У свае 26 гадоў Таццяна Беланогая − адна з найбольш вядомых бардаў Беларусі. Дзяўчына жыве ў Мінску, але родным горадам лічыць Маладзечна. Канцэрт, прысвечаны яе чацвёртаму альбому “Ніткі” адбудзецца 28 красавіка.

Таццяна Беланогая.

Таццяна любіць прастату.

У дзяцінстве.

Вандроўка з сябрамі на поездзе ў Варшаву.

Яна любіць пабыць адна, пагуляць па полі і паспяваць песні.

Малюнак “Дзяўчына. Месяц. Матылёк”.

Таццяна любіць натуральныя тканіны.

Толькі мы селі за столік у кавярні, як Таццяна дастала стос паштовак:

− Я яшчэ і малюю часам, раблю з малюнкаў такія паштоўкі. Выберыце сабе адну, калі ласка. Я іх звычайна прадаю. Але цяпер адчуваю, што трэба падарыць. Ёсць такія перыяды, калі адчуваеш, што павінна штосьці аддаць.

− З чым вы звязваеце гэтую перыядычнасць?

− А хвалі нейкія па жыцці. Я заўважаю, што насамрэч існуюць цыклы. Напрыклад, так з жаданнямі. Сёння я хачу, а заўтра ўжо не захачу. Дык трэба рабіць тады, калі хочаш. Вось мая сяброўка толькі што тэлефанавала. Проста паехала ў Кіеў і знайшла там працу, уяўляеце?

− Гэта інтуіцыя ці прадвызначэнне лёсу?

− Інтуіцыя. Раней я не хацела верыць, што гэта ўсё існуе. Мне хацелася ведаць, што ёсць пункты 1, 2, 3 і я іх па чарзе выконваю. Потым я зразумела, што жыццё быць такім не павінна і не можа. Мяне запрасілі да ўдзелу ў праекце па падрыхтоўцы да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, што мае адбыцца ў 2015 годзе. Столькі людзей сядзяць па сваіх кутках, а ёсць мноства спраў, якія трэба зрабіць, згуртаваўшыся. Пра гэта і мой новы альбом “Ніткі”.

− Пра згуртаванасць?

− Пра знітаванасць. Мы сядзім кожны па сваіх кутках, а трэба аддаваць сябе, нітачкі завязваць між сабой. Мяркую, што чым больш аддасі, тым багацейшым станеш. Трэба шукаць, каб нечага дасягнуць.

− А вы шукалі, ці ваш лёс сам на вас зваліўся?

− Я шукала і шукаю. Не магу сказаць, што на сто адсоткаў ведаю, хто я, што я і навошта я. У барда заўсёды ёсць два складнікі. Першы − прафесійны, а другі − гэта свабода. Бардаўскай песні не будзе без духу свабоды. А свабоду найперш дае чыстае сумленне.

− Што дае вам бардаўская песня?

− Я перажываю гэты цудоўны стан, калі адначасова адчуваю і боль, і радасць. І калі гэтае адчуванне ўва мне ёсць, я разумею, што іду па сваім шляху. А дзе я буду мець гэтае адчуванне − у музыцы, у маёй сям’і, якой  пакуль няма, але, спадзяюся, калі-небудзь будзе, ужо не так важна. Гэта мая надідэя − мне цяжка пераадольваць перашкоды. Але мне і радасна, бо праз іх пераадоленне я іду да сваёй мэты.

− Бардаўская песня − гэта ваш шлях?

− Калі прасачыць, то ў бардаўскай песні розныя героі − Эдуард Акулін, Алесь Камоцкі.  Ці мой шлях песня? Напэўна ж, мой, але я баюся так казаць. Раптам заўтра гэта знікне? Тады ж − усё.

− Чаму таленавіты бард абрала сваёй спецыяльнасцю геаграфію?

− Вельмі люблю геаграфію, вандроўкі, літаратуру. Люблю прыроду, яна вызначыла маю творчасць. За гады вучобы толькі пераканалася, што ўсе географы − вялікія рамантыкі.

− Ці давялося выкладаць у школе?

