Сваю першую выставу графічных работ пад назвай “Мастацтва мандалы: ад сурвэткі да Сусвету” прапануе для прагляду Аляксандр Браілаў.
Аляксандр Браілаў.
Выстава “Мастацтва мандалы: ад сурвэткі да Сусвету” адкрылася ў гарадскім філіяле №1 цэнтральнай раённай бібліятэкі 11 красавіка.
Аўтар працуе вядучым інжынерам па светлавым і гукавым абсталяванні ў Мінскім абласным драматычным тэатры.
Ад 2003 года ён пачаў глыбока захапляцца псіхалогіяй, займацца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам − вырабамі з гліны, дрэва. А гэтую выставу падрыхтаваў за год.
− Я знайшоў выдатныя кнігі, якія тлумачаць мастацтва мандалы, − гаворыць аўтар. − І калі выконваў свае творы, то думаў аб прыродзе. Мандалы − гэта дасканалыя формы. Іх мы бачым у сняжынцы, радужнай абалонцы вока. Выцінанка − беларускі варыянт мандалы, так што гэта ўніверсальная форма.
“Літары”.
“Вясна-1”.
“Вірус”.
“Аплаўленая”.
“Скляпенне”.
Аляксандр Браілаў падкрэслівае, што яго праект − толькі мастацкая спроба зблізіць заходняе мысленне з эмацыйным успрыманнем свету на Усходзе. Яго работы − выражэнне макра- і мікраформ у прыродзе ў выглядзе мандалы, спроба адаптаваць традыцыйную графіку да сучасных тэхналогій.
− Мой бацька плённа займаўся графікай, − расказвае майстар. − І мне таксама перадалося гэтае чорна-белае мысленне. Мне падаецца, што яно больш эмацыйнае.
Пад кожнай працай аўтар пералічвае, як выконваў твор. Большасць рабілася пры дапамозе праграмы Mandala Painter. Некаторыя − у тэхніцы пэчворкі, ці коўдры з абрэзкаў, калі ліст паперы раздзяляецца на асобныя клетачкі, і кожная запаўняецца асобна. Для пэчворкаў ён раздрукоўваў пабудаваныя ў праграме Photoshop сеткі, а потым размалёваў іх гелевымі ручкамі ці перманентнымі маркерамі.
Пэчворк з серыі “Чорнае”.
Аўтар адзначае, што цікавая думка заўсёды прыходзіць у галаву выпадкова. Напрыклад, у кавярні. І даводзіцца маляваць на сурвэтцы, але ў гэтым малюнку можна выказаць сваё ўяўленне Сусвету.
На пытанне, ці лічыць сябе мастаком, Аляксандр Браілаў адказвае:
− Мастак не той, хто ўмее дасканала вымалёўваць лініі і зарабляць ад гэтага грошы, а той, хто не можа сябе стрымаць.
Сярод яго прац − “Шалікі”, “Кактус”, “Павучок сумненняў”, “Ранішні цвыркун”, “Забінтаваная”.
Асобнай часткай выставы з’яўляецца серыя “Клеткі (CELLs). Эмацыйныя структуры”. Прапаноўваюцца шэсць выяў мандал, асобна − пералік іх назваў. Гледачу трэба самастойна падабраць назву да кожнага твора.
Падабраць назвы да серыі “Клеткі (CELLs). Эмацыйныя структуры” і паглядзець больш выяў мандал Аляксандра Браілава можна на сайце rh.by.
Зоя ХРУЦКАЯ.
“Клеткі (CELLs). Эмацыйныя структуры”. Аўтар прапануе да кожнага твора самастойна падабраць назву з прапанаваных:
1. “Гнеў”.
2. “Зайздрасць”.
3.”Хцівасць”.
4. “Залатое дзяцінства”.
5.”Спрэчкі”.
6. “Спрут”.
Даведка “РГ”.
Мандала, націск на першы склад (з санскрыцкай мовы − круг, дыск) − сакральная схематычная выява ці вобраз, які выкарыстоўваюць у будысцкіх і індуісцкіх духоўных практыках.
Мандала − геаметрычны сімвал, які інтэрпрэтуецца як мадэль Сусвету.
Іх вышываюць на тканіне, малююць на пяску, робяць з дрэва, металаў.
У духоўных практыках важны сам працэс стварэння мандалы. Іх ствараюць пры адмысловых умовах і як толькі завершаць − рытуальна разбураюць.
Вядомы псіхааналітык Карл Густаў Юнг лічыў мандалу архетыповым сімвалам чалавечай дасканаласці. Выкарыстоўваецца ў псіхатэрапіі для дасягнення цэласнасці разумення свайго “я”.