Пераможцамі і прызёрамі абласных прадметных алімпіяд сталі школьнікі нашага рэгіёна.

На рахунку вучняў з Маладзечна і раёна пакуль што 31 дыплом першай, другой і трэцяй ступеняў. Раміла Іванова з гімназіі №10 паказала найлепшыя веды па нямецкай мове. Дыплом першай ступені алімпіяды па французскай мове атрымала Валерыя Максімовіч з гімназіі №3. Кацярына Мядзведзева з гімназіі №7 перамагла ў алімпіядзе па рускай мове. Лізавета Дуровіч з гэтай жа навучальнай установы – у алімпіядзе па хіміі. Летась дзяўчына заняла трэцяе месца ў міжнароднай алімпіядзе ў Японіі. Арцём Нікіценкаў з гімназіі №6 атрымаў дыплом першай ступені ў алімпіядзе па грамадазнаўстве. Аліна Гапановіч (СШ №4) і Андрэй Ліхтаровіч (гімназія №7) – у алімпіядзе па біялогіі.

Паспяховым для вучняў Ашмянскага раёна быў удзел у алімпіядах па хіміі, біялогіі, рускай і беларускай мовах, грамадазнаўстве, працоўным навучанні. На падрыхтоўчыя зборы перад рэспубліканскім этапам запрошаныя Алёна Буткевіч з СШ №3, Арцём Лугін і Ірына Пальчэўская з Гальшанскай гімназіі.

Цудоўныя веды на алімпіядах па фізіцы, рускай і нямецкай мовах паказалі вучні Мядзельшчыны. Юлія Грышкевіч з гімназіі №1 горада Мядзела пераўзышла сваіх аднагодкаў у веданні беларускай мовы – дыплом першай ступені. Яна таксама атрымала запрашэнне на падрыхтоўчыя зборы.

Смаргонскія школьнікі атрымалі два дзесяткі дыпломаў першай-трэцяй ступеняў па васьмі прадметах. Ёсць сярод іх і два пераможцы – Юлія Качаноўская з гімназіі №4 (нямецкая мова) і Аляксей Жалдыбін з СШ №5 (грамадазнаўства).

Пяць дыпломаў (адзін з іх – першай ступені) і адзін пахвальны ліст (не хапіла некалькі сотых бала да дыплома трэцяй ступені па інфарматыцы) – у вучняў з Астравецкага раёна.

Валожынцы паказалі выдатныя веды па працоўным навучанні, біялогіі, матэматыцы, рускай і беларускай мовах (дыплом першай ступені).

Пераможцы абласных алімпіяд з нашага рэгіёна*:

*прамежкавыя вынікі – калі газета рыхтавалася да друку, яшчэ не былі вядомыя вынікі ўсіх алімпіяд.

Вынікі алімпіяд па іспанскай, англійскай мовах, гісторыі і геаграфіі, якія завершацца 4 лютага, чытайце ў наступным нумары.

Святлана ЦІШКО.