З грэчкі можна не толькі зварыць смачную кашу – з яе робяць карысны кісель і лекавы парашок, якія дапамагаюць пры атэрасклерозе, рэўматызме, артрыце, іншых хваробах.

Грэчка – незаменны кампанент здаровага харчавання. Яе зярняты ўтрымліваюць лёгказасваяльныя бялкі (у тым ліку незаменныя амінакіслоты аргенін і лізін), вугляводы і тлушчы, шмат мінеральных рэчываў (жалеза, кальцый, фосфар, іншыя), клятчатку, яблычную, шчаўевую, лімонную кіслоты, вітаміны групы В, РР і Р. Міска з кашай – своеасаблівая аптэчка. Жалеза, на якое багатая грэчка, спрыяе ўтварэнню чырвоных крывяных цельцаў і гарантуе добры колер твару. Калій падтрымлівае аптымальны крывяны ціск, кальцый – верны саюзнік у барацьбе супраць карыесу, ломкіх пазногцяў і крохкіх касцей, магній уратуе ад дэпрэсіі. Сярод іншых круп менавіта грэцкія лічацца найбольш паўнацэннай заменай мясу.

Калі вы маеце намер мэтанакіравана лячыцца грэчкай, лепш купляць не смажаныя крупы, а тыя, што маюць бледна-жоўты колер.

Каша ад розных хвароб

Асабліва яна карысная людзям з цукровым дыябетам і тым, хто пакутуе ад атлусцення. У гэтых крупах менш вугляводаў, чым, напрыклад, у рысе, які супрацьпаказаны людзям з лішняй вагой. Стравы з грэчкі заменяць хворым і бульбу, і хлеб.

Грэцкая каша дапамагае рабоце сэрца і печані, спрыяе вывядзенню з арганізма лішняга халестэрыну, шлакаў і іонаў цяжкіх металаў, што асабліва актуальна для жыхароў вялікіх гарадоў і раёнаў з дрэннай экалогіяй.

Грэчка змяншае пранікальнасць і ломкасць сасудаў, перашкаджае ўтварэнню тромбаў, таму яе рэкамендуюць людзям з хваробамі сасудаў, рэўматызмам і артрытам. Руцін (вітамін Р) робіць больш тугімі сценкі крывяносных сасудаў, аказвае прафілактычнае і лячэбнае ўздзеянне на вены, напрыклад, пры варыкозным расшырэнні вен і гемароі. У злучальных тканках гэтае рэчыва ўмацоўвае дробныя крывяносныя сасуды.

Каб грэцкая каша захавала ўсе свае карысныя ўласцівасці, яе трэба правільна гатаваць: адну частку круп на дзве часткі вады варыць да закіпання на моцным агні, затым – на невялікім, напрыканцы – на слабым, пакуль не выкіпіць вада. Перад тым, як варыць, не варта замочваць, бо пры гэтым вымываецца большая частка карысных рэчываў. Не варта таксама гатаваць яе на малацэ ці дадаваць цукар. Каструля павінна быць металічнай, а не эмаліраванай, лепш з тоўстым дном.

Лекавыя кісель і парашок

З грэцкай мукі не толькі пякуць грачанікі (бліны), але і вараць лекавы кісель: 1 сталовую лыжку парашку развесці ў 100 мл вады і варыць на слабым агні некалькі хвілін. Пры атэрасклерозе напой трэба ўжываць па шклянцы два разы на дзень. Яшчэ адзін рэцэпт ад атэрасклерозу: 3 сталовыя лыжкі здробненых крупаў развесці ў 300 мл вады; у іншай пасудзіне закіпяціць 1 літр вады і паступова ўліць у разведзеную муку. Варыць некалькі хвілін, памешваючы, пакуль не загусцее. Ужываць гэты кісель халодным на сняданак і вячэру па 100-150 мл. Курс лячэння доўжыцца два месяцы, пасля чаго трэба зрабіць перапынак на два-чатыры тыдні.

Калі замучыла пячайка (изжога), прымайце нашча грэцкі парашок (змалоць крупы ў кавамолцы) тройчы на дзень на канцы чайнай лыжкі.

Пры анеміі раяць парашок з нагрэтай на патэльні грэчкі прымаць па 2 сталовыя лыжкі 4-5 разоў у дзень да яды. Абавязкова запіваць цёплым малаком. Адначасова рэкамендуецца прымаць грэцкі мёд – па 1 сталовай лыжцы 3 разы ў дзень пасля яды.

Дапаможа грэчка і пры хваробах шчытападобнай залозы. Трэба змяшаць 1 шклянку молатых круп, 1 шклянку здробненых грэцкіх арэхаў і 1 шклянку грэцкага мёду. Сумесь захоўвайце ў слоіку пад шчыльнай накрыўкай. Раз на тыдзень ужывайце на сняданак, абед і вячэру, запіваючы чаем ці вадой. Больш у гэты дзень лекары раяць нічога не есці. Курс лячэння – два месяцы.

У народнай медыцыне адварамі, чаем з кветак грэчкі лечаць кашаль – гэта эфектыўны адхарквальны сродак. Асабліва дзейсным лічыцца настой з суніц, ажыны, грэчкі і парэчак у такой прапорцыі: кветак грэчкі – 1 частка, кветак суніц – 3 часткі, маладыя верхавінкі лістоў ажыны – 2 часткі, лістоў чорных парэчак – 2 часткі. 1 сталовую лыжку збору заліць 250 мл крутога кіпеню, накрыць, настойваць 15-20 хвілін. Не адцэджваючы, выпіць палову настою раніцай, палову – увечары.

Лілія ЛІСОЎСКАЯ, доктар-тэрапеўт, загадчыца паліклінікі №1 маладзечанскай ЦРБ.