Школьнікі і навучэнцы Гродзенскай вобласці змогуць ездзіць бясплатна не толькі ад месца пражывання да навучальнай установы і назад, але і па ўсім горадзе.

Адпаведнае рашэнне 31 сакавіка прынялі дэпутаты Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, – паведамляе сайт аблвыканкама.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў беларускія навучэнцы агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі, маюць права з 1 верасня па 30 чэрвеня ездзіць бясплатна на грамадскім транспарце ад дома да школы (гімназіі) і назад. За праезд на заняткі гуртка ці на трэніроўку ў спартыўную школу трэба было плаціць.

Пастанова (№202 ад 16 лютага 2011 года) рэкамендавала абласным і Мінскаму гарадскому саветам дэпутатаў прымаць “дадатковыя меры па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў” пры праездзе грамадскім транспартам. Гродзенскі Савет дэпутатаў 31 сакавіка такім правам скарыстаўся.

Рашэнне ўступіць у сілу пасля ўзгаднення ў Міністэрстве юстыцыі.

Святлана ЦІШКО.