Як зрабіць лозунг “купляйце беларускае” жыццяздольным ва ўмовах канкурэнцыі з танным кітайскім таварам? Чаму прадпрымальнікі часта разводзяцца?

Маладзечанскія прадпрымальнікі прапанавалі сустракацца часцей з кіраўнікамі саюза.

Злева направа: старшыня РКП Віктар Маргелаў, старшыня МССПіП Уладзімір Карагін, першы віцэ-старшыня МССПіП Уладзімір Сівуха.


11 лютага адбылася сустрэча прадпрымальнікаў горада з прадстаўнікамі Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў (МССПіП) і Рэспубліканскай канфедэрацыі прад­пры­маль­насці (РКП).
− Грошай у свеце многа. Трэба толькі навучыцца іх браць. А праца нашага саюза можа ў гэтым рэальна дапамагчы, − сказаў старшыня МССПіП Ула­дзімір Карагін.
На сустрэчы абмяркоўваліся падзеі і навіны, якія непасрэдна датычыліся прадпрымальнікаў. Сярод іх − падпісаная 31 снежня 2010 года Дырэктыва №4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, распрацоўка праекта “Нацыянальная платформа бізнесу Беларусі-2011”.
Уладзімір Карагін патлумачыў, што прадпрымальніцтва сёння прыносіць 20% у бюджэт Беларусі. Для таго, каб гэты працэнт пабольшаў, неабходна прадуктыўнае супрацоўніцтва беларускіх бізнесмэнаў з прадстаўнікамі ўлады.
Са свайго боку, улада ідзе насустрач прапановам прадпрымальнікаў. Па-першае, была прынятая Дырэктыва №4, што заканадаўча лібералізуе эканамічныя стасункі ў краіне. Да таго ж, 2011 год аб’яўлены годам прадпрымальнасці, што абяцае сёлета асаблівую ўвагу да праблем гэтай групы насельніцтва.
У выніку бізнесмэны атрымалі некаторую палёгку − напрыклад, для суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці спрошчаны парадак атрымання зямельных участкаў, дзяржаўнае рэгуляванне цэн засталося толькі на прадукцыю арганізацый-манапалістаў і сацыяльна важныя тавары. Але многія выказвалі недавер, што ўсё можа так і застацца на паперы.
На гэта прадстаўнікі МССПіП адказалі, што прадуктыўнасць і Дырэктывы №4, і бізнес-платформы залежыць ад ініцыятыўнасці саміх прадпрымальнікаў. Уладзімір Карагін і старшыня РКП Віктар Маргелаў наладжваюць падобныя сустрэчы ў розных гарадах Беларусі, каб ведаць пажаданні і праблемы бізнесмэнаў.
Маладзечанцы выказвалі заўвагі і па іншых праблемах. У прыватнасці, прадпрымальнікі лічаць, што дзяржаве неабходна зменшыць кошт арэнды на прамысловыя і гандлёвыя памяшканні. З гэтым адразу ж пагадзіўся першы віцэ-старшыня МССПіП Уладзімір Сівуха, бізнесмэн з Маладзечна. Ён прывёў у прыклад немалыя плошчы “Спадарожніка”, цану за якія нямногія прадпрымальнікі могуць асіліць. У выніку памяшканне пустуе.
Адзін з прадпрымальнікаў скардзіўся, што, па  яго словах, ён неаднаразова станавіўся ахвярай дзяржаўных правяраючых, якія выпісвалі штраф за фармальныя нарматывы. Прычына магла быць любой: ня­правільны колер батарэі ці неацынкаваны цвік.
Старшыня РКП Віктар Маргелаў пагадзіўся, што абсурдных сітуацый з праверкамі нікога не здзівіш. І запісаў пажаданне прадпрымальнікаў: каб праверкі былі планавыя, а не знянацку, і самі правяраючыя кансультавалі прадпрымальнікаў, а не каралі за фармальныя парушэнні.
Яшчэ адзін маладзечанец  зразумеў на ўласным прыкладзе, што агітацыйны лозунг “купляйце беларускае” рэалізоўваецца не заўсёды. У прыватнасці, яго прадпрыемства вырабляе тавар, звязаны з электронікай. Але танней завесці вагон кітайскіх аналагаў, чым сертыфікаваць кожны выраб.
Абмяркоўвалася і тэма навучання прадпрымальнікаў. Калі чалавек становіцца бізнесмэнам, ён адразу павінен ведаць не толькі тое, чым канкрэтна будзе займацца, але і заканадаўства, ведаць, якія дакументы павінен весці. Многія штрафы пачынаючыя прадпрымальнікі атрымліваюць з-за няведання.
Уладзімір Карагін падкрэсліў, што такое навучанне абавязковае. І ў бліжэйшым часе ён плануе арганізаваць курсы для прадпрымальнікаў − па бухгалтарскім уліку, англійскай мове, знаёмстве з праграмным забеспячэннем. Спыняюць строгія дзяржаўныя нарматывы, якія не даюць магчымасці адкрыцця навучальнай установы.
Уладзімір Карагін адзначыў, што праца прадпрымальнікаў зусім не простая. Узровень разводаў у сем’ях бізнесмэнаў самы высокі ў параўнанні з прадстаў­нікамі іншых відаў дзейнасці − каля 75%. Таму ў паляпшэнні ўмоў працы прадпрымальнікаў выгада не толькі ў асабістым прыбытку прадпрымальніка і павелічэнні бюджэту краіны.
Прадстаўнікі саюза запісалі ўсе заўвагі прадпрымальнікаў і абяцалі ўлічыць іх у бізнес-платформе, якая будзе прадстаўлена на 12 асамблеі дзелавых колаў Беларусі 2 сакавіка ў Мінску.
Уладзімір Сівуха, які з’яўляецца прадстаўніком МССПіП на Маладзечаншчыне, падкрэсліў, што сходы з прадпрымальнікамі горада будуць ладзіцца штомесяц, кожны раз будзе абмяркоўвацца канкрэтная тэма. А іх нямала.
У прыватнасці − стварэнне кл
астара невялікіх прадпрыемстваў, праца над праектам па падрыхтоўцы да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага ў 2015 годзе, добраўпарадкаванні Нарачанскага краю.
Зоя ХРУЦКАЯ.