Два прафесійныя святы адзначыў напрыканцы сакавіка начальнік гідраметэастанцыі Вілейка Вячаслаў Лапко – Сусветны дзень водных рэсурсаў (22 сакавіка) і Сусветны дзень метэаралогіі (23 сакавіка).

Па адукацыі ён інжынер-гідролаг, закончыў Ленінградскі гідраметінстытут. Мае і ваенную спецыяльнасць – “інжынер-сіноптык”. “Мы, работнікі метэастанцый, працуем з дзвюма стыхіямі – атмасферай і вадой”, – патлумачыў ён.

Адным з самых цікавых перыядаў свайго жыцця лічыць вучобу ў Ленінградскім гідраметінстытуце. Прычым якую ВНУ выбраў, зразумеў толькі на першых лекцыях, ужо будучы студэнтам.

“Мы з маім сябрам Васем Піліевым пасля 10-га класа як выбіралі прафесію, – успамінае Вячаслаў Аляксандравіч. – Узялі даведнік “ВНУ СССР”. Нас цікавіла вада – у нас жа там Нёман цячэ. Гарталі – знайшлі Ленінградскі інстытут. Што значыць “гідралогія сушы”, паглядзелі па слоўніку. І паехалі ў Ленінград”.

Праўда, з першага разу яны не паступілі – конкурс складаў па 10-12 чалавек на месца. Вася пайшоў у Рыжскую мараходку. А Вячаслаў Лапко, адпрацаваўшы год на мэблевай фабрыцы сталяром-зборшчыкам, зрабіў другую спробу. І стаў студэнтам, спецыяльнасць – “гідралогія сушы”.

“На першых лекцыях зразумеў, што паступіў не ў геаграфічную, а ў тэхнічную ВНУ. Мне стала страшна: столькі матэматыкі, прычым у школе мы дыферэнцыялы не вывучалі, а лекцыі выкладчыкі чыталі, зыходзячы з таго, што студэнты гэта ведаюць”, – расказвае Вячаслаў Аляксандравіч.

Але пасля вучоба наладзілася, і пяць гадоў праляцелі непрыкметна. “Якія ў нас былі непараўнаныя практыкі – на Камчатцы, у Карэліі, Заходняй Сібіры. Я быў і на Белым, і на Баранцавым морах”, – успамінае Вячаслаў Лапко.

У Вілейку малады спецыяліст прыехаў у 1976 годзе. “Пайшоў у Мінску ўладкоўвацца на работу ў гідраметэацэнтр – там сказалі, што ў Вілейку патрэбны спецыяліст. Я тады не ведаў, што гэта за горад такі. Прыехаў, выйшаў з аўтобуса ля вадасховішча – як многа вады. І зразумеў – гэта маё”, – расказвае Вячаслаў Аляксандравіч.

У 1986 годзе ён заняўся турызмам – 1 мая адправіўся ў шматдзённы велапаход у Рыгу. З таго часу здзейсніў 25 катэгарыйных паходаў – ад Байкала да краін Заходняй Еўропы і Турцыі. Пераадольваў на веласіпедзе па 1200-1500 кіламетраў. Атрымаў званне майстра спорту па турызме. Але найбольш запомнілася падарожжа на Байкал. “Байкальскі паход мне і цяпер, бывае, сніцца. Яшчэ б з задавальненнем схадзіў, калі б кампанія добрая сабралася”, – расказвае Вячаслаў Лапко.

А пачалося захапленне турызмам з падрыхтоўкі да экспедыцыі ў Антарктыду. Вячаслаў Лапко прайшоў двухмесячныя курсы – адпаведны дакумент і цяпер захоўваецца ў асабістым архіве. За год да медыцынскай камісіі заняўся спортам, веласіпедным і лыжным. Усё ішло добра, але ў вілейскім райкаме КПБ яму не падпісалі характарыстыку. У Антарктыду ён не паехаў, а прывычка да ўзмоцненых фізічных нагрузак засталася, і душа прагнула падарожжаў. Так Вячаслаў Лапко пайшоў у турызм.

Ён лічыць, што ў чалавека павінна быць хобі: “Шмат людзей, выходзячы на пенсію, гаснуць на вачах, бо прывыклі штодня цэлы дзень працаваць. На пенсіі з’яўляецца шмат вольнага часу, але высвятляецца, што заняцца няма чым – хобі ў чалавека няма”.

Менавіта дзякуючы турызму Вячаслаў Аляксандравіч зразумеў і прыняў два важныя жыццёвыя прынцыпы: “Паклапаціся найперш пра сябе, каб не быць абузай для навакольных” і “Кожны дурань мае права на асабістыя цяжкасці”. “Не ўсім гэта падабаецца, – адзначае ён, – але так яно і ёсць”.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.