Адзіным беларускамоўным спектаклем быў “Усміхніся, прынцэса…”, падрыхтаваны драматычным калектывам “Вясёлка” Красненскай сярэдняй школы (кіраўнік Алена Халявінская).
Раённы фестываль дзіцячых тэатральных калектываў “Малая Сакавіца” прайшоў 30-31 сакавіка. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” правёў фэст у чацвёрты раз.
Гэтае свята тэатра аб’яднала каля 150 юных аматараў драматычнага мастацтва з розных устаноў адукацыі раёна. Яшчэ за месяц да асноўнага дзейства аргкамітэт атрымаў 12 заявак на ўдзел у фестывалі ад тэатральных калектываў з Маладзечна, мястэчкаў Чысць і Радашкавічы, вёсак Краснае, Выверы і Гарадзілава. Восемь з іх сталі фіналістамі і паказалі свае спектаклі 30 сакавіка на сцэнах гімназіі №10 і СШ № 4.
“Тэатральны фестываль – гэта заўсёды свята, – звярнулася да ўдзельнікаў конкурсу старшыня журы Таццяна Бабей. – Мы будзем ўлічваць усё: музычнае і мастацкае афармленне спектакля, рэжысёрскую працу, і, самае важнае, сцэнічную культуру”.
Нягледзячы на тое, што на сцэну выходзілі не прафесіяналы, а юныя артысты, кожны спектакль быў дастойны ўвагі.
Яркім музычным афармленнем вылучалася сярод іншых казка “Прыгоды ў каралеўстве старых паштовак” у выкананні выхаванцаў музычна-тэатральнай студыі “ТэаМуз” гімназіі №6 (кіраўнік Ксенія Мейсак). Сама назва калектыва ўключае ў сабе два словы: “тэатр” і “музыка”, таму ўжо не першы год дзеці і педагог аб’ядноўваюць у сваёй дзейнасці гэтыя віды мастацтва.
“Школьныя гісторыі” расказалі і паказалі выхаванцы тэатральнага калектыва “Палітра” гімназіі №10 (кіраўнік Людміла Рошчына), і гэта быў прыклад высокага ўзроўню моўнай культуры. Магчыма хтосьці з гледачоў пазнаў ў некаторых персанажах спектакля сябе.
Праблему аховы прыроды ўзнялі ў спектаклі “Восеньская гісторыя” удзельнікі гуртка “Экалагічны тэатр” гімназіі №3 (кіраўнік Галіна Гулевіч). Калектыў быў адзначаны дыпломам “За высокі выхаваўчы патэнцыял спектакля”.
“Восеньская гісторыя” ў выкананні “Экалагічнага тэатра” гімназіі №3.
Казку “Доктар Айбаліт” ведаюць, напэўна, усе, аднак гледачы з цікавасцю сачылі за прыгодамі падчас выступлення гуртка “Шанс” Выверскай СШ-сада (кіраўнік Тамара Пшэннік). Ролю галоўнага героя выконвала Валерыя Пшэннік. “Гэта было такое цудоўнае ўвасабленне ў ролю, што мы адразу не маглі зразумець, хлопчык гэта іграе ці дзяўчынка”, – падзялілася ўражаннямі член журы, актрыса МАДТ Эмілія Ларыёнава.
Яскравыя эмоцыі пакінулі і спектаклі лаўрэатаў фестывалю. Імі сталі адразу два калектывы: “Балаганчык” гімназіі-каледжа мастацтваў (кіраўнік Вікторыя Варатынская) і тэатральны калектыў 4“В” класа гімназіі №10 (кіраўнік Алена Баштык).
“Балаганчык” гімназіі-каледжа мастацтваў прадставіў спектакль “Цырк “Шапіто”.
Падчас фестывалю не абышлося без невялікіх кур’ёзаў: то падводзілі дэкарацыі, то вусы адклейваліся, то гераіня не спраўлялася з “кіраваннем” камп’ютарным крэслам, на якім ехала. Аднак гэтыя дробязі не перашкаджалі атрымліваць асалоду ад убачанага.
Пры выбары рэпертуару ўдзельнікі фестывалю аддавалі перавагу казкам – “Свінапас”, “Вясёлая карэта”, “Запрашэнне ў казку”…
Адзіным беларускамоўным спектаклем была пастаноўка “Усміхніся, прынцэса…”, якую падрыхтаваў драматычны калектыў “Вясёлка” Красненскай сярэдняй школы (кіраўнік Алена Халявінская). Самымі малодшымі ўдзельнікамі сталі выхаванцы гуртка цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”, які знаходзіцца ў пасёлку Радашковічы (кіраўнік Наталля Маскалевіч). А самымі старэйшымі – васьмікласнікі гімназіі №10 (кіраўнік Ала Гулевіч).
Цырымонія закрыцця фестывалю адбылася на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Юных акцёраў вітаў дырэктар МАДТ Юры Крывенькі і ўзорны тэатр-студыя “ТэсТ” гімназіі №10 (кіраўнік Таццяна Бабей), які прадставіў спектакль “Жаніхі” па п’есе Мікалая Гогаля. Калектывы атрымалі дыпломы і памятныя падарункі. 25 удзельнікаў фестывалю былі адзначаныя дыпломамі “За яркае выкананне ролі”.
Ірына Рудзько, выхаванка клуба юных журналістаў “Маладзік”.
Фота Віталя МЛЕЧКІ.