У сакавіку гэтага года мяжу ў пункце пропуску Каменны Лог перасякло на 6,5% больш людзей, чым летась. Транспартных сродкаў стала больш на 10,3%.

Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Ігар Рачкоўскі падчас он-лайн-канферэнцыі, якая адбылася 7 красавіка на сайце Белтэлерадыёкампаніі, не толькі агучыў статыстыку, але і патлумачыў прычыны з’яўлення чэргаў на мяжы.

Паводле яго слоў, чэргі на мяжы ўзніклі як па аб’ектыўных, так і па суб’ектыўных прычынах:

– Тут сышліся адразу некалькі праблем. Першая – 1 ліпеня пачынаюць дзейнічаць новыя мытныя стаўкі па легкавым аўтамабільным транспарце. Людзі масава паехалі ў Еўразвяз купляць машыны – плынь павялічылася на дзесяткі тысяч аўтамабіляў. Другая праблема – розніца ў коштах на паліва ў Беларусі і краінах Еўразвязу. Трэцяе праблема – прадукты харчавання і і іншыя тавары. Людзі, не парушаючы нормы ўвозу, выязджаюць і ўязджаюць, што таксама стварае чэргі. І лягчэй за ўсё вырашыць праблему, як кажуць, рассекшы вузел. Напрыклад, ад заўтрашняга дня прыняць новыя мытныя пошліны, павысіць цэны на паліва ў Беларусі і г.д. Але каму мы зробім горш?.. Таму просім і нашых грамадзянаў: калі ў каго ёсць свежыя ідэі, як вырашыць праблему, то мы гатовыя іх разгледзець.

Цяпер, па словах Ігара Рачкоўскага, нагрузка пікавая. Дзяржаўны пагранічны камітэт гатовы павялічыць колькасць супрацоўнікаў. Але сумежны бок не пойдзе на такі крок.

– У іх больш жорсткія ўмовы па працы, па колькасці людзей, якія знаходзяцца ў пункце пропуску, плюс на бюджэце ведамстваў сказаўся эканамічны крызіс. І ў Прыбалтыцы, і ў Польшчы ідзе скарачэнне пагранічнікаў. Але на навагоднія святы мы змаглі разгрузіць пункты пропуску, даўшы ў Інтэрнэце інфармацыю аб зручных накірунках руху. Звесткі на нашым сайце даюць аб’ектыўную карціну па чэргах з беларускага боку, але на сумежны бок зайсці не можам. Таму апытваем тых, хто едзе праз мяжу, так што гэтая інфармацыя не заўсёды дакладная, – сказаў Старшыня Дзяржпагранкамітэта.

На пытанне, чаму пры ўездзе і выездзе, напрыклад, праз пункт пропуску Каменны Лог, беларусы, якія едуць па “зялёным канале”, вымушаныя стаяць у агульнай чарзе, Ігар Рачкоўскі адказаў:

– Гэта не капрыз. Там раздзяліць гэтыя патокі ў самым пачатку на сённяшні дзень у прынцыпе немагчыма. Раздзяленне патокаў адбываецца пры ўездзе ў пункт пропуску. Сумесна з Мытным камітэтам да лета плануем стварыць асобныя каналы для ўезду менавіта грамадзян Мытнага саюза.

Праз мяжу – без візы

Старшыня Дзяржпагранкамітэта таксама сказаў, што ўжо ў другой палове 2011 года можа пачаць дзейнічаць так званы “малы прыгранічны рух” – жыхары прыгранічных тэрыторый, у тым ліку і нашага рэгіёна, змогуць без візаў наведваць суседнія краіны. Поўны пералік сельсаветаў, якіх гэта будзе тычыцца, можна паглядзець на сайце rh.by па спасылцы https://rh.by/by/105/10/2620/.

– Я б хацеў нагадаць, што гэтыя пытанні абмяркоўваліся яшчэ да ўступлення Літвы, Латвіі і Польшчы ў Шэнгенскае пагадненне. Неаднойчы нашымі калегамі з суседніх краін падымалася пытанне аб будаўніцтве пунктаў спрошчанага пропуску. Але гэта было нераэнтабельна, бо тады сумежную тэрыторыю маглі наведваць толькі жыхары прыгранічных сельскіх саветаў. Мы пераконвалі, што гэтую катэгорыю трэба пашыраць. па ініцыятыве нашых калег у краінах, што ўступілі ў Шэнгенскае пагадненне, у Шэнгенскім кодэксе з’явілася выключэнне: грамадзянам прыгранічных тэрыторый (у межах 30-кіламетровай зоны, у выключных выпадках да 50 км) дазволена без візаў наведваць сумежныя дзяржавы. Калі ўзяць Літву, то новаўвядзенне закране 800-900 тысяч чалавек з боку Літвы і 600 тысяч жыхароў Беларусі, – сказаў Ігар Рачкоўскі.

Цяпер, паводле яго слоў, урад разглядае пытанне аб павелічэнні колькасці спецыялістаў пагранічнага кантролю – людская плынь узрасце, на думку старшыні пагранічнага камітэта, мінімум на 30%.

– Гэтым пытаннем займаюцца Міністэрствы замежных спраў. Дамова паміж урадамі Беларусі і Польшчы аб правілах прыгранічнага руху ратыфікаваная Беларуссю 1 снежня 2010 года, Польшчай – 26 чэрвеня 2010 года. Пагадненне паміж Беларуссю і Літвой наша краіна ратыфікавала 10 студзеня 2011 года, Літва – 22 снежня 2010 года. Аналагічныя дамоўленасці з Латвіяй наш парламент ратыфікаваў 31 снежня 2010 года, сейм Латвіі – 9 лістапада 2010 года. Цяпер павінны прайсці тэхнічныя кансультацыі, абмен нотамі, службы падрыхтуюцца, пасля чаго ўсё павінна запрацаваць. Наколькі гэта будзе хутка… Не варта казаць, што заўтра, але ў другой палове 2011 года гэта рэальна.

Падрыхтавала Святлана ЦІШКО.

Даведка “РГ”. Ігар Анатолевіч Рачкоўскі нарадзіўся ў 1968 годзе ў Смаргоні. У 1990 годзе закончыў камандна-інжынерны факультэт Рыжскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, у 1996-м – курсы Інстытута нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, у 2001-м – Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Правазнаўства”. У пагранічных войсках з верасня 1998 года. На пасаду старшыні Дзяржаўнага камітэта пагранічных войскаў назначаны ў 2007 годзе.