Нармальны мужык, братка-беларус, тамада ў душы, музыкант, педагог, паляўнічы, цяпер – звычайны беларускі пенсіянер. Так знаёміць сябе з чытачамі “РГ” былы старшыня Радашкавіцкага пасялковага Савета Генадзь Пустаход. Сёння ён – госць нашага выдання.

Даведка “РГ”. Генадзь Іванавіч Пустаход. Нарадзіўся 26 мая 1948 года ў гарадскім пасёлку Плешчаніцы Мінскай вобласці. Пасля школы скончыў Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі. Адслужыў армію ў паветрана-дэсантных войсках. Ад 1970 да 1975 года – вучоба на беларускім аддзяленні літаратурна-музычнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага. Працаваў начальнікам некалькіх дзіцячых аздараўленчых лагераў, быў старшынёй Алёхнавіцкага сельсавета, ад 1986 да 1991 года – старшыня Радашкавіцкага пасялковага Савета. Балатаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета дэпутатаў СССР. Ад 1991 да 2004 года ўзначальваў спартыўна-аздараўленчыя ўстановы Мінскага і Маладзечанскага раёнаў. 2004-2007 гады – дырэктар санаторыя “Сасновы Бор”, што ў Радашкавічах. Пасля выйшаў на пенсію і цяпер працуе намеснікам дырэктара “Сасновага Бора” па ідэалагічнай і культурна-масавай рабоце. Захапляецца паляваннем. Жанаты. Мае сына, дачку, двух унукаў і дзвюх унучак.

За кубачкам кавы з Генадзем Пустаходам мы гутарылі ў яго доме ў Радашкавічах.

– Генадзь Іванавіч, вы не спрабавалі даведацца паходжанне свайго прозвішча Пустаход? Што яно азначае?

– Спрабаваў некалькі разоў. Але плёну мае пошукі не далі, і я кінуў гэту непатрэбную справу. А навошта?

– Ну… Вас не бянтэжыць, што “Пустаход”, значыць – “пуста хадзіць”? Па зямлі…

– Ведаеш, па-першае, бацькоў не выбіраюць. Па-другое, каб мяне гэта бянтэжыла, я б змяніў прозвішча. Узяў бы маміна. У дзявоцтве яна была Свідрыцкая. І галоўнае: пра чалавека мяркуюць не па прозвішчы, а па справах. Я заўсёды працаваў з людзьмі і для людзей. Думаю, калі пра мяне будуць рабіць нейкія высновы па справах, мне не будзе сорамна.

– Давайце пачнём з таго, што вы самі пазнаёміце сябе з чытачамі “РГ”.

– Мне здаецца, занадта шмат увагі да маёй сціплай персоны (усміхаецца). Ну, калі так хочаце, калі ласка. Звычайны беларускі пенсіянер, нармальны мужык, братка-беларус, які разумее жыццё і разбіраецца ў людзях.

– Вы забыліся дадаць: весялун, які іграе на баяне, і паляўнічы.

– Не на баяне, а на акардэоне. Запомні: баян – гэта кнопачкі, акардэон – гэта клавішы. А наконт палявання, так. Гэта не проста маё захапленне – лад жыцця.

Генадзь Пустаход з акардэонам.

– Сфармулюйце нязручнае пытанне журналіста да Генадзя Пустахода, на якое яму не хацелася б адказваць.

– Нязручнае… Ды, бадай, такое і не прыдумаю. Прыйдзецца адказваць на ўсе. Задавай.

– Некалькі слоў пра дзяцінства і юнацтва.

– Звычайнае дзяцінства. Звычайнае юнацтва. Нарадзіўся ў 1948 годзе ў Плешчаніцах (цяпер – Лагойскі раён Мінскай вобласці – “РГ”). Тады гэты гарадок быў райцэнтрам і быў Плешчаніцкі раён. Мой бацька – ваенны. На дзейсную ваенную службу прызваўся ў 1937 годзе. Вярнуўся дамоў ужо пасля вайны, у 1947-м, у званні капітана. Мама працавала бухгалтарам. Праз год пасля вяртання бацькі нарадзіўся я, старэйшае дзіця ў сям’і. Скончыў школу, музвучылішча, адслужыў у арміі, паступіў у педінстытут. І ўжо тады, калі быў студэнтам, працаваў начальнікам піянерскіх лагераў “Спадарожнік” і “Іскра” Мінскага раённага камітэта прафсаюзаў. Пасля заканчэння інстытута, у 1975 годзе, быў размеркаваны дырэктарам школы ў вёску Астрошыцы, што недалёка ад Лагойска. Але, відаць, заўважылі мой вопыт работы ў піянерскіх лагерах і адразу перавялі начальнікам піянерлагера “Лада”, які пад Гарадком Маладзечанскага раёна. У “Ладзе” я адпрацаваў 10 гадоў, ад 1975 да 1985 года.

