Усё жыццё Анфіса ведала, што час вымяраецца гадзінамі, якія ператвараюцца ў гады, перыяды, эпохі. І вось цяпер, на чужыне, калі асабліва балюча ўспамінаецца мінулае, гэта пажылая жанчына зразумела: Час вымяраецца Памяццю!

Толькі памяць можна скласці разам тое, што адмераў нам час, ператварыўшы імгненні ў цэлае чалавечае жыццё.

Любоў да лесу, рэчкі Касуткі, лугу

Яе жыццё пачалося ў эпоху, калі сусветны пажар рэвалюцыі раздзіраў жыцці людзей, рваў на кавалкі Беларусь. Яна нарадзілася ў 20-м годзе мінулага стагоддзя ў невялічкай вёсачцы, у якой было ўсяго дзевяць двароў. Невялікая бацькоўская хатка сваімі вокнамі глядзела на заліўны луг, па якім цякла рэчка Жучка, прыток Віліі. Потым рацэ далі назву Касутка, у памяць аб вёсцы Касута, што знаходзілася за мастком праз гэту рэчку. Адразу ж за хатамі,  хлеўчукамі  пачынаўся лес. Таму вёсачка насіла назву Падлессе. Аднак мясцовыя жыхары часцей гэту мясцовасць называлі Завозерныя.

Анфіса праз усё жыццё пранесла любоў да лесу, які не толькі захапляў  сваёй прыгажосцю, але і шчодрасцю дароў выратоўваў жыццё ёй і яе блізкім у галодныя гады.

Цяпер, на мяжы свайго жыцця, проста і без болю успаміналася цяжкая праца ў пана, добрая яўрэйская сям’я з Вілейкі, дзе ёй даводзілася зарабляць кавалак хлеба.

Жыццё не песціла Анфісу

Анфіса не магла ўспомніць сваё юнацтва. Хіба што развал панскай Польшчы, прыход бальшавікоў і ранняе замуства.

Перад вайной яе выдалі замуж. У Анфісы не было шчаслівага сямейнага жыцця. Мужа расстралялі фашысты. Расстралялі і яе родную сястру з яе мужам. А яна, цяжарная, забрала да сябе іх дачку і гадавала пасля разам са сваёй. Замуж Анфіса больш і не выйшла.

Сілы ёй надавалі сваёй нязменнасцю луг, лес, рэчка – тое, што мы называем малой радзімай. Заўсёды каля яе хаты шумеў лес, заўсёды быў квітнеючы луг, стагоддзямі несла свае воды рэчка Жучка ў Вілію. Анфіса ўспомніла, як упаўшая падчас вайны бомба насупраць яе дома ніяк не паўплывала на цячэнне рэчкі. Цячэнне жыцця прыроды. Гэта загартавала яе. Ні пасляваенны голад, ні цяжкая праца ў калгасе, ні бязбожжа, што рушыла храмы, не маглі зламаць душу гэтай жанчыны.

Раны на сэрцы

Першая рана на сэрцы з’явілася з бязлітасным рэвам экскаватараў і гучным словам “меліярацыя”. Рэчку Жучку выраўнавалі, яна абмялела. І толькі ямы-віры, што не змагла засыпаць грозная тэхніка, былі падобныя да кропляў-слёз некалі паўнаводнай рэчкі. Гэта быў пачатак.

Далей яе душу “рэзалі” машыны торфанарыхтоўкі. На безжыццёвай ужо светла-шэрай зямлі ляжалі вялізныя цёмна-карычневыя горы торфу. Гэта ўсё, што засталося ад прыгожага заліўнога лугу. Страціўшы рэчку і луг, Анфіса жыла лесам. Але нядоўга. Людскія рукі дабраліся і да яго. Пачалося будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Спачатку, быццам шрам, прарэзалі луг, пабудаваўшы новую асфальтавую дарогу. Яе драўляная хатка апынулася акурат побач з насыпам для новага моста праз рэчку Касутку. Затым пілавалі, высякалі, вазілі, карчавалі і палілі яе лес, яе карміцеля. План – закон! Калі не паспявалі за планам, частку лесу проста спалілі. Цяпер чарната некалі прыгожага лугу злівалася з чарнатой згарэўшага лесу. Гэта чарната ўжо “паліла” і яе душу!

Перасяленне

Пайшла пад знос бацькоўская хата, як, дарэчы, і ўся вёсачка. І вось жа дзіва, але менавіта па той яме ад бомбы, якая ўпала падчас вайны ў рэчку, цяпер можна зарыентавацца на мясцовасці і ўспомніць, дзе стаяла хата Анфісы.

Пражыўшы большую частку жыцця разам з рэчкай, лугам, лесам, Анфіса не магла пасяліцца ў полі, дзе пабудавалі дамы для перасяленцаў. Яна купіла дом у вёсцы Гліннае, у лесе на беразе Віліі. Прыходзячы да Віліі, Анфіса ведала, што ў гэтым віры ёсць і вада яе Касуткі. Гэта супакойвала.

Гады і перажытае ўсё часцей нагадвалі пра сябе. Ужо выраслі дзеці і ўнукі. Няпраўда, што старасць падкрадваецца. Яна прыходзіць як вайна, меліярацыя, будаўніцтва вадасховішча раз і назаўсёды.

Ад рэдакцыі: Падчас будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы было пераселена 10 вёсак. Сярод іх і Падлессе. Невялічкая вёсачка на дзевяць дамоў, у якой прайшло дзяцінства, юнацтва і маладосць Анфісы. Пра жыццё сваёй цёткі, душэўныя пакуты і боль расставання з роднымі мясцінамі расказаў яе пляменнік Аляксандр.

Анфіса за жыццё навучылася страчваць. І вось ужо прададзены дом у вёсцы Гліннае. Толькі на гэты раз яна разумела, што траціць Радзіму! Бо дачка везла яе да сябе ў горад Луцк, на Украіну. У жыцці большых страт ужо не было.

Давялося на Украіне Анфісе яшчэ пабачыць і жах “барацьбы за веру”, калі за незалежнасць украінскай царквы людзей выганялі з храмаў. Аб гэтым яна ўжо пісала ў пісьмах на радзіму.

Час вымяраецца Памяццю

Шмат вады ўцякло з той пары. Вілейскае вадасховішча сёння самае вялікае ў Беларусі. Сюды ў Касуту летам і зімой на рыбалку прыязджаюць людзі з розных месцаў. Рыбакі кажуць, што асабліва клюе рыба каля Анфісінай ямы. Так памяць усё жыццё гэтай жанчыны ўмясціла ў адной назве – Анфісіна яма. Многія з нас сыходзяць з гэтага жыцця бясследна, так і не зразумеўшы, што Час вымяраецца Памяццю.

Аляксандр БОБРЫК, Маладзечна.

Фота з архіва “РГ”.