Паводле легенды, у трэцім стагоддзі нашай эры ўладны і жорсткі рымскі імператар Клаўдзій II вырашыў, што мужчына без сям’і, жонкі і абавязкаў куды лепш змагаецца ў бітве, і таму забараніў салдатам жаніцца. Святы Валянцін, чыім імем названае свята, быў звычайным святаром, які ўпотай ад усіх, пад полагам ночы асвячаў шлюб закаханых.

Дзень Святога Валянціна

Афіцыйна Дзень усіх закаханых існуе ўжо больш за 16 стагоддзяў. А карані свята сыходзяць глыбока ў мінулае.

Паводле легенды, у трэцім стагоддзі нашай эры ўладны і жорсткі рымскі імператар Клаўдзій II вырашыў, што мужчына без сям’і, жонкі і абавязкаў куды лепш змагаецца ў бітве, і таму забараніў салдатам жаніцца. Святы Валянцін, чыім імем названае свята, быў звычайным святаром, які ўпотай ад усіх, пад полагам ночы асвячаў шлюб закаханых. Неўзабаве “выхадкі” святара сталі вядомыя, і ўлады кінулі яго ў астрог, прысудзіўшы да пакарання смерцю.

У турме Валянцін пазнаёміўся з дачкой наглядчыка – Джуліяй. Перад смерцю закаханы святар напісаў дзяўчыне прызнанне ў каханні – “валянцінку”.

Як хрысціянскі пакутнік, пацярпелы за веру Валянцін быў кананізаваны каталіцкай царквой. А ў 496 годзе рымскі папа Геласіус абвясціў 14 лютага Днём Святога Валянціна.

Салодкі дзень у Германіі

У розных краінах свету гэты дзень святкуюць па-рознаму. У Італіі, напрыклад, свята адзначаюць выключна закаханыя, а сябры і члены сям’і падарункамі не абменьваюцца. У гэты дзень пары наладжваюць рамантычную вячэру ў рэстаране або піцэрыі. 14 лютага называюць “салодкім днём”. З назвы зразумела, што асноўнымі падарункамі з’яўляюцца разнастайныя цукеркі, печыва і шакалад у форме сэрца. Асаблівым попытам карыстаецца “Baci Perugina” – маленькія арэшкі фундуку, пакрытыя шакаладам. У кожнай цукерцы знаходзіцца запіска з выказваннем пра любоў на чатырох мовах свету. Папулярныя таксама ружы, парфума і дыяменты.

У Германіі, па словах майго сябра, 14-га лютага жартам называюць яшчэ і днём кветкавых крам. Бо ні ў адзін іншы дзень года ў іх не бывае такіх прыбыткаў. Падарункі дораць адзін аднаму амаль усе немцы, а тэматычныя тэле- і радыёперадачы не забываюць падаграваць цікавасць да свята.

Англічанка? Устань да ўсходу сонца!

У Англіі незамужнія дзяўчаты 14 лютага ўстаюць да ўсходу сонца і ў чаканні суджанага выглядваюць з акна. Паводле павер’я, першы мужчына, якога яны ўбачаць на вуліцы, і ёсць наканаваны. Папулярнымі падарункамі ў Брытаніі лічацца ласункі ў выглядзе сэрцайкаў, мяккія цацкі, асабліва медзведзяняты Тэдзі, і нязменныя паштоўкі-валянцінкі. Паколькі англічане — народ традыцый, то пасля атрымання прызнанняў у каханні на адзенне прымацоўваюць які-небудзь знак, на якім пішуць імя каханага.

14 лютага ў Галандыі і Францыі

У Галандыі яшчэ цікавей: менавіта 14 лютага не лічыцца ганебным падысці да мужчыны і ветліва прапанаваць яму ажаніцца. Калі гэты жэст не будзе ацэнены, мужчына павінны падарыць даме сукенку, пажадана шаўковую.

У Францыі, у якой да пытанняў кахання заўсёды ставіліся з належнай павагай, Дзень усіх закаханых здаўна быў вельмі ўшанаваным. Традыцыйным падарункам у гэты дзень з’яўляюцца ювелірныя ўпрыгожванні. Асаблівасцю з’яўляецца тое, што гэтае свята не толькі дваіх закаханых, але і ўсіх, каго любяць: бабуляў, дзядуляў, сяброў, знаёмых. Менавіта галантныя французы прэтэндуюць на права лічыцца пачынальнікамі віншавання адзін аднаго такімі папулярнымі сёння “валянцінкамі”.

Для Расіі свята чужое

У краіны Усходняй Еўропы Дзень Святога Валянціна прыйшоў параўнальна нядаўна, у пачатку 1990-х гадоў, і хутка набыў папулярнасць. Аднак нядаўна ў Расіі губернатар Белгарадскай вобласці забараніў адзначаць гэты дзень і нават выдаў спецыяльны дакумент, у якім тлумачыцца, што святкаванне Дня Святога Валянціна і Хэлоўіна супярэчыць рускай культуры.

Дзень Святога Валянціна ў Маладзечне

У нашым рэгіёне Дзень Святога Валянціна адзначаюць. Асабліва маладыя людзі.

У Маладзечне ахвотных браць шлюб менавіта 14 лютага заўсёды больш, чым у звычайныя дні. Лічыцца, што гэта стане залогам вечнага кахання. Але ў гэтым годзе свята выпадае на панядзелак, дзень, у які шлюбы не рэгіструюцца.

Як адзначае начальнік аддзела ЗАГС Маладзечанскага райвыканкама Ніна Бажко, на яе памяці (а працуе яна больш за 20 гадоў) сямейная пара Валянцін і Валянціна ў Маладзечна не рэгістравалася. Не карыстаюцца гэтыя імёны попытам і ў бацькоў. За апошнія два гады маладзечанцы не далі такое імя ніводнаму дзіцяці. Нават хлопчыкаў, якія нарадзіліся 14 лютага, назвалі Глебам і Елісеем.

Наталля СКАРЫНКА, выхаванка клуба юных журналістаў “Маладзік”.

Фотаапытанне «Ці святкуеце вы Дзень Святога Валянціна?«.