− Я выкладала англійскую мову, гэта мая другая вышэйшая адукацыя. Была настаўніцай у школе ў Ратамцы. Там мне вельмі падабалася, бо ў дзецей чыстыя душы. На жаль, мне давялося пакінуць настаўніцтва. Я мусіла легчы ў бальніцу: былі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Спадзяюся, што калі-небудзь я усё ж вярнуся ў школу.

− Таксама ў вясковую?

− Хутчэй за ўсё, калі будзе такая магчымасць.

− Вясковыя дзеці лепшыя за гарадскіх?

− Яны бліжэй да Бога, лепш чуюць слова. Вясковыя дзеці бліжэй да зямлі, а тая дае сілы. У іх больш развіты духоўны зрок, яны лягчэй бачаць сутнасць чалавека. Яны прасцейшыя.

− Вандроўкі, з-за якіх вы апынуліся на прыродазнаўчым факультэце, гэта горны альпінізм ці паездка на тыдзень у закінуты дом?

− (Смяецца). Не-не, усё значна прасцей! Вандроўка для мяне − гэта цягнік Мінск-Маладзечна. Ну, проста еду, аглядаю краявіды. І гэтыя дзве гадзіны для мяне − паўнавартасная вандроўка. Магу паехаць кудысьці з сябрамі, вандрую падчас гастроляў. А вандроўка для мяне − глядзець, што ў нас за зямля. Але ёсць і другі чыннік, які уплывае на вандроўку. Гэта людзі, з якімі я.

− Вандроўкі атрымліваюцца рознымі ў залежнасці ад спадарожнікаў?

− Ёсць людзі, з якімі я магу паехаць на шашлыкі. Я не кажу, што гэта кепска. Гэта цудоўна праведзены час, я выдатна адпачываю. І тут важная прастата людзей, з якімі я. Калі гэтыя людзі простыя, то няважна, як яны бавяць час. Калі людзі простыя, яны прыгожыя. І гэта іх прыгажосць мне вельмі падабаецца. Але ёсць і іншыя людзі, якія мне таксама падабаюцца. Яны нібы адчыняюць мне новы свет. Разумееце, ён нешта гаворыць, а ты ў сваёй галаве аналізуеш і кажаш сама сабе: “А вось я гэтага не ведала. Дзякуй табе”.

− На вас моцна ўплываюць словы гэтых людзей?

− Ёсць, напрыклад, беларускі бард Андрэй Мельнікаў. Вось ён скажа адну фразу − і я адчуваю, што стала іншай. Гэта не значыць, што ўсе гэтыя важкія фразы магу вам выдаць. Я іх амаль адразу забываю. Я дзяўчына, і памяць мая адпаведна кароткая. Але тое, што тыя словы ўва мне змянілі, усё адно застаецца дзесьці ў падсвядомасці. Яны застаюцца нібы дэкарацыі, дэкарацыі ж заўсёды на нас уплываюць, толькі мы гэта амаль ніколі не заўважаем. Напрыклад, зараз перарытае ўсё Маладзечна. Мы ўсе разумеем, што гэта для лепшага жыцця, што потым горад будзе значна прыгажэйшы. Але мы жывём тут і цяпер, і гэты разрыты горад − тыя дэкарацыі, якія ўплываюць на нас зараз.

− Якія кнігі вы любіце чытаць?

− Люблю чытаць кінасцэнарыі і крытыку да фільмаў. Падабаецца чытаць духоўную літаратуру. Напрыклад, Антоній Суражскі, Дзмітрый Смірноў. Гэта пропаведзі. Безумоўна, жыць так, як раяць у гэтых кнігах, не атрымаецца. Але ў такой літаратуры заўсёды шмат выдатных думак. Сярод іх, напрыклад, тое, што няма людзей, якія з’явіліся ў нашым жыцці выпадкова. Усе людзі, з якімі мы сустракаемся, дадзеныя нам для таго, каб мы лепш зразумелі самі сябе. Вось часам бачу чалавека і думаю: ну як можна быць такім самаўлюбёным? А потым задумваюся, а можа, і мне варта быць такой? Ну, я ж добрая, а ён − не вельмі. Можа, і мне штосьці ад яго ўзяць?

