў не чакаюць, а да выхадных увогуле павінна наступіць адліга, і снег пачне таяць.

У Вілейскім раёне сярэдняя вышыня снежнага покрыва была нават большай, чым у сярэднім па вобласці – 37 сантыметраў, расказалі “РГ” метэаролагі вілейскай гідраметэастанцыі. Калі ўспомніць, што ў гэты ж перыяд года летась вышыня складала 14 сантыметраў, то сёлетняя колькасць снегу ўражвае.

Начальнік вілейскай гідраметэастанцыі Вячаслаў Лапко ў інтэрв’ю нашаму выданню сказаў, што жыхарам нашага рэгіёна ўжо сёння можна пачынаць баяцца паводкі.

– У канцы снежня ў нас выпала такая колькасць ападкаў, якая прыводзіць у сакавіку да вялікай паводкі, – кажа Вячаслаў Лапко. – І гэта толькі першы месяц зімы прайшоў. Калі не будзе адліг і вада не пойдзе ў зямлю, Вілейскае вадасховішча выйдзе з берагоў і затопіць дачныя пасёлкі. Сітуацыю можна спрагназаваць і папярэдзіць. Прадпрыемства “Мінскводаканал”, якое эксплуатуе вадасховішча, павінна ўстанавіць на ім назіральныя пункты за водным рэжымам, але на гэта пастаянна не хапае грошай. Таму, думаю, праблем з паводкай не пазбегнуць.

Па словах Вячаслава Лапко, снегу нам насыпалі багатыя на ваду паўднёвыя цыклоны, якія ў снежні прайшлі над Гомелем і праз Бранск – на Маскву. Начальнік гідраметэастанцыі адзначае, што цыклон – глабальны віхор, які ахоплівае 500-1000 кіламетраў. Наш рэгіён ён зачапіў толькі сваім краем, але для ўстанаўлення снежнага рэкорду нам гэтага хапіла.

Рэспубліканскія дарогі Маладзечна–Смаргонь і Маладзечна–Валожын абслугоўвае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №49 (ДРБУ). Галоўны інжынер прадпрыемства Вячаслаў Машнінскі ў інтэрв’ю “РГ” сказаў, што ўборка такой колькасці снегу для работнікаў ДРБУ – звычайная, штатная сітуацыя.

– Ніякага форс-мажору тут няма, – кажа Вячаслаў Машнінскі, – хаця цяпер нам прыходзіцца працаваць у дзве змены, круглыя суткі. У некалькі разоў павялічваецца колькасць паліва, якое расходуе тэхніка. Людзям цяжка, але яны спраўляюцца.

Па словах галоўнага інжынера, у іх працуе кругласутачная дыспетчарская служба. Па меры выпадзення снегу дыспетчары звязваюцца з дзяжурнымі вадзіцелямі, дзяжурнымі машыністамі пагрузчыкаў і трактароў. Брыгады выязджаюць на работу і чысцяць дарогі ад снегу. І не толькі за горадам. Тэхніка і работнікі ДРБУ дапамагаюць таксама “Камунальніку” пазбаўляць ад снегу горад.

Вячаслаў Машнінскі ачыстку дарог ад снегу называе дзеясловам “утрымаць”. Як ваенныя пазіцыі. Галоўны інжынер расказвае, што ДРБУ №49 у гэтыя дні “ўтрымала” тэрыторыі каля аўтавакзала, каля харчовага і рэчавага рынкаў, каля гандлёвага цэнтра “ІММІ”, прадпрыемства “Амазон Каларыт” і заправачных станцый “Лукойл”.

Гарадскія вуліцы чысціць тэхніка прадпрыемства “Камунальнік”. Па словах намесніка дырэктара прадпрыемства Аляксандра Осіпава, снегапады дадалі камунальнікам галаўнога болю. Яны чысцяць асноўныя гарадскія магістралі, маршруты руху аўтобусаў грамадскага транспарту. Аляксандр Осіпаў прызнаецца, што “не зусім з гэтай работай спраўляемся”.

Намеснік дырэктара “Камунальніка” паведаміў таксама: 22 снежня выйшла распараджэнне №51 райвыканкама. Згодна з гэтым распараджэннем, прадпрыемствы і арганізацыі горада і раёна павінны самі чысціць ад снегу тэрыторыі, замацаваныя за імі. Іншая справа, што работы распачалі не ўсе. У каго не хапае тэхнікі, у каго яна зламаная.

Супрацоўнікі аддзелаў па надзвычайных сітуацыях паведамілі “РГ”, што няштатных выпадкаў, звязаных з выпадзеннем вялікай колькасці снегу, у раёнах рэгіёна не было. 

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Святланы ЦІШКО.