На наступным тыдні ў басейне школы-інтэрната для дзяцей, хворых на скаліёз, пачнуць праводзіць заняткі з выхаванцамі ўстановы. А ў аздараўленчым блоку ўжо вядуцца лячэбныя працэдуры.

У новым басейне вада ўжо чакае дзяцей.

Яшчэ паўгода таму тут ва ўсю працавалі будаўнікі. Фота зроблена 21 ліпеня 2010 года.

У масажным кабінеце.

Кабінет стаматолага.

Плаванне – гэта адна з асноўных працэдур, якая ўваходзіць у комплекс мерапрыемстваў, неабходных для лячэння скаліёзу. Сёння ў школе-інтэрнаце каля 200 дзяцей з усёй вобласці з 1, 2 і 3 ступенямі захворвання на скаліёз.

Аб’ект “аздараўленчы блок з басейнам” быў здадзены ў апошні дзень 2010 года. Будаўнікі выканалі работу ў тэрмін, справіліся крыху больш за год, затраціўшы каля 10 мільярдаў рублёў.

Прычым паспелі не толькі зрабіць будынак, але і добраўпарадкаваць тэрыторыю. Пад снегам ляжыць плітка, усталяваныя кветнікі.

— Нават проста знаходзіцца ў новым блоку прыемна, — гаворыць дырэктар школы-інтэрната Уладзімір Ляговіч.Эстэтычнае афармленне таксама выхоўвае дзяцей. Тут ярка, шмат колераў: бэзавы, жоўты, салатавы. Але не кідка, з густам, усё старанна падабрана.

Па планах дырэктара, басейн глыбінёй ад 80 см да 1,2 метра будзе прыносіць установе прыбытак. У час, вольны ад наведвання выхаванцамі, можна будзе аказваць платныя паслугі па карыстанні басейнам для гараджан, у першую чаргу – для дзяцей.

На першым паверсе, акрамя басейна, размешчаны ізалятар, душавыя, санітарныя пакоі. А на другім знаходзяцца кабінеты дактароў: стаматолага, неўролага, фізіятэрапеўта, артапеда. Уладкаваныя памяшканні для ЛФК і масажу.

Цяпер школа-інтэрнат мае тры блокі: вучэбны, спальны і аздараўленчы. Са з’яўленнем апошняга спатрэбілася павялічыць колькасць персаналу больш чым на дзесяць спецыялістаў: медсястру, інструктара па плаванні, вартаўнікоў, прыбіральшчыц. Хаця работнікаў набралі яшчэ ў снежні, і цяпер да дырэктара прыходзяць з просьбай уладкавацца на працу. А кабінеты, што займалі спецыялісты, якія цяпер пераехалі ў новы блок, вызваліся.

Таму знайшліся асобныя памяшканні для лялечнага тэатра пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Анастасіі Ралавец,  эстраднай студыі “Асоль” пад кіраўніцтвам Вольгі Паўловіч, гуртка “Агняборац”, памочніка выхавальніцы Таццяны Мігуры, месца для этнаграфічнага кутка.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.