− Калі чалавек добры, ён павінен мець калючкі, каб абараняцца?

− На жаль, я часта заўважаю, што выдатныя, добры людзі нейкія забітыя, баяцца слова сказаць. Трэба ведаць сваю вартасць і шляхетнасць. Калі ў цябе багатая душа, не падкрэсліваць гэта, а ціха і спакойна, са шляхетнай годнасцю, утрымліваць гэтае пачуццё ў сабе. Ведаць, хто ты, а хто яны.

− А як утрымліваць пачуццё шляхетнасці, калі чалавек не асабліва ўпэўнены ў сабе?

− Таму і варта не шкадаваць падзякі. Трэба часцей казаць адно аднаму простае слова “дзякуй”, наогул гаварыць штосьці добрае. Гэтым ты стымулюеш яго самапавагу. І каэфіцыент карыснага дзеяння яго дзейнасці будзе большы. Я прайшла праз гэта, я працавала з людзьмі, якія прыніжалі годнасць. Я за іх малілася. І гэта мне дапамагло самой сабе сказаць: “Хопіць!” Цяпер я часта сустракаю людзей, якія кажуць мне “дзякуй”. І гэта дапамагае мне працаваць. Я разумею, што мая праца − гэта мая самапавага.

− Таццяна, а што вы лічыце сваёй працай? Толькі тое, што дае вам заробак?

− Усё (смяецца). Нават тое, што мы тут сядзім, я лічу сваёй працай. У ідэале ўсе тыя дзеянні, якія я лічу сваёй працай, мусяць працаваць на заробак і на маю самапавагу. Але фінансавы бок у маім жыцці размеркаваны такім чынам, што вельмі шмат ідзе на музыку.

− А ці застаецца на сябе, любімую?

− Не так шмат, як хацелася б. Дзяўчына мусіць увесь час быць у стане ўпрыгожвання. Жанчына мусіць быць прыгожай, таму што яна ад прыроды прыгажуня.

− А вам ці ёсць каму дарыць сваю прыгажосць?

− Ёсць чалавек побач са мной. Але я не ведаю, можа, ён мяне баіцца (смяецца).

− Таццяна Беланогая адчувае сябе знакамітасцю?

− Не дай бог, я адчую сябе знакамітай! Калі б я адчула сябе знакамітай, мяне б тут з вамі не было. Ці брала б у вас многа грошай за інтэрв’ю. Натуральна, што я не жадаю адчуваць сябе знакамітасцю. Але я абараняю сябе ад тых, хто бруднымі пальцамі лезе мне ў душу.

− Што слухаеце вы?

− Я слухаю Шынэйд А’Конар. Гэта ірландская спявачка і кампазітар, яе жанр − альтэрнатыўны рок. Яе музыка − найвышэйшы ўзровень прафесіяналізму.

− Што вы можаце сказаць пра беларускі шоу-бізнес?

− Як вы маглі заўважыць, яго няма. Ёсць афігенна таленавітыя людзі, але няма такога чалавека, які б зрабіў тое, што ў свой час зрабіла Земфіра ў Расіі. Яна ўскалыхнула ўсю музычную культуру, яна была нібы чыстае паветра. У нас, у Беларусі, таксама ёсць асобы, якіх я называю “чыстае паветра”. Яны ёсць, і іх дастаткова шмат. Яны музыканты і мастакі ў душы.

− Як і вы?

− Малюнкі я называю сваімі дзеткамі. У школе намалявала карцінку, а настаўніца не паверыла, што зрабіла яе сама. Памятаю, як стала балюча. Але падумала: “Што з яе ўзяць?”

− Ці яднаюцца вашае маляванне з музыкай?

− О, яны вельмі яднаюцца. Я ладзіла праект “Музычныя карцінкі”. Спявала песні, вобразы з якіх ёсць і ў песні, і ў малюнку. “Дзяўчына-месяц-матылёк”. Мы такія, ад гэтага нікуды не дзенешся. Мяняемся кожны месяц, так закладзена прыродай. А хлопцы з гэтага ламаюць галаву (смяецца).

