Соф’я Васільеўна Дварэцкая, старэйшая жыхарка Радашкавіцкага сельсавета, адсвяткавала свой стогадовы дзень нараджэння ў чацвер, 6 студзеня.

У гэты дзень павіншаваць доўгажыхарку ў вёску Вазгелы прыехалі супрацоўнікі Радашкавіцкага сацыяльнага пункта Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У касцюме Снягурачкі прыйшла інспектар па асноўнай дзейнасці Наталля Чачора, а ў Дзеда Мароза перапранулася спецыяліст па сацыяльнай рабоце Анжэла Лях. Да прыемных слоў дзяўчаты прыклалі падарункі – ад сацыяльнага цэнтра.

Злева направа: спецыяліст па сацыяльнай рабоце вышэй названага цэнтра Анжэла Лях (у ролі Дзеда Мароза), юбілярка Соф’я Дварэцкая, інспектар па асноўнай дзейнасці Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Чачора (Снягурачка), дачка юбілярки Яўгенія Рамашкевіч.

 

Ушанаваць юбілярку прыехала з падарункам і старшыня Радашкавіцкага сельскага савета Наталля Шастак.

Пасля ўрачыстай часткі Соф’я Дварэцкая запрасіла ўсіх за стол:

− Бачыце, за свае сто гадоў п’ю стоячы.

Соф’я Васільеўна нарадзілася на Маладзечаншчыне, ў вёсцы Дзюблеўшчына ў сялянскай сям’і Васіля і Марыі Палянскіх.  Сям’я жыла проста, працавала на пані  Баркоўскую, пра якую жанчына і сёння гаворыць з цеплынёй.

Любіць ўспамінаць і свайго ўхажора, які так і не стаў мужам. А ўсё таму, што дзяўчыне наздвычай спадабалася, як моляцца ў касцёле. Таму вырашыла, што замуж пойдзе толькі за католіка. Яна нават у 80 гадоў па нядзелях прыбіралася, абувала туфлі на невялікім абцасе і ішла шэсць кіламетраў да Радашкавіцкага касцёла.

Прыйшоў сватацца да 25-гадовай дзяўчыны Казімір Дварэцкі, хлопец з суседняй вёскі. Быў ён добрым хлопцам і да таго ж каталіком. Соф’я пагадзілася высці за яго замуж і паехала ў вёску Валодзькі, у дом мужа і яго брата.

−А перад тым, як адпусціць мяне, − ўзгадвае юбілярка, − татка даў наказ, што рабіць, каб добра і доўга жыць: цяжкога не падымаць, на мужа не сварыцца і ніколі не нервавацца. Вось я так і жыла. І дажыла, бачыце, да ста гадоў.

Разам з мужам жанчына падняла на ногі пяцёра дзяцей: Віктара, Станіслава, Анатоля, Яўгенію і Вячаслава. Анатоль жыве ў Вязыні, астатнія – у Мінску. Даглядае матулю адзіная дачка Яўгенія.

Соф’я і Казімір усё жыццё працавалі на зямлі. Спачатку на сваёй, а потым на калгаснай.

Давялося жонцы праводзіць мужа і на Вялікую Айчынную вайну. У армію збіралі двойчы. Першы раз набіралі ў Чырвоную армію. Казімір быў каталіком, таму яго, па словах Соф’і Васільеўны, не прынялі. Усе, хто апынуўся ў тым наборы, назад не вярнуўся. А Казімір служыў у Войску Польскім. Быў паранены, але застаўся жывы і яшчэ гасцінцаў прынёс з вайны.

Па словах дачкі Яўгеніі, яе маці так доўга пражыла таксама і таму, што мужам быў менавіта Казімір:

− Такіх людзей цяпер няма, − са шкадаваннем гаворыць жанчына. − Ён заўсёды быў настолькі добры, разумны, мудры. З такім чалавекам жыць − адна радасць.

Яўгенія Рамашкевіч, якая ўжо выйшла на пенсію, гаворыць, што ў жыцці ёй заўсёды дапамагала навука бацькоў. А маці найбольшую ўвагу надзяляла рэлігійнаму выхаванню. Таму што калі чалавек жыве з богам, то ад яго не можа ісці зло. Нават цяпер Соф’я Васільеўна заўсёды пытаецца ў 30-гадовых унукаў, ці не забыліся яны памаліцца на ноч.

Сярод цяжкой працы Соф’я Васільеўна знаходзіла час праявіцца творчасці. Яна была майстрыхай у ткацтве кроснаў. Сама састаўляла ўзоры, і выходзіла так ладна, як ні ў каго. Па сённяшні дзень уся радня ўспамінае, як жанчына напякла смачных пірагоў на сваё 90-годдзе, дзесяць гадоў таму. Кажуць, цяпер такіх не купіш.

Дачцэ даводзіцца ў многім дапамагаць маці, але тая на сваіх нагах, добра бачыць і чуе. Да таго ж стагадовай бабулі не трэба наведваць стаматолага. Аднойчы ёй балелі зубы. Адна цыганка загаварыла некалькі кавалкаў цукру і сказала, каб жанчына іх з’ела, бо тады і зубы будуць моцныя, і сама да старасці дажыве.

− Безумоўна, гэта цяжка – даглядаць старога чалавека, − адзначае Яўгенія Рамашкевіч. – Але ўявіце, як гэта прыемна, калі вяртаешся дадому, а маці сядзіць у вакне і чакае цябе. Так, як ёй, я ўжо нікому не патрэбная.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.