Задача дыспетчара домакіраўніцтва, ці, калі называць пасаду правільна, размеркавальніка работ, заключаецца ў тым, каб прыняць заяўку аб непаладках ад жыхароў і перадаць яе адпаведным майстрам. Здаецца, нічога мудрагелістага няма. Калі б справа абмяжоўвалася толькі гэтым…


Што ў “доміку” дыспетчара?

Вучыць мяне быць дыспетчарам пагадзілася Надзея Буслаўская, размеркавальнік работ домакіраўніцтва №1. Дыспетчар працуе ў кабінеце, які так і называецца − дыспетчарская.

Праца пачынаецца ў 8 гадзін раніцы, заканчваецца а 17 гадзіне. Абед з 12 да 13. На работу трэба хадзіць з панядзелка па пятніцу. Калі дыспетчар хварэе, на тэлефоне сядзіць хто-небудзь з майстроў.

Галоўны атрыбут рабочага месца − тэлефон, якіх у Надзеі адразу тры. На адзін тэлефануюць жыхары, каб пакінуць заяўку аб непаладках, на другі − каб паведаміць паказчыкі гарачай вады. Трэцім, мабільным, дыспетчар карыстаецца, каб быць заўсёды на сувязі з майстрамі, паведамляць пра новыя заяўкі.

Важную ролю іграюць журналы ўліку: журнал уліку заявак па бягучаму рамонце, па рамонце сантэхнічнага і электрычнага абсталявання. Ёсць таксама і асобны журнал, у якім рабочыя запісваюцца, калі тут жа, у дыспетчарскай, бяруць ключы ад цеплавузлоў. Акрамя журналаў, існуе спецыяльны спіс тых, хто не даў у тэрмін паказчыкі гарачай вады.

Спачатку праца дыспетчара падалася мне дастаткова нуднай і аднастайнай: падняла трубку, паслухала, запісала, пазваніла майстру, перадала заяўку. Я не вельмі верыла Надзеі, якая сцвярджала, што праца ў яе дастаткова складаная, а галоўнае, што патрэбна мець жалезныя нервы.

Межы адказнасці

Прычым тут нервы, я здагадвалася. Колькі даводзілася прысутнічаць пры гутарках “простых смяротных” з прадстаўнікамі камунальных службаў, спакойна яны не праходзілі. Звычайна людзі загаддзя настроеныя на сварку з камунальнікамі, бо, на іх погляд, менавіта па віне камунальнікаў цячэ дах, капае з крана вада, у пад’ездах валяюцца акуркі і існуюць усе астатнія бытавыя беды.

Я дапусціла, што гэтыя канфлікты ўзнікаюць з-за таго, што мяжа адказнасці камунальнікаў недастаткова выразна акрэсленая. Толькі Надзея пачала мне тлумачыць, што задачы работнікаў дакладна прапісаныя, як у кабінет зайшла абураная жанчына, якая пачала размову так: “З вамі разбярэшся тут! Я на вас усіх скаргу ў райвыканкам напісала!”

Жанчына была ўпэўненая, што давала паказчыкі гарачай вады своечасова. А ў спецыяльным спісе дыспетчара было адзначана, што паказчыкаў з гэтай кватэры не паступала, таму жынчыне налічылі сярэднюю лічбу нагрэву вады. Надзея заверыла, што ў яе памылка немагчымая − як толькі чалавек пазваніў дыспетчару, яна адразу ж адзначае званок у адпаведным журнале.

Жыхарка накіравалася ў бухгалтэрыю − высвятляць сітуацыю далей, а Надзея Буслаўская ўжо адказвала на чарговы званок:

− Ваша заяўка ўжо запісаная… Рабочыя на аварыі, там будаўнікі ацяпленне рванулі… Справяцца – будуць у вас, − устаўляла яна кароткія фразы ў паток абурэння.

Адразу ж тэлефануе па мабільным майстру −  нагадаць, на які адрас трэба выязджаць, калі закончаць рамантаваць ацяпленне.

