Быў канец кастрычніка. Практычна ўсе дрэвы стаялі голыя. Апалае лісце рознакаляровым дываном пакрывала зямлю.

Мы падняліся на паляўнічую вышку і чакалі пачатку загону. Раптам ззаду зашапацела, быццам бы хтосьці асцярожна да нас падыходзіў. Азірнуўся, нікога не заўважыў. Але гук праз некалькі хвілін паўтарыўся зноў. Тады я стаў уважліва сачыць за месцам, адкуль перыядычна даносіўся шолах, і ўбачыў вожыка. Ён сядзеў за метраў 15 ад мяне і капаўся ў лістах, штосьці шукаў.

Вожык сярод восеньскай лістоты. Хутка спячка.

Хутка і асцярожна спусціўся з вышкі, узяўшы з сабой фотаапарат са штатывам. Нячутна падышоў да вожыка на метраў сем. Гэтай адлегласці мне было дастаткова, каб зрабіць добры фотаздымак.

Назіраючы праз фотааб’ектыў, я бачыў, як у посцілцы лістоў пад напалову разбураным пнём вожыку ўдалося знайсці даволі вялікую лічынку нейкага караеда і, смачна чаўкаючы, з’есці. Жывёліна так шырока раскрывала свой рот, што бачныя былі нават верхнія зубы.

Вожык, знайшоўшы лічынку, так смачна чаўкаў, што былі бачныя нават яго пярэднія зубкі.

Восенню вожыкі робяцца сапраўднымі абжорамі. За тры-чатыры тыдні да залягання ў зімовую спячку здольныя падвоіць вагу. Дзеля гэтага яны харчуюцца сваім любімым ласункам – смаўжамі, слімакамі, дажджавымі чарвякамі, малюскамі, якія садзейнічаюць накапленню тлушчавай праслойкі. Менавіта яна дазваляе спакойна правесці зімоўку пад каранямі вывернутага дрэва або ў трухлявым пні.

Аднойчы мне прыйшлося назіраць, як зімой у час вялікай адлігі вожык выбраўся на гравійную дарогу, расчышчаную грэйдэрам. Па абодва яе бакі былі высокія і крутыя абочыны са снегу. Вожык стараўся залезці на іх, каб зноў трапіць у лес. Але ў яго гэта ніяк не атрымлівалася. Падняўшыся да сярэдзіны снежнага адвалу, ён скочваўся назад. Так працягвалася шмат разоў.

Я выйшаў з машыны, узяў жывёліну на рукі і, перайшоўшы перашкоду, занёс пад вялікую і густую елку, дзе ўжо практычна не было снегу.

У прыродзе вожыкі – карысныя жывёлы, яны знішчаюць мноства шкоднікаў лесу, саду і агарода. Раз у год, у ліпені, яны нараджаюць дзетак. Месяц малыя, а іх звычайна бывае ад трох да васьмі, знаходзяцца ў гняздзе. Маці іх корміць, лежачы на спіне.

Самастойнае жыццё ў патомства пачынаецца з восені. Акрамя насякомых, у ежу вожыкі могуць ужываць іншую дробную жыўнасць: жаб, мышападобных грызуноў, сакавітыя плады і ягады, невялікіх змей, у тым ліку і ядавітых, паколькі да яду яны малаадчувальныя.

Летам вожыкі часта трапляюць пад колы машын. А усё ад таго, што вельмі любяць збіраць уздоўж аўтамабільных дарог загінуўшых ад удару аб машыны насякомых альбо чарвякоў, што выпаўзаюць на асфальт.

Малады вожык летам.

Вожыкі добра пераносяць няволю. Яны самі знойдуць ціхі куточак пад шафай альбо канапай, нацягаюць туды ануч ці паперы, якія спатрэбяцца для абуладкавання гнязда.

Завёўшы такога гадаванца, вам прыйдзецца змірыцца з тым, што з наступленнем цемнаты звярок будзе пастаянна абходзіць свае ўладанні і ўначы вы пачуеце тупат яго маленькіх, кароткіх ножак.

А мой вожык даследаваў паляну, падышоў ушчыльную да мяне, абнюхаў насок бота разам са стойкай штатыва і, не знайшоўшы нічога цікавага, знік у пошуках ежы, смешна пабліскваючы босымі пяткамі.

Віктар КАЗЛОЎСКІ.

Фота Віктара КАЗЛОЎСКАГА.