Жылы дом згарэў позна вечарам 8 сакавіка ў вёсцы Стайкі Альковіцкага сельсавета на вуліцы Цэнтральнай. Пажарныя разглядаюць дзве версіі ўзнікнення пажару – курэнне 36-гадовага гаспадара дома Сяргея К. і наўмысны падпал.

Інжынер дзяржаўнага пажарнага нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Грыневіч расказаў у інтэрв’ю “РГ”: пра ўзгаранне дома на пульт выратавальнікаў паведамілі суседзі ў 22 гадзіны 54 хвіліны. Яны сказалі, што ў доме можа знаходзіцца гаспадар, які жыве адзін, злоўжывае спіртным і нідзе не працуе. Напярэдадні пажару яго бачылі п’яным.

На месца здарэння выехалі адразу пяць пажарных падраздзяленняў – тры машыны з Вілейскага раёна і дзве – з суседняга Лагойскага. Дом гарэў унутры, пачынаў загарацца дах.

З агнём справіліся ў пяць хвілін на першую гадзіну ночы. На пажарышчы шукалі цела Сяргея, разграбаючы смецце. Не знайшлі. Знайшоўся мужчына толькі раніцай. Па словах Алега Грыневіча, ён быў п’яны і толкам нічога патлумачыць не мог.

Ачаг узгарання, як высветлілі пажарныя, знаходзіўся ў доме недалёка ад уваходных дзвярэй. 

Інжынер дзяржаўнага пажарнага нагляду расказвае: прычынай пажару магло стаць курэнне гаспадара альбо яго наўмысны падпал свайго ж дома. Суседзі сцвярджалі, што мужчына, калі выпіваў, пагражаў падпаліць сваё жыллё. На карысць гэтай версіі гаворыць таксама тое, што прыкладна тры гады таму згарэў хлеў суседа Сяргея, а ў 2009 годзе – хлеў на падворку самога мужчыны.

У абодвух выпадках Сяргей мог мець дачыненне да пажараў. Праверку цяпер праводзіць міліцыя.

Сяргей ЗЯНЬКО.