Пасля заканчэння ардынатуры цяперашні галоўны доктар Маладзечанскай ЦРБ Сяргей Савіцкі мог жыць і працаваць у Маладзечне, але адмовіўся ад гэтай думкі.

– Я зразумеў, што тут для дактароў, якія працавалі з маім бацькам і ведаюць мяне з маленства, да пенсіі застануся маленькім хлопчыкам. Таму перадумаў.

У інтэрв’ю “РГ” Сяргей Савіцкі расказаў пра сябе, сваю сям’ю і здароўе беларусаў.

 

Даведка “РГ”. Сяргей Савіцкі – ад 25 лютага 2011 года галоўны доктар Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Нарадзіўся 12 мая 1959 года ў Кіеве. У 1960-1961 годзе пераехаў з бацькамі ў Маладзечна. Закончыў СШ №6. У 1982 годзе – Мінскі медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “анестэзіёлаг-рэаніматолаг”.

– Ці асвоіліся вы ўжо на новым месцы, на новай пасадзе?

– Не, не зусім. Я яшчэ не аб’ехаў усе структурныя падраздзяленні, у сувязі з падрыхтоўкай да “Дажынак” шмат дзе распачаты рамонт, вядуцца будаўнічыя работы. Сёння (9 сакавіка) планую паглядзець радзільны дом, паталагаанатамічнае аддзяленне. 7 сакавіка ездзіў у Чысць і Радашкавічы.

– І якія вашы ўражанні?

– Прыемныя. Мне вельмі спадабаліся людзі – яны сапраўды энтузіясты сваёй справы, яны ганарацца сваёй работай. Ва ўстановах добрая матэрыяльна-тэхнічная база. Хачу сказаць, што Аляксандр Сяргеевіч Бузюк (былы галоўны доктар ЦРБ – “РГ”) прыклаў шмат намаганняў для стварэння дастойнай базы. Увогуле вельмі каштоўная сама ідэя – стварыць аддзяленне рэабілітацыі, дзе людзі, якія перанеслі парушэнні мазгавога кровазвароту, з захворваннямі апорна-рухальнага апарату, у тым ліку пасля аперацый і цяжкіх пераломаў, праходзяць рэабілітацыю.

– У паліклініках, і не толькі ў маладзечанскіх, звычайна вялікія чэргі пад кабінетамі дактароў. Мы такія хворыя ці не хапае спецыялістаў?

– І тое, і другое – у комплексе. Адчуваецца востры недахоп участковых тэрапеўтаў. У Маладзечне таксама. Ёсць некалькі чалавек (дакладную лічбу я пакуль не гатовы назваць), якім ужо пад 70 гадоў. І ім ужо цяжка працаваць, і пацыенты імі незадаволеныя.

У розных рэгіёнах, напэўна, свае асаблівасці. У Мінску, напрыклад, маладыя дактары не хочуць працаваць у паліклініках, таму што могуць уладкавацца ў фармацэўтычную кампанію, атрымоўваць там большую зарплату і не несці такой адказнасці, як на ўчастку. У рэгіёнах, напэўна, адбіваецца жыллёвая праблема.

Ёсць і іншыя прычыны вялікіх чэргаў. У сілу нейкіх прычын сярэдні француз наведвае доктара агульнай практыкі 3,5 раза ў год. Сярэдні беларус ходзіць у паліклініку 13 разоў у год. І гэта ўлічваючы немаўлят і старых людзей. Прычым прапорцыі ў розных краінах прыкладна аднолькавыя: 30% людзей гадамі не ходзяць да доктара, 30% ходзіць раз на год (тыя, хто з-за спецыфікі сваёй работы абавязаны прайсці медагляд ці флюараграму), астатнія ходзяць у паліклініку 30 разоў у год. Такая вось статыстыка.

– Ваша прозвішча – вядомае маладзечанцам, якія памятаюць вашых бацькоў-дактароў. Ці працягваюць доктарскую дынастыю вашы дзеці?

– У мяне старэйшы сын – стаматолаг-артапед, працуе ў Жодзіне. Малодшы вучыцца на другім курсе Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта на лячэбным факультэце. І жонка – стаматолаг. Я, жартуючы, прадстаўляюся –сын стаматолага, муж стаматолага і бацька стаматолага.

Я прайшоў усе ступені доктарскай кар’ернай лесвіцы: быў шараговым анестэзіёлагам-рэаніматолагам, працаваў у мінскай бальніцы “Хуткай дапамогі”, загадчыкам аддзялення рэанімацыі, быў і галоўным доктарам санаторыя-прафілакторыя, загадчыкам галоўнага доктара цэнтральнай гарадской бальніцы па медыцынскай частцы. У Жодзіне няма раённай бальніцы – гэта горад абласнога падпарадкавання, там толькі два ФАПы, якія адміністрацыйна належаць Смалявіцкаму раёну, і адна бальніца сястрынскага догляду.

– Гэта значыць, што ў Маладзечне ў параўнанні з Жодзінам свая спецыфіка работы?

– Безумоўна, спецыфіка ёсць. Жодзінская гарадская бальніца адна такая ў Мінскай вобласці – абласнога падпарадкавання. Затое ў Маладзечне, а таксама ў Слуцку, Барысаве і Салігорску – самыя буйныя ў вобласці, яны міжраённыя. Гэта чатыры слупы, на якіх трымаецца ахова здароўя Міншчыны.

– Маладзечна для вас не чужы горад?

– Не чужы. Я часта прыязджаў сюды пасля заканчэння медыцынскага інстытута. Пакуль былі жывыя бацькі, заязджаў па іх і мы ехалі на дачу ў Вілейскі раён ці яшчэ куды. Прызнаюся, што ў СШ №6, якую я закончыў, ад 1976 года зайшоў толькі аднойчы.

– Цяпер вы працуеце ў Маладзечне. Горад, на вашу думку, моцна змяніўся за гэты час?

– Безумоўна. Калі я быў маленькім, на месцы цяперашніх гандлёвых цэнтраў яшчэ і завода “Электрамодуль” не было – толькі катлаваны. Я ў гэтых катлаванах на плытах плаваў. Цяпер Маладзечна вырас і папрыгажэў. Асабліва мне падабаецца пешаходная зона каля кінатэатра “Радзіма” – я з задавальненнем там гуляю. І піца маладзечанская мне падабаецца – смачнейшая, чым дзе, нават у Жодзіна яе прывозіў. Дарэчы, я каштаваў сапраўдную піцу ў італьянскім рэстаране – наша смачнейшая.

Размаўляла Святлана ЦІШКО.

Фота rh.by.