Пракуратура раёна пасля праведзенай праверкі прыняла рашэнне ўзбудзіць крымінальную справу супраць 23-гадовага жыхара вёскі Рускае Сяло Нароцкага сельсавета, які ў гэтай вёсцы 12 студзеня пагражаў участковаму міліцыянеру заведзенай бензапілой.

Следчы следчага аддзела пракуратуры Мінскай вобласці па Вілейскім раёне Раман Фядуцік паведаміў “РГ”, што справа ўзбуджаная па 364 артыкуле Крымінальнага кодэкса – “Насілле альбо пагроза прымянення насілля ў адносінах да работніка міліцыі”.

Калі расследаванне скончыцца судом, абвінавачанаму пагражае арышт на тэрмін ад трох да шасці месяцаў альбо абмежаванне свабоды на тэрмін да пяці гадоў, ці зняволенне тэрмінам да шасці гадоў.

Цяпер у віну жыхару Рускага Сяла ставіцца і пагроза прымянення насілля, і насілле ў адносінах да работніка міліцыі, таму што, калі ўчастковы вырываў у яго з рук бензапілу, бузацёр супраціўляўся і спрабаваў зваліць з ног міліцыянера, расказаў Раман Фядуцік.

Сяргей ЗЯНЬКО.