Сёлета на Маладзечаншчыне ўпершыню за больш чым 20 гадоў на туберкулёз захварэла дзяўчынка-падлетак з кантактнага ачага. Доўгі час маладзечанскія медыкі паспяхова аберагалі ад хваробы тых дзяцей, якія жывуць побач з захварэўшым на туберкулёз.
− Падлеткі − гэта наогул максімальна падвержаная туберкулёзу група насельніцтва, − тлумачыць загадчыца дыспансернага аддзялення Маладзечанскага супрацьтуберкулёзнага дыспансера Тамара Навіцкая. − Яны перажываюць момант фізічнага росту, а імунітэт не паспявае. Вялікі стрэс прыносіць чаканне паступлення. А стрэс − гэта заўсёды пускавы механізм для любога захворвання, у тым ліку і туберкулёзу.
У нас лепш, чым у свеце
Па словах Тамары Навіцкай, ва ўсім свеце колькасць хворых на туберкулёз павялічваецца, але ў Маладзечанскім раёне сітуацыя стабільная. Узровень хворых ніжэйшы, чым па Мінскай вобласці, у многім дзякуючы пастанове райвыканкама аб неабходнасці праходзіць флюараграфію раз на год, а не раз на два гады, як у большасці іншых раёнаў.
Найбольшая колькасць выпадкаў захворвання выяўляецца якраз падчас праходжання чарговай флюараграфіі. Але нягледзячы на сур’ёзныя меры папярэджвання хваробы, наладжаныя на Маладзечаншчыне, узнікаюць і кур’ёзныя выпадкі.
Нядаўна, напрыклад, на адну з фермаў раёна прынялі жанчыну без флюараграфіі. Наймальнік не мае права прымаць на працу чалавека, у якога флюараграфія пройдзеная больш за шэсць месяцаў таму.
Ёсць і яшчэ адно абмежаванне, звязанае з гэтым захворваннем. Згодна з Дэкрэтам №18, чалавек з адкрытай формай туберкулёзу не мае права выконваць бацькоўскія абавязкі. На час, пакуль ён выдзяляе мікабактэрыю, змяшчаецца ў стацыянарную лячэбніцу. Пры звычайным туберкулёзе гэта цягнецца каля двух месяцаў. Калі захворванне перайшло ў закрытую форму, яшчэ чатыры месяцы чалавек прымае лекі, але ўжо дома − сям’ю ён не заразіць.
І ўсё было б не так страшна, калі б хворыя не перарывалі лячэнне. Мікабактэрыя туберкулёзу надзвычай устойлівая, вылечыцца можна толькі рэгулярна прымаючы лекі ў неабходнай колькасці. Перарванае лячэнне фарміруе лекавую ўстойлівасць арганізма, і лекі першай лініі ўжо не дзейнічаюць.
− Зараз туберкулёз не той, што быў нават пяць гадоў таму, − гаворыць загадчыца дыспансернага аддзялення. − Хворым, у якіх выпрацавалася лекавая ўстойлівасць, неабходна прымаць лекі другой лініі − яны горш пераносяцца арганізмам, прымаюцца не паўгода, а паўтара, спачатку ўзнікаюць пабочныя эфекты. Але гэтыя два-тры тыдні трэба перацярпець, асіліць, бо сэнс лячэння мае значная доза прэпарата і бесперапыннасць яго прыняцця.
Кожны выпадак унікальны
Сёлетні выпадак захворвання Тамара Навіцкая тлумачыць тым, што бацька дзяўчынкі-падлетка хворы на туберкулёз, а сама яна − інвалід з дзяцінства. Фактычна, гэта спалучэнне неабходных умоў, каб захварэць на сухоты − кантакт з носьбітам хваробы плюс аслаблены імунітэт.
Хваробу знайшлі дзякуючы прафілактыцы. Дзяўчынка трапіла ў хірургічнае аддзяленне. Так як яна мела кантакт з хворым на туберкулёз, ёй зрабілі рэнтген лёгкіх. І выявілі туберкулёз.
