Гран-пры адкрытага рэгіянальнага конкурсу ансамбляў “Веснавы праменьчык-2011” аднагалосным рашэннем журы атрымаў вакальны ансамбль маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў (ДШМ) “Сюрпрыз” пад кіраўніцтвам Вольгі Бялько.

Пераможцамі адкрытага рэгіянальнага конкурсу ансамбляў “Веснавы праменьчык-2011” сталі ўдзельнікі вакальнага ансамбля “Сюрпрыз” пад кіраўніцтвам Вольгі Бялько маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў.

Прыз ад “Рэгіянальнай газеты” атрымаў вакальны ансамбль беразінскай музычнай школы пад кіраўніцтвам Наталлі Шанцавалавай.

Гледачы конкурсу.

Конкурс прайшоў у 17-ы раз у Маладзечанскай ДШМ у сераду, 30 сакавіка. Штогод пашыраецца геаграфія ўдзельнікаў. Сёлета імі сталі калектывы з Ракава, Солаў, Чысці, Валожына, Смаргоні, Ліды, Магілёва і іншых мясцін, упершыню прыехалі госці з Мінска і расійскага горада-партнёра Маладзечна Каломны.

На пачатку свайго існавання конкурс адбываўся адразу ў чатырох намінацыях: фартэпіянныя, вакальныя, духавыя і народныя ансамблі. Але з кожным годам жадаючых паўдзельнічаць усё большае, таму давялося гэтыя намінацыі раздзяліць: адзін год свой талент паказваюць піяністы і вакалісты, наступны – духавікі і народнікі.

На сёлетні прыпала спаборніцтва фартэпіянных і вакальных ансамбляў. Граматы пераможцам уручаў загадчык аддзела культуры райвыканкама Аляксандр Рамановіч.

Пераможцамі ў старэйшай групе намінацыі фартэпіянныя ансамблі сталі выхаванкі маладзечанскай ДШМ Алена Кавалевіч і Эвеліна Сушынская, у малодшай групе – госці з Каломны Аляксандра Перапяліцына і Вольга Кудрашова.

Фальклорны ансамбль з Каломны пад кіраўніцтвам Вольгі Андрэевай заняў першае месца сярод вакальных ансамбляў. А гран-пры заваяваў ансамбль “Сюрпрыз” маладзечанскай ДШМ пад кіраўніцтвам Вольгі Бялько, які атрымаў у падарунак тэлевізар.

Прызы за лепшае выкананне папулярнай музыкі атрымалі фартэпіянны ансамбль Нарацкай дзіцячай музычнай школы (ДМШ) Мядзельскага раёна пад кіраўніцтвам Аляксандра Галавача і пераможца спецыяльнай намінацыі “Надзея” − фартэпіянны ансамбль Аляхновіцкай ДМШ пад кіраўніцтвам Альбіны Ісаевай.

За лепшае выкананне твораў беларускіх аўтараў падарункі атрымалі вакальны ансамбль Беразінскай ДМШ пад кіраўніцтвам Наталлі Шанцавалавай і фартэпіянны ансамбль ДМШ №5 горада Мінска пад кіраўніцтвам Ларысы Арцем’евай.

“Рэгіянальная газета” стала адным з інфармацыйных спонсараў конкурсу.

Зоя ХРУЦКАЯ.