«Мама Геня» і «сын Саша». Студэнты педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага Генадзь Пустаход (злева) і Аляксандр Лугоўскі.

– І потым пачалася ваша чыноўніцкая дзейнасць?

– Так. У 1985 годзе я стаў старшынёй Алёхнавіцкага сельсавета, а праз год – старшынёй Радашкавіцкага пасялковага Савета. На гэтай пасадзе працаваў да развалу Савецкага Саюза, да 1991 года. Быў дэпутатам Маладзечанскага Савета дэпутатаў некалькіх скліканняў. У час маёй працы ў Радашкавіцкім пассавеце праходзіла выбарчая кампанія ў дэпутаты Вярхоўнага Савета дэпутатаў СССР. Мяне вылучылі кандыдатам. Маім сапернікам быў тагачасны старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі Георг Таразевіч. Я балатаваўся ў Вярхоўны Савет СССР, але ўрэшце зняў сваю кандыдатуру.

– Чаму?

– Мне званіла шмат людзей, маіх знаёмых з Маладзечна, Вілейкі, Мядзела. Адны падтрымлівалі, іншыя казалі: навошта табе гэта трэба. Я прааналізаваў усе парады і ўсё ж вырашыў спыніцца. А калі разваліўся Савецкі Саюз, маё чыноўніцтва скончылася, я вярнуўся да прывычнай работы ў аздараўленчых установах, і пайшло звычайнае паўсядзённае жыццё.

– Генадзь Іванавіч, ці накладаюць кіруючыя пасады адбітак на чалавека? Калі так, то які?

– Ведаеш, часам я шкадую, што некалі пайшоў на гэту “савецкую”, кіруючую работу. Думаю: можа, дарэмна? Займаўся б сабе па спецыяльнасці тым, чым падабаецца, – музыкай. Але ў той жа час разумею, што на кіруючай рабоце я набыў навыкі зносінаў з людзьмі. Людзі прыходзяць да цябе з набалелымі пытаннямі. І ты адчуваеш сябе ледзь не вяршыцелем іх лёсаў. Нават на нашым мясцовым узроўні. У аднаго чалавека плот зламаўся, другі з суседам ніяк не можа памірыцца. Трэба было ўсё гэта вырашаць. І досвед зносінаў з людзьмі да гэтай пары дапамагае мне вырашаць розныя пытанні па рабоце ў санаторыі. Атрымліваецца, на мяне такая пасада наклала вось такі адбітак. Станоўчы.

– Падчас, як вы кажаце, “савецкай” працы больш набылі сяброў ці нядобразычліўцаў?

– Усякае здаралася. З’яўляліся сябры, з якімі і цяпер засталіся добрыя адносіны. З’яўляліся людзі, якіх называюць прыстасаванцы. Быў чалавек, не буду называць прозвішча, з якім вельмі канфліктавалі. А потым я даведаўся, што перад смерцю ён папрасіў жонку: скажы Генадзю Іванавічу, няхай выбачае за ўсе нашы з ім непаразуменні.

– Якімі якасцямі павінен валодаць чыноўнік любога ўзроўню вертыкалі ўлады, каб рэальна дапамагаць людзям?

– У першую чаргу – неабыякавасцю. Уменнем уважліва ставіцца да любых праблем, якія хвалююць чалавека. Лічу, што абыякаваму чалавеку не месца ва ўладзе.

– Вернемся да таго, што вы ў 1991 годзе пайшлі з улады. Што было далей?

– Далей у Радашкавічах на базе інтэрната цаглянага завода адкрылі спартыўна-аздараўленчы комплекс для дзяцей узростам ад шасці гадоў і старэйшых. Аж да ўзросту дарослых мужыкоў. Тут была трэнажорная зала, лазня. Дзецям у відэасалоне бясплатна круцілі на відэамагнітафоне фільмы. Працавала секцыя па таэквандо. Я стаў дырэктарам комплексу.

– Таэквандо? Японскія адзінаборствы тады сталі дазволенымі і набывалі вялікую папулярнасць. Радашкавіцкія спартсмены дасягалі поспехаў?

