Міліцыя пасля праведзенай праверкі ўзбудзіла крымінальную справу супраць 31-гадовага жыхара Маладзечанскага раёна. Мужчыну абвінавачваюць у тым, што 4 сакавіка ў адной з вёсак Вілейскага раёна ён нажом у жывот ударыў сваю сужытніцу.

Справа ўзбуджаная па артыкуле “Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання”, расказаў у інтэрв’ю “РГ” намеснік пракурора Вілейскага раёна Вадзім Шукрынаў. Паводле яго слоў, здарэнне адбылося позна вечарам у доме сваякоў пацярпелай.

Сужытнік прыехаў да яе з Маладзечанскага раёна, дзе яны раней жылі разам. Падчас сумеснай п’янкі ўзнікла сварка. Мужчына прыраўнаваў сужытніцу, узяў кухонны нож і ўдарыў яе ў жывот. Потым тым жа нажом спрабаваў сам зарэзацца, але ў яго гэта не атрымалася.

Пацярпелай своечасова была аказаная медыцынская дапамога, яе жыццю нічога не пагражае.

Следства вядзе аддзел папярэдняга расследавання райаддзела міліцыі. За наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання можна атрымаць ад трох да пяці гадоў абмежавання свабоды альбо ад чатырох да васьмі гадоў зняволення.

Сяргей ЗЯНЬКО.