Алімпійскія дні моладзі Рэспублікі Беларусь па дзюдо сярод хлопцаў і дзяўчат 1994-1995 гадоў нараджэння прайшлі 13-14 лютага ў Маладзечне. У спаборніцтвах прынялі ўдзел пяць прадстаўнікоў нашага рэгіёна.

За Мінскую вобласць выступаў маладзечанец Ігар Хазікаў, у камандзе Гродзенскай вобласці змагаліся Вольга Нурчынская, Ян Янч, Дзмітры Кругаў і Канстанцін Махнач са Смаргоні.

Першы трэнер Ігара Хазікава і галоўны суддзя спаборніцтваў Вячаслаў Дзеравянка расказаў у інтэрв’ю “РГ”: Ігар бароўся са спартсменам з Магілёўскай вобласці. Хлопцы разам вучацца ў Мінску ў вучылішчы алімпійскага рэзерву і вельмі добра ведаюць адзін аднаго. Маладзечанец саступіў сябру-саперніку ў гэтай схватцы.

Моманты спаборніцтваў.

Па словах трэнера, Хазікаў у паядынку зрабіў істотную памылку. Замест таго, каб “прыбіць” свайго апанента да татамі, ён пачаў “вадзіць” яго і зрабіў гэта дарэмна. Дзеравянка раскрытыкаваў свайго выхаванца, сказаў, што выйграць адзінаборства Ігару было па сілах, а яшчэ наракаў на дастаткова спрэчнае судзейства. Але трэнер падкрэсліў, што Ігар меў усе магчымасці не даць суддзям шансу аддаць перамогу саперніку. Трэба было проста больш адказна паставіцца да гэтай схваткі.

Прызавыя месцы на турніры занялі выхаванцы смаргонскай школы дзюдо, якія выступалі за Гродзенскую вобласць. Пра гэта расказаў нашаму выданню першы трэнер спартсменаў Аляксандр Вахавяк. Паводле яго слоў, трэцімі сталі Ян Янч у вагавай катэгорыі 73 кілаграмы і Дзмітры Кругаў у катэгорыі 60 кілаграмаў. На рахунку смаргонцаў яшчэ два пятыя месцы. Іх занялі Канстанцін Махнач і Вольга Нурчынская.

Ні ў адным з агульнакамандных залікаў Мінская вобласць не трапіла ў тройку прызёраў, Гродзенская ў спаборніцтвах дзяўчат заняла другое месца, саступіўшы мінчанкам-пераможцам усяго адно ачко.

Тройка прызёраў тут размеркавалася наступным чынам:

1 месца – Мінск (31,5 ачка)

2 месца – Гродзенская вобласць (30,5 ачка)

3 месца – Віцебская вобласць (26,5 ачка)

Дзяўчаты з Мінскай вобласці, у якіх не было прадстаўніц нашага рэгіёна, занялі апошняе, сёмае месца.

У спаборніцтвах юнакоў Гродзенская і Мінская вобласці не нашмат адсталі ад прызавой тройкі:

1 месца – Віцебская вобласць (35,5 ачка)

2 месца – Гомельская вобласць (32 ачкі)

3 месца – Мінск (28 ачкоў)

4 месца – Гродзенская вобласць (25,5 ачка)

5 месца – Мінская вобласць (23 ачкі)

Быў таксама падведзены комплексны агульнакамандны залік – агульны вынік спаборніцтваў юнацкіх і дзявочых камандаў:

1 месца – Віцебская вобласць (62 ачкі)

2 месца – Мінск (59,5 ачка)

3 месца – Гомельская вобласць (56,5 ачка)

Гродзенскай вобласці паўачка не хапіла да трэцяга месца. З 56 ачкамі гродзенцы сталі чацвертымі. Мінская вобласць набрала толькі 36 ачкоў і заняла сёмае месца.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.