Годам ударнай працы на будаўніцтве Вілейскага вадасховішча быў аб’яўлены 1973-ці. Самым актуальным у гэты час стаў лозунг “Што ты зрабіў сёння?”
А кіраўнікам усіх без выключэння будаўнічых калектываў было дадзена заданне ўзяць на ўлік кожную гадзіну, кожную хвіліну, не ўпускаць час, не ўскладаць надзей на спрыяльныя ўмовы надвор’я. Менавіта ў гэты час будаўнікі сталі выкарыстоўваць бетонны раствор, які не замярзае.
Рэдакцыя “Рэгіянальнай газеты” распачала праект “І стала Вілія морам”, прымеркаваны да 35-годдзя з моманту ўводу ў эксплуатацыю Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Будаўніцтва яе пачалося значна раней, яшчэ ў красавіку 1968 года. І доўжылася восем гадоў.
Першы артыкул праекта апублікаваны 4 лютага.
Далёка чутны рокат матораў. Тэхніка рые катлаван, на месцы якога будзе пабудаваная помпавая станцыя №1 для Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. 1970 год.
Раствор, што не замярзае
“Зімой, калі стаяць моцныя маразы, – расказвае ў адным са сваіх матэрыялаў газета “Мінская праўда”, – нельга класці ў збудаванні бетонны раствор, прыгатаваны з цэменту, гравію і вады. Ён хутка прамярзае і траціць трываласць.
Выйсце ў свой час знайшлі ўкраінскія гідрабудаўнікі. Яны пачалі рыхтаваць раствор з тых жа кампанентаў на аміячнай вадзе, якая не замярзае. Гэты метад прымянілі і віляйчане”. Снежань 1973 года быў марозны. Акурат у гэты час выпала шмат ападкаў. Тым не менш, на ўсіх будаўнічых пляцоўках ішла работа. Заканчваўся год, людзі спяшаліся здаць аб’екты ў тэрмін. У студзені 1974-га кіраўніцтва будоўлі было вымушанае прызнацца, што графікі выканання этапаў работ парушыліся.
“Заданне мінулага года мы выканалі на 111, 8 працэнта, звыш яго асвоілі больш чым 230 тысяч рублёў капітальных укладанняў, – расказваў у інтэрв’ю “Мінскай праўдзе” тагачасны галоўны інжынер УМ-5 Мікалай Шчытнікаў. – І ўсё ж на асобных аб’ектах дапушчанае адставанне: поўнасцю не закончылі будаўніцтва падводнага ўчастка канала, ачыстку дна вадасховішча, хоць гэта трэба было зрабіць летась.
Прычын было нямала. І адна з іх тая, што нашы брыгады, звенні, экіпажы не адказвалі за зрыў тэрмінаў будаўніцтва, не мелі дастатковых стымулаў для павышэння прадукцыйнасці працы, эканоміі матэрыяльных рэсурсаў.
Ліквідаваць гэтыя недахопы ў значнай ступені дазваляе пераход на новую форму гаспадарчага разліку па метадзе брыгаднага падраду, які ажыццявіў у сябе Герой Сацыялістычнай Працы М.А.Злобін. Тут ужо ўсе выканаўцы работ адказваюць за своечасовы ўвод аб’екта ў эксплуатацыю”.
Па Злобінскім метадзе
Злобінскі метад віляйчане вырашылі ўкараніць у сваім упраўленні. Для пачатку ўзялі адну брыгаду, папярэдне разгледзеўшы яе састаў, укамплектаванасць неабходнай тэхнікай. Пасля гэтага правялі сход механізатараў з удзелам прадстаўнікоў партыйнай, прафсаюзнай і камсамольскай арганізацый. На ім паміж брыгадай і адміністрацыяй быў заключаны дагавор. Тут жа брыгада атрымала акордны нарад і іншую тэхнічна-фінансавую дакументацыю.
Для іх быў разлічаны аб’ём работ на 12 месяцаў. Вызначаны фонд заработнай платы. У калектыве, дзе налічвалася 18 чалавек, вырашылі справіцца з планам на два месяцы раней – да першага лістапада.
У сваю чаргу, брыгада атрымала права прад’яўляць гаспадарча-разліковыя прэтэнзіі ўпраўленню, калі па яго віне будуць прастойваць механізмы.
Даведка “РГ”. Мікалай Злобін – савецкі будаўнік, які атрымаў вядомасць як ініцыятар метаду брыгаднага падраду ў жыллёвым будаўніцтве. Упершыню быў прыменены ў 1970 годзе ў Зеленаградзе, дзе брыгада Злобіна ўзводзіла 14-павярховы корпус. Сутнасць эксперыменту заключалася ў тым, што ўсе сродкі выдзяляліся непасрэдна брыгадзе. Гэта дазваляла зэканоміць значную частку грошай і здаць аб’ект раней нарматыўнага тэрміну. У далейшым эксперымент атрымаў шырокую вядомасць і прымяняўся на будаўніцтве іншых аб’ектаў народнай гаспадаркі.
“З першых дзён Злобінскі метад дае станоўчыя вынікі, – гаворыць у інтэрв’ю “Мінскай праўдзе” Мікалай Шчытнікаў. – Механізатары адразу ж адчулі павышаную адказнасць за даручаную справу. Цяпер кожны разумее, што працаваць абыякава нельга, што толькі асабістыя добрасумленныя адносіны да працы вырашаюць поспех усяго калектыву, здачу этапаў работ у вызначаныя тэрміны. І механізатары дабіваюцца высокіх паказчыкаў, выконваюць і перавыконваюць ўстаноўленыя на зіму нормы выпрацоўкі. Да пераводу на Злобінскі метад мы рыхтуем і іншыя калектывы”.
Па матэрыялах Вілейскага краязнаўчага музея артыкул падрыхтавала Марына СЛІЖ.
Фота з архіва Вілейскага краязнаўчага музея.
Яшчэ па тэме: