Амаль штодня, круглы год у любое надвор’е, акунаецца ў Вілію Іосіф Іваноўскі. Асаблівае задавальненне ад такіх працэдур атрымоўвае зімой. Кажа, што жыць без гэтага не можа.

“Жыву на беразе ракі – мне сам Бог загадаў акунацца. І я ўжо не магу інакш – гэта стала ладам жыцця”, – тлумачыць Іосіф Іосіфавіч. Ён працуе трэнерам у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву. Яму 68 гадоў, але выглядае гадоў на 10 маладзейшым.

Амаль 30 гадоў дзень для Іосіфа Іваноўскага пачынаецца з акунання ў Вілію. Зімой таксама.


Ад дома Іосіфа Іваноўскага да берага Віліі – якіх 50 метраў. Раніцай ён ідзе распрануты да ракі, акунаецца ў ваду і вяртаецца ў дом. Кажа, што скура на плячах і руках не адчувае холаду. Хоць марозам яе, бывае, прыхопіць, бо тэмпература ні -10 °С, ні -15 °С не з’яўляюцца прычынай, каб адмяніць купанне.

Сцежка ад дома да ракі.

“Гэта ж такое задавальненне: раніца, сонца ўсходзіць, рака, непадалёк лебедзі плаваюць… Мне камфортна адчуваць сябе часткай гэтай прыроды. Дома ў ванне такога не адчуеш. Тут зусім іншым становішся – нібы нанава нарадзіўся. А тэмпература вады ў рацэ заўсёды плюсавая. Ды і я доўга не плаваю: акунаюся з галавой ды іду ў дом”, – расказаў Іосіф Іваноўскі.

Прырода.

Зімой, перш чым акунуцца, даводзіцца расчышчаць сцежку. У асабліва марозныя і снежныя дні, калі да берага цяжка дабрацца, Іосіф Іосіфавіч абліваецца вадой з калодзежа. Ці “купаецца” ў снезе. Пры гэтым называе сябе цеплалюбівым чалавекам. Кажа, што ў мароз ходзіць па вуліцы ў пальчатках, а басанож па снезе – гэта не для яго. Любіць лазню, парылку.

Аблівацца штораніцу Іосіф Іосіфавіч пачаў больш за 25 гадоў таму: шмат чытаў, глядзеў па тэлебачанні, як аздараўляюцца іншыя людзі. Найбольш блізкай для сябе палічыў сістэму Парфірыя Іванова “Дзетка”.

Даведка “РГ”. Парфірый Карнеевіч Іваноў – стваральнік аздараўленчай сістэмы “Дзетка”. Яго 12 парадаў прадстаўляюць комплекс мерапрыемстваў, якія дазваляюць уключыць засцерагальныя сілы арганізма.

Свой лад жыцця Іосіф Іосіфавіч нікому не навязвае, ды і героем публікацыі не вельмі хацеў быць: “Кожны для сябе вырашае сам. Я, напрыклад, не куру, але і аскетам назваць сябе не магу. Такі лад жыцця мне падыходзіць. Тым больш што ранішнія акунанні займаюць хвілін 15, не больш. Я ўжо шмат гадоў не хварэю, хіба што насмарк які калі-нікалі здарыцца. А мае дзеці не абліваюцца – ні сын, ні дачка”.

За амаль 30 гадоў ранішніх абліванняў жадання кінуць гэта ўсё ў Іосіфа Іосіфавіча не ўзнікала – гэта яго жыццё, а не разавая акцыя. Хаця адзначае, што жаданне і моцны характар для гэтага трэба мець.

Людзям, якія хацелі б аздараўляцца такім спосабам, ён раіць пачаць купацца ці аблівацца ўсё ж не зімой, а летам ці восенню, калі цяплей.

Па словах Іосіфа Іваноўскага, ён не адзін у Вілейцы практыкуе зімовыя купанні. Некаторых суседзяў таксама бачыў на Віліі. Напрыклад, Аляксея Дзяругу, які жыве вышэй па рацэ, Міхаіла Батурына. Ведае, што на Салдацкім возеры робяць палонку для купання.

Усе гэтыя людзі не ўваходзяць у якую-небудзь спецыяльную арганізацыю – у кожнага свой рэжым дня, свой графік, свая работа. Але яны ведаюць адзін пра аднаго. Напэўна, гэта ўсё ж аб’ядноўвае іх. І маральна падтрымлівае тых, хто сумняваецца, ці варта працягваць.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.