Міліцыя перадала ў суд крымінальную справу, узбуджаную супраць браканьера з Мінска, які 2 красавіка ў меліярацыйным вадаёме каля вёскі Букатова Вішнеўскага сельсавета электравудачкай вылавіў 42 шчупакі і 4 налімы.

Справа ўзбуджаная па чацвертай частцы 281 артыкула Крымінальнага кодэкса – незаконная здабыча рыбы ў забаронены час з выкарыстаннем забароненых прылад лоўлі з нанясеннем шкоды ў асабліва буйным памеры.

Намеснік пракурора Валожынскага раёна Віталь Юрэвіч расказаў у інтэрв’ю “РГ”: сума шкоды, нанесенай валожынскай лясной паляўнічай гаспадарцы, склала 28 мільёнаў 350 тысяч рублёў.

Па словах Віталя Юрэвіча, браканьер працуе ў Мінску электрыкам. Электравудачкі ён зрабіў сам. На недазволеную рыбалку ў перыяд нерасту, які будзе доўжыцца да 30 мая, мінчанін узяў з сабой дзве электравудачкі на той выпадак, калі адна з іх раптам не спрацуе.

Суму шкоды праваахоўнікі кваліфікавалі як асабліва буйны памер, таму што пры незаконнай рыбалцы ў час нерасту нанесены ўрон лічыцца з дабаўленнем павышаючых каэфіцыентаў. Адказнасць, прадугледжаная законам за такое злачынства, – да шасці гадоў пазбаўлення свабоды.

Віталь Юрэвіч расказаў таксама, што ў мінчаніна забралі яго аўтамабіль “Фольксваген-Пасат”, на якім ён прыехаў у Валожынскі раён. Машына можа быць канфіскаваная ў лік аплаты нанесенай браканьерам шкоды.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота multilovlya.ru.