− Якую песню вы падабралі пад гэты малюнак?

− Я спявала песню на верш Яўгеніі Янішчыц “Не воблака”. Памятаеце: “Не воблака, а проста аблачынка загадкава ляціць над галавой…” Там вобраз дзяўчынкі, якая ляціць па жыцці, але ў канцы добры такі радок: “Па кладцы той, якой даўно няма”. Значыць, дзяўчынка ўжо даўно пасталела, таго дзяцінства няма ўжо, але ёсць успамін. Кожная жанчына ў душы застаецца дзяўчынкай. Хай кладачкі няма, але дзяўчына марыць стаць маленькай, безабароннай. Таму што жанчына мусіць несці ў сабе чысціню. Хто яшчэ, як не жанчына, будзе вобразам чысціні. Жанчына, яна заўсёды недзе лятае, штосьці шукае. Галоўнае − канкрэтна ведаць, што ты хочаш знайсці.

− Вы лічыце сябе моцнай жанчынай ці маленькай дзяўчынкай?

− Не, напэўна я не моцная. Я вельмі слабая маленькая дзяўчынка. Жанчына мусіць быць з мужчынам. Але ўзнікае пытанне… Які чалавек моцны − той, хто даў аплявуху, ці той, хто не даў? Сядзі і думай.

− Ці маглі б вы сказаць, што хвароба − гэта размова чалавека з Богам?

− Я гэта да канца не вырашыла для сябе. Але хворы чалавек − гэта нядобра. Чалавек мусіць быць здаровым. Мне падабаецца тое, што сказаў на гэты конт Красцьянкін. Хвароба не прыводзіць і не адводзіць ад Бога. Але часта ж, калі чалавек захварэў, ён пачынае аналізаваць жыццё, паводзіны. І адбываецца духоўная эвалюцыя. Гэта было ў маім жыцці, і я ведаю, што такое, калі чалавек прыходзіць з пакаяннем. Але пытанне − што ты будзеш рабіць, калі выздаравееш? Ці застанешся на гэтым узроўні?

− Таня, вы верыце ў Бога?

− Не ведаю. Раней я сказала б: так, безумоўна, я веру! У мяне бабуля вельмі веруючая. Але заўважце, мы селі піць каву. І нават не памаліліся.

− Вы настолькі рэлігійны чалавек, што адзначаеце такія рэчы?

− Я не магу  сказаць, які я чалавек. Таму што пакуль мала ведаю пра рэлігію і пра саму веру. Я вельмі не хацела б быць рэлігійным чалавекам, бо гэта фарысейства. Я не хачу быць чалавекам, які моліцца, але ў душы нічога не адгукаецца гэтай малітве.

− Ці можна спазнаць чалавека ў звычайным жыцці?

− Людзі баяцца, вельмі шмат страху ў нашым жыцці. Таго, што іх не прымуць, пасмяюцца. Бывае, сустракаюся з чалавекам, які крытыкуе маю песню, а потым аказваецца, што чалавек сам спяваў. Пытаюся, чаго ты крытыкуеш, і ён ужо сам не ведае, што адказаць.

− Гітара − адзіны ваш музычны інструмент?

− На жаль, адзіны. Знаёмства з гітарай адбылося дзякуючы маёй сяброўцы, што вучылася ў школе №10. Была ў яе ў гасцях, і тая праспявала мне пад гітару песню гурта “Машына часу” “Перакрыжаванне”. І я проста адчула нешта надзвычайнае, нібы  ўва мне адбылася нейкая рэвалюцыя. Тады я стала іншай. Сяброўка паказала мне некалькі акордаў, і я пачала спяваць. Дома была гітара − тата для мамы нейкія песні вывучваў, калі хацеў, каб маці яго заўважыла. Я палюбіла свабодны дух, які ідзе ад песні, які ўздымае душу. І паехала.

− Што вам прыносіць найбольшы прыбытак: продаж дыскаў ці білетаў на канцэрты?

