Зімой у траўматолагаў і хірургаў больш работы – з пераломамі, вывіхамі і расцяжэннем людзі звяртаюцца і ў паліклініку, і ў прыёмны пакой бальніцы, і “Хуткую дапамогу” выклікаюць.

Пацыентамі становяцца найперш жанчыны – у мужчын фізіялагічна шкілет больш трывалы. Асабліва схільныя да пераломаў, – расказаў загадчык хірургічнага аддзялення паліклінікі ЦРБ Сяргей Фалько, жанчыны ва ўзросце пасля 50 гадоў. “Трываласць касцей залежыць ад гарманальнага фону. У жанчын ён змяняецца. А пасля 50 гадоў ім неабходна прымаць прэпараты кальцыю – адна дыета не дапаможа кампенсаваць дэфіцыт гэтага элементу ў арганізме”, – патлумачыў ён у інтэрв’ю “РГ”.

Медыкі ўсяго свету рэкамендуюць жанчынам пасля 50 гадоў прымаць кальцый для прафілактыкі астэапарозу. Хаця яшчэ гадоў 10 таму гэтаму не надавалі такой увагі.

Даведка “РГ”. Астэапароз – захворванне, пры якім зніжаецца шчыльнасць і трываласць усіх касцей шкілета, што прыводзіць да высокай рызыкі пераломаў нават пры мінімальнай траўме, напрыклад, падзенне з вышыні ўласнага росту.

Для жанчын такога ўзросту тыповая ў галалёд траўма – пералом прамянёвай косці або перадплечча: спрацоўвае абарончы рэфлекс, і чалавек прызямляецца на рукі.

Яшчэ адна група пацыентаў траўматолагаў – дзяўчаты, якія носяць абутак на высокіх абцасах. Таму дактары раяць на галалёд падбіраць практычны абутак на невысокім абцасе. На слізкай дарозе і без “шпількі” ўтрымацца цяжка.

Часта трапляюць да дактароў дзеці і падлеткі, якія рызыкоўна катаюцца з горак. “Катацца трэба на санках ці такіх пластмасавых падстаўках з ручкамі, а не на кардонках і цэлафане. Іначай можна траўмаваць копчык, пазваночнік, нават пашкодзіць спінны мозг, функцыі тазавых органаў і застацца інвалідам на ўсё жыццё. У нашым раёне такіх выпадкаў не было. А ўвогуле па Беларусі яны, на жаль, нярэдкія”, – расказаў Сяргей Фалько.

Катаючыся, траўмуюцца не толькі падлеткі. Нядаўна жанчына з катка патрапіла ў траўматалагічнае аддзяленне бальніцы з пераломам галёнкі: шчыкалатку сучасныя канькі фіксуюць добра, таму косць пацярпела вышэй.

Летась маладзечанец гадоў 30, едучы з гары на санках, урэзаўся ў дрэва. Атрымаў пералом галёнкі – паўгода лячыўся. Праўда, быў ён п’яны і важыў кілаграмаў 100-110.

Дарэчы, ледзь не палову зваротаў да медыкаў складаюць выпадкі, калі пацыент у момант атрымання траўмы быў нецвярозы. “Нашы людзі не берагуць сябе, – адзначыў Сяргей Фалько. – Бывае, што толькі праз тры-чатыры дні пасля атрымання траўмы выклікаюць “Хуткую”. Прытым, што нага ці рука зламаная і яўна выгнулася”.

Найбольш цяжкія траўмы атрымоўваюць удзельнікі дарожна-транспартных здарэнняў: зімой цямнее рана, на слізкай дарозе тармазны шлях значна даўжэйшы.

Парады доктара

  • падчас галалёду без пільнай неабходнасці не выходзьце на вуліцу. Памятайце, што любы пералом – гэта непрацаздольнасць на некалькі месяцаў, а то і інваліднасць;
  • тым больш не выходзьце на вуліцу ў нецвярозым стане: у п’янага чалавека парушана каардынацыя, ён не кантралюе ні свае ўчынкі, ні іх наступствы;
  • пераходзячы дарогу, будзьце яшчэ больш асцярожныя, чым вясной і летам;
  • выбірайце зручны абутак на невысокім абцасе;
  • атрымаўшы траўму, прыкладзіце да пашкоджанага месца лёд ці бутэльку з халоднай вадой і накладзіце тугую павязку. Калі на працягу шасці-дванаццаці гадзін не стане лепш, звяртайцеся да доктара – у паліклініку ці прыёмны пакой бальніцы;
  • калі ў месцы траўмы косці дэфармаваныя, відавочна ёсць ацёк, гематома, вы не можаце ўзяць лёгкі прадмет у пашкоджаную руку ці ступіць на пашкоджаную нагу, адразу звяртайцеся да доктара.

Святлана ЦІШКО.