На Маладзечанскім станкабудаўнічым заводзе завышаўся кошт выпушчанай прадукцыі. На прадпрыемстве не даведзеныя да канца будаўніцтва і рэканструкцыя некаторых аб’ектаў. Завод вінаваты Міністэрству прамысловасці амаль 124 мільёны рублёў.

Шэраг памылак, пралікаў і парушэнняў у дзейнасці станкабудаўнічага завода выявілі спецыялісты Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю.

Паводле праведзенай праверкі, у снежні 2009 года і студзені 2010-га станказавод, які дагэтуль быў рэспубліканскім прадпрыемствам, мяняў форму ўласнасці на адкрытае акцыянернае таварыства. У працэсе змены пераацэньваўся кошт маёмасці прадпрыемства. У выніку дапушчаных памылак, кошт гэтай маёмасці быў завышаны на суму 4 мільярды 750 мільёнаў рублёў.

У 2002 годзе станказавод узяў у “Беларусбанка” крэдыт. Гарантам выплаты пазыкі тады выступіла Міністэрства прамысловасці. Калі завод не разлічыўся па крэдыту, Міністэрства за яго выплаціла банку 123 мільёны 800 тысяч рублёў. Грошы былі ўзятыя з інавацыйнага фонду. Да сённяшняга дня завод не вярнуў пазыку.

Акрамя гэтага, адкрытае акцыянернае таварыства “Маладзечанскі станкабудаўнічы завод” мае запазычанасць па адлічэннях у інавацыйны фонд у памеры больш за 60 мільёнаў рублёў.

На працягу некалькіх гадоў, каб разлічыцца з даўгамі па падатках, зборах і крэдытах, прадпрыемства з аўкцыёна распрадавала свае збудаванні. Пры гэтым прадаваліся толькі будынкі, а не камунікацыі, якія там знаходзяцца. Новыя гаспадары будынкаў карысталіся камунікацыямі, не афармляючы на іх арэнду. А гэта з’яўляецца парушэннем.

У сабекошт прадукцыі, якую выпускаў завод, неабгрунтавана ўключаліся затраты, якіх насамрэч не было. У выніку павялічваўся адпускны кошт прадукцыі. А яе колькасць завышалася.

Прадпрыемства “Маладзечанскі ліцейны завод” карысталася памяшканнямі адміністрацыйна-бытавога корпуса станказавода без заключэння дагавора арэнды. З-за парушэння заканадаўства па арэндзе нерухомасці станкабудаўнічы завод у 2009 годзе не атрымаў больш за 8 тысяч 600 еўра. У 2010 годзе неатрыманая сума за арэнду склала 25 мільёнаў 300 тысяч рублёў.

Праверка паказала: невядома як выкарыстоўваліся грошы, патрачаныя на будаўніцтва і рэканструкцыю аб’ектаў на тэрыторыі прадпрыемства. Узвядзенне некаторых з іх пачалося яшчэ перад 1998 годам і дагэтуль не завершанае. З улікам пераацэнкі на сённяшні дзень, сума грошай, якія невядома куды і невядома навошта патрацілі, складае 3 мільярды 80 мільёнаў рублёў.

Па выніках праверкі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя сем службовых асоб прадпрыемства. Яны атрымалі штрафы ад 4 да 30 базавых велічынь (ад 140 тысяч да 1 мільёна 50 тысяч рублёў). 13 службовых асоб прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці. Ім вынесеныя заўвагі і вымовы.

Матэрыялы праверкі дзейнасці адкрытага акцыянернага таварыства “Маладзечанскі станкабудаўнічы завод” перададзеныя ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Мінску і Мінскай вобласці.

Маладзечанскі міжраённы камітэт дзяржкантролю.

Фота rh.by.