− Найбольшы заробак ад дыскаў. Каб арганізаваць канцэрт, трэба прыкласці вельмі вялікія намаганні. Пасля канцэртаў, калі яны ўсё ж адбываюцца, людзі падыходзяць набываць дыскі, паштовачкі з маімі малюнкамі. Я маю прыбытак. Але калі казаць, ці рэнтабельна займацца музыкай наогул, то − не, нерэнтабельна. Але як казала Данута Бічэль, самы вялікі ганарар − гэта ўсмешкі і цёплыя словы.

− Як вы ставіцеся да руху антыглабалістаў?

− Я супраць любой несвабоды. Не люблю толькі Макдональдс. Гэтая маленькая ўтульная кавярня магла б таксама належаць гэтай карпарацыі. Але на падсвядомасці ўсё роўна адчуваецца, што гэта не належыць карпарацыі. Макдональдс − нібы машына, і там я адчуваю сябе несвабодна. Я − беларуска. І мы любім усе рамантычнае, ахайнае, маленькае. Мы такія. Насамрэч, паглядзіце − у нас невялікія дамы, храмы, невялікая краіна. Гэта наша фішка. Я люблю, калі ёсць душа, а душа не можа ахапіць увесь свет.

Што тычыцца антыглабалістаў. Па-першае, я не люблю прыстаўку “анты”. Па-другое, антыглабалісты жадаюць забіць рух глабалістаў ва ўсім свеце. Атрымліваецца, што антыглабалісты − тыя самыя глабалісты, толькі наадварот.

− Як вы аднаўляеце свае сілы ў моманты, калі ўжо больш нічога не хочацца?

− Я кажу сабе: “Ах, ты такая-сякая! Хутка ўстала і пайшла!” Пачынаю думаць не пра сябе, а пра іншых.

− Таццяна Беланогая бывае гаспадыняй?

− Я вельмі люблю карміць усіх, люблю душэўныя размовы, дом для мяне − святое месца. Частую часцей рысам з соусам, смажанай рыбкай.

− Чаму вы не пераязджаеце ў Маладзечна?

− Маладзечна − мой родны горад. Тут я адпачываю. Тут напісана большасць песень, прыходзіць натхненне. Бо ў гэтым горадзе ў мяне ёсць сцяна, за якую магу схавацца. У Мінску я нібы на адкрытым полі. Вярнуцца ў Маладзечна − не магу сабе дазволіць. Тут я магу спыніцца.

− Як вы падбіраеце сабе адзенне?

− У мяне ёсць дарадца, гэта мая сястра Марыя. Яна першая слухае песні, удзельнічае ў стварэнні вобраза. Люблю еўрапейскі стыль, але галоўнае, каб адзенне было якаснае. Вельмі люблю сукенкі. Мне галоўнае − вытрымліваць стыль, а не забіваць шафу. Апошнім часам выбіраю цёмныя колеры − шакалад, чорны, каб было і практычна. Мяне больш клапоціць фактура. Абіраю натуральныя тканіны, нават торба з тканіны. Падабаюцца мяккія рэчы. У жыцці мне не хапае гэтай мяккасці.

− Якой вы былі ў дзяцінстве?

− Я любіла пабыць адна, пагуляць па полі, паспяваць песні. Я і цяпер такая.

− Пажадайце што-небудзь чытачам.

− Я вельмі хачу пажадаць чытачам “РГ” цікавіцца сабой і паважаць сябе. Беларусы нячаста глядзяць на сябе збоку, я крыху паездзіла па іншых краінах. І хачу прапанаваць − давайце будзем адзін да аднаго больш цярплівымі. Калі бачым добрую ініцыятыву, трэба падтрымаць яе салідарнасцю. Пачынаючы ад парадку ў пад’ездзе. Трэба цаніць сваю шляхетнасць. Патрэбна, каб у цябе былі цёплыя боты, але нельга, каб боты станавіліся для цябе сэнсам. Мне крыўдна, што я бачу людзей, якія не паважаюць сябе і нават баяцца марыць. Я жадаю, каб людзі марылі.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана Таццянай БЕЛАНОГАЙ.