Смерць сябра ад перадазіроўкі наркотыкаў прымусіла Мікалая па-іншаму паглядзець на жыццё. Перад гэтай трагічнай падзеяй малады чалавек два з паловай гады ўжываў наркотыкі.

Цяпер Мікалай пазбавіўся ад наркатычнай залежнасці і пагадзіўся расказаць пра небяспечную звычку.

– Мікалай, пры якіх абставінах ты ўпершыню пакаштаваў наркотыкі?

– Гэта было на дзень нараджэнне майго сябра. Ён прапанаваў нашай кампаніі пацешыцца. Усе пагадзіліся. Праз некалькі хвілін сябар прынёс “траўку”. Ні адзін з прысутных ніколі яе не каштаваў, таму на плечы гаспадара была ўскладзеная задача сабраць бульбулятар – прыладу для курэння. І вось, калі ўсё было гатова, мы паспыталі “цуда-траву”. Спадабалася. І на наступны дзень вырашылі сабраць грошы, каб зноў адчуць тое, што адчулі ў першы раз.

– Раскажы пра першыя адчуванні.

– Ад “травы” спачатку на смех кінула, а поты станавілася лёгка. З’яўлялася нейкая лжывая самаўпэўненасць – не такая, як ад алкагольных напояў, а лягчэйшая. Але, калі крыху перадазіроўваў, то адчувалася млоснасць, моцна балела галава.

– Вы курылі ўвесь час гуртам або разышліся?

– Спачатку гуртам, а потым я пераехаў у іншы горад. Пачаў сам купляць наркотыкі. Прымаў іх часцей вечарам ці перад тым, як пайсці на дыскатэку. А таксама перад сустрэчай з маёй дзяўчынай.

– Калі ты зразумеў, што залежыш ад наркотыкаў?

– Спачатку залежнасці не было. А пасля нават не заўважыў, што апынуўся ў кратах, з якіх нельга было выйсці. У той час я вучыўся ва ўніверсітэце і крыху падзарабляў. На працы атрымоўваў капейкі і тут жа траціў іх на зелле. Праз сябра знаходзіў танныя наркотыкі. Залежнась ад іх узрастала з вялікай хуткасцю. А вось усе прыемныя адчуванні губляліся.

– Хто-небудзь ведаў пра тваю залежнасць ад наркотыкаў?

– Родныя не ведалі. Кожны дзень баяўся, што ў любы момант яны даведаюцца, што я наркаман. Прыходзілася хавацца. Пра маю залежнасць ведалі толькі новыя сябры і мая дзяўчына. Дарэчы, у яе не было залежнасці ад наркотыкаў. Рознымі шляхамі яна спрабавала дапамагчы мне пазбавіцца дрэннай звычкі, але я не слухаў.

***

Прайшло амаль два з паловай гады з таго часу, як Мікалай упершыню пакаштаваў наркотыкі. Яго цела змяніла аблічча. Цяпер маладога чалавека нельга было пазнаць. Здавалася, што жыццё хутка скончыцца…

Не заганяйце сябе ў наркатычны тупік. Выбрацца з яго вельмі цяжка.

У гэты час яму тэлефануе сястра сябра. Іх размова працягваецца не больш за пяць хвілін. Яна паведамляе Мікалаю, што брат памёр ад перадазіроўкі наркотыкамі.

Гэта і стала пераломным момантам у жыцці маладога чалавека. З таго часу ён самастойна адмовіўся ад наркотыкаў.

– Спачатку было цяжка. Пачыналася “ломка”, – расказвае Мікалай, – але жаданне жыць перамагло. Я трымаўся з усіх сіл. Пачаў займацца спортам. Знайшоў сабе заняткі па інтарэсах. Мой стыль жыцця цалкам змяніўся. Вярнуліся старыя сябры. Толькі цяпер я зразумеў, што жыццё магло абарвацца так хутка.

Бывае, лёс заводзіць чалавека ў тупік, з якога цяжка выбрацца. Наркатычная залежнасць – адзін з такіх тупікоў. Трэба мільён разоў падумаць, ці варта каштаваць “цудадзейныя прэпараты”? Бо, аднойчы пакаштаваўшы, можна раз і назаўсёды згубіць сваіх блізкіх і сяброў, асудзіць сябе на смерць альбо вечную адзіноту.

Валеры ПІНЧУК, клуб юных журналістаў “Маладзік”.

Фота roddom.mk.ru.