“Купіў жонцы касцюм у Гродне за 350 тысяч. На наклейцы пазначана, што гэта 46 памер і зроблена ў Польшы. Дома здымаю наклейку, а пад ёй на этыкетцы − памер 52, зроблена ў Беларусі”.

Такія скаргі старшыня Маладзечанскай арганізацыі абароны правоў спажыўцоў (АПС) Уладзімір Клешч прымае кожны свой рабочы дзень. І шчыра прызнаецца, што яму яны ўжо надакучылі − спажыўцы павінны ўмець абараняць сябе самастойна.

“Ведаць правы спажыўца павінен кожны”

− Хоць я і нарадзіўся настаўнікам, − кажа Уладзімір Клешч, − але вучыць спажыўцоў карыстацца сваімі правамі мне надакучыла. Гэта тое, што павінен ведаць кожны дарослы грамадзянін. Таму па маёй ініцыятыве ў 26 школах Маладзечаншчыны старшакласнікі вывучаюць прадмет “Асновы спажывецкіх ведаў”. А атрыманыя веды штогод дэманструюць на раённых і рэспубліканскіх алімпіядах.

Работы ў старшыні АПС з кожным годам большае. Ад 1997 года, менавіта ў гэты час Уладзімір Клешч ўзначаліў арганізацыю, прыняў больш за 2 тысячы скаргаў. Спачатку прэтэзіі пераважна тычыліся абутку, адзення, мэблі, а цяпер усё часцей пакупнікі скардзяцца на няякасныя мабільныя тэлефоны, камп’ютары, ноўтбукі.

“Насіць абутак трэба ўмець”

Павелічэнне папулярнасці арганізацыі, якую ўзначальвае, Уладзімір Клешч тлумачыць рознымі прычынамі. Цяпер у любым магазіне ёсць куток спажыўца, дзе размешчаная інфармацыя аб арганізацыі АПС. Ды і людзі сталі больш цікавіцца сваімі правамі і смялей абараняць іх, асабліва моладзь. Але галоўнае − людзі развучыліся берагчы рэчы.

− Вось вас жа не вучылі правільна карыстацца абуткам, − заўважае старшыня АПС. − Боты свае добра калі сезон паносіце. А я чатыры гады нашу, і яны ў выдатным стане. Мяне яшчэ бацькі вучылі абутак берагчы − акуратна хадзіць, прасушваць, як прыйдзеш з вуліцы, чысціць. Аднак і людзей меншае, якія сумленна робяць рэчы ці аказваюць паслугі.

Як шукаць праўду?

У сакавіку ў АПС звярталіся людзі па розных праблемах. Адным “пашчасціла” купіць з дэфектам халадзільнік, другім – мэблю, абутак, тэлевізар, мабільны тэлефон, танометр, гіпсакардон, балконныя дзверы і іншыя тавары.

У такіх выпадках Уладзімір Клешч шукае прадаўца − ці па этыкетцы дазнаецца, хто вытворца тавару альбо хто прапанаваў паслугі, а часам адразу ідзе на месца продажу. Гаворыць, што амаль заўсёды ў яго кліентаў просяць прабачэння і даюць скідку за няякасны тавар − за маральны ўрон.

Спажывец можа і сам правесці экспертызу тавару пры аддзяленні гандлёва-прамысловай палаты, што на новым рынку. Праўда, праверыць там можна толькі адзенне ці абутак, а кошт экспертызы таго ж абутку каштуе больш за 70 тысяч рублёў. Правесці экспертызу лічбавай апаратуры можна толькі ў сэрвісных цэнтрах, якія гэтую ж апаратуру і прадаюць.

Уладзімір Клешч дапамагае высветліць праблемы не толькі з таварамі. Аднойчы да яго звярнуўся афіцэр з Краснага, які прывёз сына падстрыгчыся. Стрыжка атрымалася зусім непрафесійнай. Старшыня АПС пайшоў у цырульню, патлумачыў, што канкрэтна яны зрабілі няправільна, паказаў, у якім месцы “Закона аб абароне правоў спажыўцоў” акрэсленая гэтая сітуацыя. У выніку сына афіцэра бясплатна стрыглі ў гэтай цырульні яшчэ некалькі месяцаў.

Адна маладзечанка набыла за 11 мільёнаў аўтамабіль, які быў у карыстанні. Яе падманулі, прадаўшы машыну з недахопамі. Гэта адна з пяці скаргаў, якія даводзіцца вырашаць праз суд. Калі скаргу немагчыма вырашыць інакш, судовая справа можа цягнуцца некалькі гадоў.

Чэк усяму галава

Але нават самы кваліфікаваны абаронца спажывецкіх правоў не зможа дапамагчы, калі ў вас няма чэка. Любы чалавек, які аказвае платныя паслугі, павінен даць вам гэты “дакумент”. Як у кожным магазіне і кіёску, так і ў цырульнях, на рынку.

У кожнага прадаўца і на новым, і на старым рынку ёсць касавыя апараты. Калі прадавец не выдае вам чэк сам − нагадайце, таму што без яго вы губляеце свае спажывецкія правы.

Вярнуць ці абмяняць тавар добрай якасці, які па нейкай прычыне не падыходзіць, можна толькі тады, калі той захаваў таварны выгляд і спажывецкія якасці. Калі ж набыты тавар аказаўся няякасным, то спажывец мае права абмяняць яго і без тары на аналагічны выраб добрай якасці. Калі аналагічнага тавару няма, прадавец павінен аддаць грошы за няякасную пакупку.

Вярнуць ці абмяняць тавар можна на працягу 14 дзён з моманту набыцця. Прадавец жа павінен задаволіць патрабаванне пакупніка адразу ж, а калі гэта немагчыма − на працягу 7 дзён.

Хто абароніць абаронцу?

Старшыня арганізацыі АПС прымае скаргі спажыўцоў кожны аўторак і сераду з 16 да 18 гадзін па вуліцы Ясінскага, 25. Па суботах і серадах − з 10 да 14 на старым і новым рынках.

У свае 76 гадоў Уладзіміра Кляшча цягне да грамадскай дзейнасці. Але моцнай падтрымкі сваёй справы ён не адчувае. Грошы, якія павінны пералічваць рынкі, рэчавы і прадуктовы, выплачваюцца нерэгулярна. А спажыўцоў, якім патрэбны абаронца, не меншае.

Зоя ХРУЦКАЯ.