− У гісторыі супрацьтуберкулёзнага дыспансера былі і іншыя выпадкі захворвання, − гаворыць Тамара Навіцкая. − На шчасце, іх не так шмат, але кожны з іх − унікальны.
Быў выпадак, калі ў дзяўчынкі з сельскай мясцовасці мікабактэрыю знайшлі ў лімфавузлах пахавай вобласці. Гэта аказаўся бычыны тып захворвання. Хутчэй за ўсё, у арганізм ён трапіў з некіпячоным малаком. Такі туберкулёз лечыцца хутчэй і лягчэй.
Быў і такі выпадак, калі дзяўчынцы ўпершыню пробу Манту зрабілі ў 12 гадоў, і тая аказалася падазрона вялікай. Зрабілі рэнтген − і ўбачылі сляды асіленага туберкулёзу. Аказалася, што тата дзяўчынкі меў адкрытую форму захворвання, але ён памёр, калі дачцэ не споўнілася і года. Бацька заразіў дзяўчынку палачкай Коха, але хвароба не развівалася.
У тры гады дзяўчынка звалілася ў каналізацыйны калодзеж і пасля гэтай падзеі доўга хварэла. Была слабая, бледная, страціла апетыт − сваякі спісвалі гэта на перажыты стрэс. Аказалася, што арганізм дзяўчынкі сам перасіліў туберкулёз.
Хвароба развілася з-за стрэсу, а проба Манту выяўляе мікабактэрыю, нават калі яна ўжо асіленая арганізмам. Таму гэтую пробу і не робяць дарослым − большасць з нас інфіцыравана мікабактэрыяй.
Калі дзяўчынка вырасла, то паступіла ў медыцынскі каледж. І пачала заўважаць, што зніжаецца зрок. Акуліст заўважыла бугаркі на сятчатцы − у дзяўчыны выявіўся паўторны туберкулёз, ужо на вачах. Яна вылечылася, але зрок ў такіх выпадках не аднаўляецца. Паўторнае захворванне можна звязваць з перажытым стрэсам падчас паступлення.
Яшчэ адзін маладзечанец, музыкант-духавік, захварэў на фоне боязі не паступіць у кансерваторыю. Другі хлопец з горада захварэў з-за акурка. Як некаторыя ядуць мел, так ён абсмоктваў акуркі, падабраныя на вуліцы. Арганізму не хапала нейкага элементу, у пошуках якога хлопец знайшоў акурак бацылавыдзяляльніка і захварэў на туберкулёз.
Малады салдат не мог ніяк патрапіць у цэль на стрэльбішчы. Раззлаваны камандзір адправіў да акуліста. Аказалася − туберкулёз вачэй.
Каб не захварэць
− Захварэць на туберкулёз можа кожны, − папярэджвае Тамара Навіцкая. − Але каб хвароба не развівалася, неабходна падтрымліваць імунітэт, напрыклад, натуральнымі тлушчамі, мёдам, алоэ. Безумоўна, весці здаровы лад жыцця і па магчымасці знізіць кантакт з хворым на туберкулёз. Мікабактэрыя баіцца свежага паветра і сонечных промняў. Беражыцеся самі, а асабліва беражыце сваіх дзяцей.
Зараз на ўліку ў Маладзечанскім супрацьтуберкулёзным дыспансеры стаіць 256 чалавек з закрытай формай і 176 – з адкрытай.
Зоя ХРУЦКАЯ.
Даведка “РГ”.
Туберкулёз − распаўсюджанае інфекцыйнае захворванне. У спісе прычын смяротнасці ад інфекцыйных захворванняў займае першае месца на планеце. Узбуджальнік хваробы − палачка Коха, ці мікабактэрыя туберкулёзу. Звычайна палачка трапляе ў арганізм пры ўдыху, магчымы шлях перадачы − пры кантакце з рэчамі, заражанымі ўзбуджальнікам туберкулёзу.
Найбольш распаўсюджаная форма захворвання − туберкулёз лёгкіх. Адрозніваюць адкрытую форму туберкулёзу, калі хворы выдзяляе ў навакольнае асяроддзе ўзбуджальнікаў хваробы пра кашлі, чханні, і закрытую, калі мікабактэрыя не выдзяляецца.