Перад аб’яднанай маладзечанска-чысцінскай футбольнай камандай пастаўленая задача выхаду ў першую лігу. Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” 27 студзеня заявіў начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Мікалай Шрымф.

Мікалай Шрымф агучыў рашэнні кіраўніцтва раёна па маладзечанскім футболе, якія прынятыя канчаткова. Акрамя задачы выхаду ў першую лігу, на сённяшні дзень дакладна вядома, што галоўным трэнерам каманды прызначаны Аляксандр Гармаза. Пасаду трэнера зойме былы настаўнік “Забудовы-2007” Дзяніс Мятліцкі.

Генеральным спонсарам створанага клуба будзе чысцінскае прадпрыемства “Забудова”.

Дагэтуль абмяркоўваецца цэлы шэраг пытанняў. Па словах Мікалая Шрымфа, цяпер узгадняецца з федэрацыяй футбола назва клуба. Ёсць два варыянты: ФК “Забудова-Маладзечна” і ФК “Маладзечна-Забудова”. Колеры клуба павінны застацца традыцыйнымі маладзечанскімі – зялёна-белымі, але, магчыма, чысцінскія чорна-чырвоныя колеры таксама будуць запатрабаваныя.

Акрамя Аляксандра Гармазы і Дзяніса Мятліцкага, з камандай будуць працаваць былы трэнер ФК “Маладзечна” Віталь Казяк і былы начальнік “Забудовы-2007” Мікалай Мятліцкі. Штатны расклад пакуль не зацверджаны, таму невядома, якія пасады кожны з іх зойме. Але новаму клубу патрэбны і начальнік, і адміністратар каманды.

Мікалай Шрымф паведаміў таксама, што ёсць прапановы па спансіраванні клуба.

– Мы нікога не абавязваем і не просім даваць грошы. Спонсары знайшліся самі і самі прапаноўваюць сваю падтрымку. Але я пакуль не буду спяшацца называць гэтых спонсараў, – сказаў начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама.

Тым часам, аб’яднаная каманда працягвае падрыхтоўку да новага сезона. Чатыры трэніроўкі на тыдзень футбалісты цяпер праводзяць у спартыўнай зале завода металічных канструкцый і двойчы трэніруюцца на свежым паветры.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Калажы rh.by.