Узровень захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі за тыдзень павысіўся больш чым на 20%. Пра гэта ў сваім прэс-рэлізе 28 студзеня паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

За 17-23 студзеня ў 18 кантрольных гарадах, у лік якіх уваходзіць і Маладзечна, зарэгістравана каля 1352 выпадкаў ВРІ на 100 тысяч насельніцтва. Гэта вышэй, чым на папярэднім тыдні на 20,4%, што “сведчыць аб пачатку сезоннага эпідэмічнага пад’ёму”. У структуры захварэўшых пераважаюць дзеці і падлеткі – 61%.

Разліковыя паказчыкі захваральнасці ВРІ перавышаныя ў пяці кантрольных гарадах – Баранавічах, Воршы, Магілёве, Мазыры і Гомелі. Па стане на 27 студзеня адмянілі заняткі ў шасці школах Аршанскага, адной Талачынскага раёнаў і ў адной у Лідзе.

У структуры інфекцый пераважаюць адэнавірусы – 38,1%, рыніта-сентыцыяльныя вірусы – 21,4%, парагрып – 17,9%, змешаныя інфекцыі – 14,3%. Вірусы грыпу А і В вызначылі ў 8,3%.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, паведамляе Міністэрства аховы здароўя Беларусі, за другі каляндарны тыдзень з 38 краін, якія прадставілі звескті, у 20 адзначаны рост зваротаў за медыцынскай дапамогай у сувязі з ВРІ. У большасці краін у цыркуляцыі вірусаў дамінуюць пандэмічны вірус грыпу А (H1N1)–2009 і грыпу В.

Аддзел інфармацыі.