– Трэнерам па таэквандо ў нас тады быў расійскі спецыяліст Аляксандр Шырокін. Успамінаю, як у Мінску праходзілі міжнародныя турніры. З’язджаліся спартсмены з Украіны, Расіі, Эстоніі, Латвіі, іншых краін. І тут раптам – нейкія Радашкавічы. Ніхто нас усур’ёз не ўспрымаў. А калі з дванаццаці прызавых месцаў нашы адзінаборцы занялі дзевяць, сапернікі былі вельмі ўражаныя і здзіўленыя. Нас пачалі паважаць.

– Ваша работа з дзецьмі працягвалася і ў іншых аздараўленчых установах?

– У 1996 годзе мне прапанавалі работу ў санаторна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва”, што на Мінскім Моры. Але ўжо праз год там пачалася рэканструкцыя. Прыехалі прадстаўнікі Мінскага авіярамонтнага завода. У гэтага прадпрыемства пад Радашкавічамі быў санаторый “Зорны”. Так атрымалася, што ўмовы, прапанаваныя мне прадстаўнікамі завода, і мае патрэбнасці супалі. Я стаў дырэктарам “Зорнага”. У мяне працавалі больш за 100 чалавек. Мы аздараўлялі дзяцей з дзевяці раёнаў Беларусі, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

– А ў “Сасновым Бары” працавалі і працуеце ўжо з дарослымі?

– Так. Тры гады, ад 2004 да 2007 года, я быў дырэктара “Сасновага Бору”. А ў 2007-м выйшаў на пенсію. Але працягваю дапамагаць людзям адпачываць, бо гэта мне падабаецца. Па сённяшні дзень я – намеснік дырэктара па ідэалагічнай і культурна-масавай рабоце.

– Калі я рыхтаваўся да гэтага інтэрв’ю, спытаў у калегі: якое б пытанне ты хацела задаць Генадзю Пустаходу? Не задумваючыся, яна адказала: мне вельмі цікава, дзе адпачывае чалавек, які працуе ў санаторыі?

– Перадай калезе, што Пустаход – патрыёт (смяецца). Ён адпачывае ў роднай Беларусі. Сёлета быў у санаторыі “Парэчча”. Гэта 30 кіламетраў ад Гродна, недалёка ад граніцы з Літвой і літоўскага горада Друскенікі. Там такая цудоўная мінеральная вадзічка… Другі раз туды езджу. За мяжу ехаць адпачываць не хачу. Здароўе ўжо не тое, каб далёка ехаць, ды і не такі я багаты. Адзін раз быў у Турцыі. Не спадабалася. Павер, я не хітру. Шчыра люблю Беларусь. А Маладзечаншчыну – асабліва. Прыкіпеў я да Маладзечанскага раёна. І ніколі не было думкі з’ехаць адсюль.

– Я бачыў вас на паляванні. Пасля гэтага ні за што не рызыкну сказаць, што гэты занятак для вас – проста захапленне…

– Правільна. На паляванні я буйна звар’яцелы. Упэўнены, што два разы на месяц мужчыны павінны “адрывацца” на паляванні. Сыходзіць ад клопату, турботаў у актыўны адпачынак. Цябе хто-небудзь прымусіць проста так прайсці 15 кіламетраў? А па лесе, памятаеш, праходзілі і больш, а адлегласці не заўважалі.

– Як ставіцеся да паляўнічых-браканьераў?

– Катэгарычна стаўлюся. З дзікай злосцю. Аж да фізічнага пакарання. Кулаком у вобласць твару. І вельмі проста. Бывалі выпадкі. Лавілі, здавалі міліцыі. Яны, мярзотнікі, лебедзяў стралялі. Праўда, цяпер асабліва не пабраканьерыш. Павялічыліся штрафы. Адзін удачны браканьерскі выстрал можа каштаваць каля васьмі мільёнаў рублёў. Колькі ж на гэтыя грошы мяса купіць можна!

– Жывёл забіваць паляўнічаму не шкода?

– А мы не забіваем. Чамусьці ўсе лічаць, што паляўнічы – гэта забойца. Ты ж бачыў сам: мы прыехалі ў лес. Тое, што прывезлі з сабой у рукзаках, тое з’елі і выпілі. Больш нікога не елі. Бывае, страляеш – бах-бах – міма! Уцяклі дзік ці ліса. Ну і няхай сабе. Пашанцуе наступны раз. А не пашанцуе – нічога страшнага. Галоўнае – паслухаць сяброў, пагутарыць з імі, пасмяяцца, падурэць. У нас не бывае такіх пяці хвілін, каб хто-небудзь не ўзрываўся ад рогату. З намі заўсёды гумар, анекдоты.