− Я разумею жыхароў, − гаворыць дыспетчар. − Усім хочацца, каб дома быў парадак. Але магчымасці домакіраўніцтва не бязмежныя. Усе заяўкі фіксуюцца, і кожная мусіць быць задаволенай. Аднак у першую чаргу майстры выязджаюць на аварыі − затапленні кватэр, затапленне падвалаў, калі вада падымаецца ў кватэру, на іншыя неадкладныя выклікі. Аварыі не прадугледзіш, таму жыхарам, у якіх не вельмі тэрміновыя заяўкі, даводзіцца чакаць.

Хто крычыць грамчэй?

Пасля яшчэ некалькіх званкоў і візітаў жыхароў я добра зразумела, чаму Надзея гаварыла пра нервы. У мяне заставалася толькі адно пытанне: як у яе атрымліваецца заставацца такой спакойнай і ветлівай? Нават мне, пабочнаму чалавеку, пачала балець галава. Здавалася, што некаторыя грамадзяне правакавалі дыспетчара згуляць у гульню “хто грамчэй крычыць?”

Асабіста я прытрымліваюся меркавання, што вырашэнне любой праблемы стане прадуктыўным, толькі калі суразмоўцы будуць размаўляць, а не крычаць. А таксама, што грамчэй за ўсіх крычыць той, каму найбольш патрэбная цішыня. Наўрад ці кожнага чалавека можа так вывесці з сябе адзін толькі кран, які працякае. Хутчэй за ўсё, на яго наваліліся іншыя праблемы, і апошней кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення, становіцца штосьці кшталту гэтага самага крана.

Дыспетчар расказала, што дзень на дзень не прыходзіцца. Бывае так, што заяўкі сыплюцца адна за адной, а бываюць і ціхія дні, як сёння. Я вельмі здзівілася. Значыць, дзясятак званкоў ад абураных у рознай ступені жыхароў, чатыры візіты, адзін з якіх змяшчаў адкрытую пагрозу, усё гэта за паўтары гадзіны − гэта ціхі дзень?

Надзея прызналася, што бываюць яшчэ і вельмі цяжкія дні. Пасля такіх даводзіцца адпойвацца валер’янкай. Сама яна раней працавала маляром, але з’явілася неабходнасць змяніць рабочае месца па стане здароўя.

− У прынцыпе, работа нармальная, − лічыць Надзея Буслаўская. − Аднак перажываць гэтыя надзвычай нярвовыя дні за 600 тысяч… Хочацца, каб людзі былі больш добразычлівымі і спакойнымі. Мы старанна працуем, але не заўсёды ўсё залежыць ад нас.

Званок

Пакуль пасля такога экскурсу ў прафесію я распытвала, што трэба рабіць, як возьмеш трубку, галоўным чынам адцягваючы гэты, магчыма, непрыемны момант, у дыспетчарскую заходзілі па розных справах работнікі домакіраўніцтва.

Адзін майстар, даведаўшыся аб мэце майго знаходжання ў дыспетчарскай, заўважыў, што дыспетчар домакіраўніцтва №1 − адна з самых ветлівых, уважлівых, добразычлівых. Не магу казаць пра іншых дыспетчараў, але я ў чаканні званка з заяўкай, на які павінна была адказаць, думала: як бы ўкрасці кавалачак Надзейнага спакою?

Асабліва разважаць мне не давялося, таму што званок доўга чакаць сябе на прымусіў.

− Домакіраўніцтва, − нервова, але ўсё ж дзелавіта адказваю я.

Мужчына сталага ўзросту гаварыў даволі спакойна, але з ноткай прэтэнзіі:

− Наверсе ў нас работы вядуцца, на даху. А ў мяне вады няма, можа, з-за гэтага?

Усё, чаму вучыла Надзея, вылецела з галавы. Дыспетчар спакойна падказвае: адрас, пасля абеда.

− А які ў вас адрас? − пытаюся ўжо проста нервова. − А дома будзеце?.. Не, абавязкова патрэбна, каб дома былі, калі рабочыя прыедуць… Добра, чакайце пасля абеду, усё праверым.

Паклала я трубку з вялікай палёгкай. Увесь дзень размаўляць з людзьмі, частка якіх апрыёры накіроўваюць размову ў канфліктнае рэчышча, ведаць, дзе які работнік і колькі ён там будзе, арганізоўваць і садзейнічаць эфектыўнасці працы рабочых домакіраўніцтва… Для гэтага сапраўды, трэба мець жалезныя нервы!

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Надзеі БУСЛАЎСКАЙ.