Упершыню на старонках нашай газеты гэты фотаздымак з’явіўся 19 лютага 2010 года. На той час не знайшлося ніводнага чалавека, які б мог хоць нешта расказаць пра яго гісторыю.

Трэцяга мая 1938 года. Даўгінава. Мясцовае насельніцтва выйшла на парад, прысвечаны Дню Канстытуцыі. Вядзе яго начальнік пажарнай каманды — Юзаф Петражыцкі.

З дапамогай вілейскага краязнаўцы Анатоля Рогача ўстанавілі, што гэта Даўгінава. І што парад, хутчэй за ўсё, прымеркаваны да Дня Канстытуцыі. Ні года ў які ён праходзіў, ні прозвішча хаця б аднаго чалавека на гэтым фота даведацца мы так і не змаглі.

У снежні мінулага года давялося быць у Даўгінаве. У сельвыканкаме параілі зазірнуць у госці да мясцовай жыхаркі Марыі Іванаўны Дубаневіч, якая мае багаты архіў фотаздымкаў. Сярод старых пажоўклых фота даваеннай пары жанчына захоўвала і зроблены падчас параду ў Даўгінаве, які быў дакладнай копіяй таго, што друкавала наша выданне.

“Гэта ж мой бацька вядзе парад”, — паказала яна на польскага афіцэра, які, прыклаўшы руку да брыля фуражкі-канфедэраткі, аддае чэсць старшаму па званні. І тут жа, паглядзеўшы на адваротны бок фотаздымка, дадала: “А было гэта 3 мая 1938 года”.

Юзаф Петражыцкі.

Бацька Марыі Дубаневіч быў начальнікам Даўгінаўскай пажарнай каманды. Пасада гэта была добраахвотная, прыбытку ніякага сям’і не прыносіла. Хіба што прэмію калі-нікалі ўлады давалі. Тым не менш, адносіўся да сваёй грамадскай нагрузкі Петражыцкі сумленна. Па словах яго дачкі Рэгіны Сачыўкі, Даўгінаўская каманда, якую ўзначальваў бацька, была адной з лепшых у акрузе. У час спаборніцтваў, яна абавязкова абыходзіла калег з Крывічоў і Будслава.

З задавальненнем рыхтаваліся пажарныя і да параду з нагоды Дня Канстытуцыі. Дзень трэцяга мая станавіўся ў мястэчку святам. Людзі, апрануўшы самыя лепшыя ўборы, ішлі на яго сем’ямі. Адразу глядзелі, як па цэнтральнай вуліцы маршыруюць строем мужчыны, пасля гулялі, слухалі выступленне аркестра, хадзілі па крамах. Былі сярод іх і дзеці Юзафа Петражыцкага: Марыя, Юзэфа, Рэгіна, Альгерд.

“Сям’я наша была дружная, — успамінае Рэгіна Сачыўка , — і жылі мы нядрэнна. Я б сказала, дружна, весела, у дастатку. Памятаю бацькаў дзень нараджэння. Раніца, я яшчэ ляжу ў ложку. Раптам пад вокнамі раздаюцца гукі аркестра. Гэта калегі з пажарнай каманды прыйшлі павіншаваць яго са святам. Божа, што тварылася ў маёй душы. Нават сёння, калі ўспамінаю той момант, робіцца хораша-хораша”.

На жыццё Юзаф Петражыцкі зарабляў шавецкай справай. У Даўгінаве ў яго была свая майстэрня па пашыве абутку. Насіць боты ад самога Петражыцкага лічылася прэстыжным. Заказчыкі да яго з’язджаліся з усёй акругі. Можа, па словах дачок, браў ён за сваю работу крышку больш за іншых, але тавар быў варты тых грошай.

“У нашага бацькі мелася нават свая пячатка, — расказвае дачка Рэгіна Сачыўка, — ставіў ён яе на падэшве бота пад самым абцасам. Дзіцячая памяць захавала малюнак: вечар, гарыць лямпа, крышку курыць. Бацька трымае над агнём металічную пячатку. Награвае, перш чым паставіць на бот”.

Успомніла жанчына і такі выпадак. Неяк у аднаго чалавека ўкралі боты. Ды не абы якія, у самога Петражыцкага пашытыя. Сталі іх шукаць, і, здаецца, знайшлі. Толькі злодзей не прызнаецца. Мае, кажа, ды і ўсё тут.

Прыйшлі мужчыны на разборкі да шаўца. Рассудзі, маўляў. Паглядзеў Петражыцкі на боты, пазнаў. “Дзе ж гэта твае, — не сунімаецца злодзей. Пячаткі ж на падэшве няма”. Тады і паказаў шавец яшчэ адзін свой фірменны знак, толькі ўжо ў сярэдзіне ботаў.

Па словах дачок, іх бацька быў адукаваным чалавекам. Добра ведаў польскую мову, нямецкую, пісаў на ідышы.  Ён марыў вывучыць дзяцей, даць ім добрую адукацыю, забяспечыць будучыню. Ды не змог.

У чэрвені 1941 года, хутчэй за ўсё 20-га, акурат у гэты час у Даўгінаве быў апошні хапун, Юзафа Петражыцкага арыштавалі. Сям’я так і не даведалася пра лёс мужа і бацькі. Хадзілі чуткі, што яго адразу павялі ў Вілейскую турму, пасля пагналі пешкі ў Барысаў. “Тата быў хворы, — успамінае дачка Рэгіна, — хутчэй за ўсё дарога зусім забрала яго сілы. Да нас дайшлі чуткі, што ён памёр”.

Па словах Марыі і Рэгіны, ім нясоладка прыйшлося ў жыцці. Знаходзіліся “добрыя” людзі, якія час ад часу напаміналі, што яны дочкі “ворага народа”. Толькі ад гэтага яны не сталі любіць свайго бацьку менш!

Марына СЛІЖ.

Фота з архіва “РГ” і забяспечана Марыяй Дубаневіч.