– І Пустаход у гэтым – першы весялун. Адна паездка на капоце джыпа ў руках са стрэльбай чаго вартая… Памятаю такі выпадак з вамі.

– Ну і што? Падумаеш… Па дарожцы акуратненька праехаў на капоце машынкі. Што ў гэтым такога? Я ж не хуліган які-небудзь. Законаў не парушаю. А калі сур’ёзна, то там збіраецца 15-20 чалавек. У кожнага свой характар, свой тэмперамент. Трэба неяк аб’яднаць людзей. Не люблю, калі ім сумна. І стараюся развесяліць. Атрымліваецца гэта неяк міжволі, само па сабе.

– Такое толькі на паляванні ці ў жыцці таксама?

– У майго бацькі 11 братоў і тры сястры. Можаш уявіць, колькі ў мяне стрыечных? І мы ўсіх іх перажанілі, аддалі замуж. На вяселлях я заўсёды быў сватам ці тамадой. Спадзяюся, са мной людзям не сумна.

– А калі побач з’яўляецца іншы тамада, канкурэнт?

– Для мяне гэта вельмі проста. Значыць, будзем дурэць удвух.

– Можна зрабіць выснову: па жыцці вы – вясёлы чалавек?

– Стараюся быць вясёлым. Але, бывае, штосьці не атрымліваецца. І ўжо не да весялосці. Хочацца дабудаваць другі паверх у доме – не хапае сродкаў. Альбо прыхварэю. Таксама прыходзяць сумныя думкі. Тады кажу сабе: “Гена! Не расслабляцца! Мы абавязкова пераможам!”

– Ваша сям’я – гэта…                                                                              

– Гэта мая жонка Галіна Рыгораўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры, сын Уладзіслаў і дачка Аліна. Уладзіслаў са сваёй жонкай нам падарылі ўнучку Лізу і ўнука Савелія. Аліна з мужам – унука Гену і ўнучку Насцю. Дачка кажа, што на гэтым спыняцца не збіраецца. Ну што ж. Мы з Галяй будзем толькі рады.

– А з жонкай дзе пазнаёміліся?

– Мы разам вучыліся. У 1970 годзе паступілі ў інстытут, 1 верасня паехалі на бульбу. Я адразу зразумеў, што такую дзяўчыну ўпускаць нельга. Акардэон дапамог заляцацца. Ад таго ўсё і пачалося. 21 верасня 1971 года сыгралі студэнцкае вяселле. Мне было 25 гадоў, ёй – 18. У 1973 годзе нарадзіўся Уладзіслаў, у 1979 годзе – Аліна.

– Чаго ў вашым жыцці з лішкам? Што перашкаджае?

– Не паверыш. Мне перашкаджае мая сціпласць. Напэўна, людзі лічаць мяне рашучым, нават нахабным. Але гэта толькі з выгляду. Насамрэч, я нерашучы чалавек. Перад тым, як прыняць нейкае рашэнне, шмат думаю, вагаюся. Ад гэтай сваёй якасці характару я б пазбавіўся, каб мог, нават у свае 63 гады. Яшчэ ўва мне з лішкам сентыментальнасці. А вось яна цяпер патрэбная. Зразумеў гэта, калі стаў дзедам.

– А чаго ў жыцці не хапае?

– Адпаведна, той самай рашучасці і не хапае. І заўсёды не хапала смеласці. Здараецца, задумаюся: не ўсяго, што мог, дасягнуў у жыцці. Але, усё прааналізаваўшы, адразу сябе супакойваю: ды не. Усё рабіў правільна. Стараўся не пакрыўдзіць нікога, ні праз каго не пераступіць. Значыць, няма пра што і шкадаваць.

– Генадзь Іванавіч, давайце падсумуем: вы – убелены сівізной былы чыноўнік у акулярах, строгім касцюме і паліто альбо гарэзлівы весялун у паляўнічай вопратцы з акардэонам у руках і стрэльбай за плячыма? 

– Не чыноўнік – дакладна. Так, я быў чыноўнікам, але ў душы ім так і не стаў. Скажу так: я стараюся заставацца чалавекам, які выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі на карысць усіх тых, з кім жыве, працуе, сябруе, адпачывае.

– Што б вы хацелі пажадаць чытачам “Рэгіянальнай газеты”?

– Моцнага здароўя. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, – аптымізму. Веры ў тое, што мы, беларусы, – народ моцны і жыццяздольны, які можа справіцца з любымі праблемамі.

Гутарыў Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота з альбома Генадзя ПУСТАХОДА.