Суседка на акне вырошчвае салату. Па асаблівай тэхналогіі. Замест зямлі ў місцы ляжыць вата, змочаная вадой. А на белай пухнатай яе “коўдры” – зярняткі. Адны з іх толькі-толькі прарастаюць, другія падняліся на сантыметраў пяць-шэсць уверх і вось-вось пакажуць свае кволыя галоўкі над міскай.

“Праз які тыдзень прыходзь частавацца”, – смяецца жанчына. І тут жа дадае: “Наедку тут, канешне ж, ніякага. Проста паспрабаваць вырашыла. А заадно і насенне на ўсходжасць праверыць. Не вельмі яно якаснае. Бачыш, колькі не прарасло”.

Разглядаем будучую салату і гаворым пра нясмелую сёлетнюю вясну, маразы, якія ніяк не хочуць адступаць, плануем, колькі і якога насення купіць. Ну і, канешне ж, разважаем на любімую вясновую тэму: садзіць ці не садзіць.

Маўляў, насенне цяпер дарагое. Ды і бензін, салярка не танна каштуюць. А дадай сюды яшчэ розныя ўгнаенні, працу. Залатое ўсё атрымліваецца.

“У нас на дачах многія ўжо даўно градкі газоннай травой засеялі. Сапраўды, навошта горбіцца, калі гародніна капейкі каштуе, — разважае жанчына. – А тут цэны вазьмі ды падыміся. Бульба больш за дзве тысячы за кілю. Капуста пад тры падбіраецца. А за ёй і морква, буракі, часнок не адстаюць. Вось і палічы цяпер, колькі будзе каштаваць для сям’і з чатырох чалавек боршчык, калі туды яшчэ кавалак мяса пакласці”.

Мае знаёмыя ўжо гадоў пяць як ездзяць на дачу толькі адпачываць. На ўчастку, дзе расла бульба, у іх цяпер валейбольная пляцоўка. На тым месцы, дзе былі грады, да нядаўняга часу стаялі плеценыя крэслы і мангал.

У мінулым годзе яны вырашылі перанесці яго ў двор, а пад кустамі зноў зрабіць грады.

На адной уткнулі некалькі радкоў цыбулі, пасеялі пятрушку, кроп, шчаўе. На другой пасадзілі моркву і буракі. Абедзве градкі ў іх цяпер называюцца супавыя. Маўляў, навошта плаціць за пучок зяленіва на рынку дзве-тры тысячы рублёў, калі можна нарваць яго на сваёй дачы бясплатна.

Сёлета яны будуць заворваць і валейбольную пляцоўку. “Зямля адпачнула, самы час цяпер папрацаваць”, – мудра заўважыў гаспадар, якому надакучыла кожны тыдзень хадзіць з сеткай на рынак па бульбу. Ды і што тое вядро на сям’ю з шасці чалавек. Стане цешча гатаваць абед, дзень, два – як і не было.

“Я даўно ім казала, – радуецца зяцеваму рашэнню жанчына, – не трэба ад градаў адмаўляцца. Мы ж усё адно на дачу амаль кожныя выхадныя ездзім. Ці ж той кабачок, гарбуз у гаспадарцы зашкодзяць?! Некалі, як мы з мужам дужэйшыя былі, усё мелі. Якіх толькі нарыхтовак не ставілі! А цяпер з магазіна ды з базару ўсё цягаем. Сорам каму сказаць, што, калі вару суп, думаю: адну цыбуліну пакрышыць ці дзве”.

У мінулую сераду мае знаёмыя заязджалі ў магазін, дзе прадаюць насенне. Хацелі купіць капусты на расаду. Кажуць, чарга стаяла такая, што нават не асмеліліся прыстроіцца ў яе хвост. Акрамя рознакаляровых пакецікаў з пятрушкай і агуркамі людзі бралі плёнку, розныя ўгнаенні, інвентар, каб праз тыдняў колькі, як пацяплее, рвануць на дачу і ўкінуць зерне ў зямлю. А восенню і зімой не думаць: адну цыбуліну ў булён пакласці ці дзве.

Марына СЛІЖ.