Марына Тараскевіч не магла не надзець пагоны, гэта ў іх сям’і спадчыннае: мама таксама ў пагранічных войсках, тата – у міліцыі.

Служыць у арміі, лічыць Марына, няцяжка: начальства добрае, а да дысцыпліны яна прывыкла. Спраўляецца не толькі на службе – завочна вучыцца ў БДУ на юрыста. Гэтае 8 Сакавіка для яе першае ў вайсковай часці – летась прапусціла з-за вучобы. Так што свята чакае з цікавасцю.

Восьмага сакавіка ў вайсковай часці 2044, як і ў большасці арганізацый краіны, віншуюць жанчын са святам. Рыхтуюць канцэртную праграму, у падраздзяленнях калегі-мужчыны ўручаюць падарункі, а напярэдадні – рабочы дзень для жанчын скарочаны.

Разам з Марынай у часці служыць шмат прадстаўніц цудоўнага полу. У тым ліку і кінолагамі, якія даглядаюць і выхоўваюць сабак.

 

Святлана Лямзіна тут трэці год – разам са сваёй нямецкай аўчаркай Гучы. “Два гады сама з ім займалася, дома, – успамінае дзяўчына. – Пасля прыйшла ў часць”. Гучы большы за сваю гаспадыню, і вышэйшы, калі стане на заднія лапы, і важыць больш. “Не страшна – ён паслухмяны”, – адзначае Святлана. У сабак ёсць спецыялізацыя – як прафесія ў людзей: адны вартуюць, іншыя парушальнікаў затрымліваюць ці наркатычныя рэчывы шукаюць. Гучы – з універсалаў: можа наркотыкі знаходзіць, можа людзей затрымліваць.

Святлана Лямзіна і Гучы.

Кінолаг Юлія Гайкова паводле адукацыі – педагог. Закончыла індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Працавала і па спецыяльнасці – вучыла дзяцей швейнаму майстэрству. Але ў часці даўно служыў кінолагам яе муж. У 2007 годзе Юлія вырашыла таксама паспрабаваць сябе ў кіналогіі. Цяпер яны саслужыўцы. Юлія займаецца з бельгійскай аўчаркай Кендзі. Працаваць з сабакамі ў нечым лягчэй, чым з людзьмі, лічыць кінолаг. “Яны інакш мысляць і рэдка хітруюць. Хаця Кендзі ўмее гэта рабіць, асабліва калі лянуецца і не хоча працаваць”, – Юлія Гайкова ўсміхаецца, расказваючы пра характар свайго гадаванца.

Юлія Гайкова.

З двума сабакамі – кокер-спаніелем Мэгі і нямецкай аўчаркай Ноэль-Форс – працуе Таццяна Шут. Мэгі яшчэ шчаня, шукаць наркотыкі толькі вучыцца. “Кокер-спаніелі лічацца адной з самых агрэсіўных парод, хаця вялікія сабакі, напрыклад, аўчаркі, больш небяспечныя”, – тлумачыць Таццяна. Але Мэгі і Форс добра мірацца, прывыклі да таго, што гаспадыню, яе ўвагу даводзіцца дзяліць на дваіх. Таццяне дзеля гэтага даводзіцца быць уважлівай і клапатлівай удвайне. Яна частуе сваіх гадаванцаў ласункам адначасова з абедзвюх рук.

Таццяна Шут і кокер-спаніель Мэгі.

Святлана ЦІШКО.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.