Дзеля чаго існуе шлюбны дагавор, ці часта яго заключаюць нашы землякі, у якіх жыццёвых сітуацыях ён можа дапамагчы — пра гэта расказвае маладзечанскі натарыус Зоя Каліноўская.

Уступаючы ў шлюб, маладыя менш за ўсё думаюць аб разводзе. Але пасля вяселля надыходзяць сямейныя будні, а разам з імі і расчараванне. Людзі, якія яшчэ два-тры гады таму моцна кахалі, не могуць падзяліць не толькі сумесную кватэру, але і падарункі, якія дарылі адзін аднаму.

Зоя Каліноўская, загадчыца дзяржаўнай натарыяльнай канторы №2 Маладзечанскага раёна. Закончыла юрыдычны факультэт БДУ, працавала ў судах Валожынскага і Маладзечанскага раёнаў. З 1993 года працуе ў дзяржаўнай натарыяльнай канторы №2 Маладзечанскага раёна.


Як засцерагчыся ад разносу маёмасці падчас разводу пры дапамозе шлюбнага дагавора, расказвае загадчыца дзяржаўнай натарыяльнай канторы №2 Маладзечанскага раёна Зоя Каліноўская.

Што гэта такое — шлюбны дагавор?

— Можна сказаць так: узгоднены рэжым размеркавання маёмасці паміж мужам і жонкай. Згодна з артыкулам 13 Кодэкса аб шлюбе і сям’і, яго могуць заключыць муж і жонка альбо асобы, што толькі збіраюцца ажаніцца.

У артыкуле пералічаныя мэты, якімі павінны кіравацца пры яго заключэнні. Сярод іх – умацаванне шлюбу і сям’і, усведамленне сваіх правоў і абавязкаў, адказнасць за дзяцей і адзін за аднаго.

Значыць, гэта не толькі дакумент, які можа аблегчыць дзяльбу маёмасці падчас разводу?

— Безумоўна. Але развод – гэта заўсёды цяжка. Калі яшчэ паміж былой парай няма паразумення ў пытаннях падзелу маёмасці і даводзіцца звяртацца ў суд…

У шлюбным дагаворы муж і жонка могуць вызначыць лёс сумесна набытай маёмасці і маёмасці кожнага з іх. Могуць нават падзяліць тое, чаго пакуль няма. Напрыклад, пара збіраецца ў будучым набыць аўтамабіль. Яго таксама можна ўключыць у дагавор.

У такім выпадку трэба ўстанавіць парадак падзелу маёмасці. Можа быць такі прынцып: банкаўскія ўклады і рухомая маёмасць пераходзяць мужу, а нерухомасць – жонцы. Пры жаданні можаце ўключыць пункт, каму застануцца падарункі, хто будзе даглядаць хатнюю жывёлу.

І калі пара ўсё ж вырашыць, што ім лепш развесціся, гэты працэс будзе менш балючым і зацягнутым. Як толькі справа дойдзе да суда, падзел адбудзецца згодна з умовамі шлюбнага дагавора.

Неабходна мець на ўвазе, што прадметам шлюбнага дагавора не можа быць маёмасць, набытая мужам ці жонкай да шлюбу, а таксама атрыманая як дар ці як спадчына.

А што больш танна: размяркоўваць маёмасць з дапамогай суда ці выкарыстаць дапамогу натарыуса?

— За натарыяльнае засведчанне шлюбнага дагавора трэба заплаціць дзяржаўную пошліну – тры базавыя велічыні (зараз гэта каля 100 тысяч рублёў). Аплачваецца таксама тарыф за аказанне дадатковай платнай паслугі. У гэтую паслугу ўключана натарыяльная кансультацыя – каля 8 тысяч рублёў і складанне і друк дакументаў – каля 12 тысяч  рублёў.

Значыць, вы заплаціце крыху больш за сто тысяч. У выпадку падзелу праз суд з вас патрабуецца пяць працэнтаў ад сумы ўсёй маёмасці, што падпала пад судовыя спрэчкі.

Да таго ж вы можаце ўнесці любыя змены ці дапоўніць у любы час да скасавання шлюбу. За засведчанне такога пагаднення аплачваецца дзяржаўная пошліна ў памеры дзвюх базавых велічынь.

— А ці можна ў шлюбным дагаворы абгаварыць, напрыклад, такую ўмову: муж абавязаны выносіць праз дзень смецце, за што жонка пускае яго па пятніцах у більярд?

Карысна акрэсліць матэрыяльныя абавязкі ў дачыненні сваёй другой паловы, метады выхавання дзяцей, матэрыяльнае забеспячэнне і месца іх жыхарства, парадак адносін у выпадку разводу.

Муж і жонка могуць не толькі вызначыць лёс нерухомасці, але і вызначыць свае правы і абавязкі па размеркаванні сямейных выдаткаў: на харчаванне, адзенне, жыллё, расходы на арганізацыю адпачынку.

Умовы, якія датычацца паводзін мужа і жонкі ў асабістым і бытавым жыцці, напрыклад, не злоўжываць алкаголем ці выносіць смецце, ператвараюць гэтую частку дагавора ў нікчэмнае пагадненне. Выкананне такіх умоў праверыць немагчыма. Вы ж не будзеце фатаграфаваць, як выносіце смецце, і збіраць чэкі з більярда.

Прадугледзець санкцыі ў выпадку шлюбнай здрады таксама немагчыма?

Можна паставіць умову, згодна з якой ініцыятар разводу атрымлівае меншую долю маёмасці. Пры гэтым удакладніць прычыну: здрада, злоўжыванне алкаголем. Іншая справа, ці зможаце вы даказаць вінаватасць.

Калі шлюбны дагавор пачалі практыкаваць ў вашай натарыяльнай канторы?

— Наогул, дагаворны рэжым размеркавання маёмасці мужа і жонкі – навінка ў беларускім заканадаўстве і ў многім вызначыўся са з’яўленнем інстытута шлюбнага дагавора. Гэта адбылося пасля ўступлення ў сілу ў 1999 годзе Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Кодэкса аб шлюбе і сям’і.

Упершыню ў нашай натарыяльнай канторы такі від паслугі быў аказаны ў 2006 годзе. А за мінулы год ім скарысталіся толькі тры шлюбныя пары.

А ці былі ў вашай практыцы кур’ёзныя выпадкі, звязаныя з гэтым відам паслугі?

— Аднойчы да нас прыйшоў малады чалавек, які збіраўся ажаніцца. Яму нехта параіў скласці шлюбны дагавор. Ён уважліва слухаў кансультанта, але калі натарыус прапанаваў прыйсці ў наступны раз са сваёй нявестай, вельмі здзівіўся. Яму здавалася, што можна падзяліць маёмасць і без будучай жонкі. Больш ён не прыходзіў.

Шлюбны дагавор таму і мае законную сілу, што з умовамі пагадзіліся абое.

Хто часцей заключае шлюбны дагавор?

— На жаль, амаль заўсёды тыя пары, у якіх адносіны на стадыі разводу. Альбо дастаткова заможныя людзі, каб у будучым засцерагчы сябе ад матэрыяльных страт.

Але гэты дагавор можа спатрэбіцца, калі вы нават думаць не хочаце аб разводзе. Такая сітуацыя здарылася і ў маёй сям’і. Муж быў у камандзіроўцы, а мне спатрэбілася прадаць наш гараж. Я не змагла гэтага зрабіць, таму што юрыдычна муж мае права на палову таго гаража, і зрабіць такую здзелку без яго дазволу немагчыма. Калі б паміж намі быў заключаны шлюбны дагавор, у якім прапісана, што ў выпадку разводу гараж становіцца маім, ніякіх перашкод для продажу не стаяла б.

Наогул, усяго не прадугледзіш. Таму навучаная і жыццёвым, і прафесійным досведам, я часта кажу: захацеў жаніцца, падумай, як будзеш разводзіцца.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.