Спецыялісты беларуска-германскага дабрачыннага прадпрыемства “Надзея-21 стагоддзе” ў дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Надзея”, што каля вёскі Будзішча, правялі прэс-тур.

Вядучы спецыяліст цэнтра па сувязях з грамадскасцю Ларыса Якавюк расказала ў інтэрв’ю “РГ”: мэта правядзення прэс-тура перад 25 гадавінай аварыі на Чарнобыльскай АЭС – распавясці журналістам пра дзейнасць цэнтра і ўклад партнёрскага праекта “Надзея” ў ліквідацыю наступстваў чарнобыльскай трагедыі.

На мерапрыемстве спецыялісты “Надзеі” расказалі пра аздараўленне дзяцей з забруджаных рэгіёнаў, пра развіццё экалагічна чыстай сельскай гаспадаркі і работу альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Па словах Ларысы Якавюк, на сённяшні дзень у цэнтры ад пачатку яго работы, ад 1994 года, аздаравіліся каля 50 тысяч дзяцей. Змена адпачынку складае 24 дні, лагер прымае 285 чалавек за змену. Дзецям аказваецца комплекс медыцынскіх паслуг, з імі праводзіцца сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная работа.

“Надзея” ў 1994 годзе была адной з першай спецыялізаванай установай на постсавецкай прасторы па рэабілітацыі хворых дзяцей.

Сяргей ЗЯНЬКО.