“АЭС у Беларусі будзе пабудавана   гэта пытанне толькі часу”, – заявіў 26 красавіка журналістам у Нароўлі (Гомельская вобласць) Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта паведаміла БелаПАН са спасылкай на прэс-службу прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка прывёў лічбы, якія пацвярджаюць шырокае выкарыстанне атамнай энергетыкі ў эканоміцы большасці краін. Да прыкладу, у Францыі прыкладна 80% электраэнергіі даюць атамныя станцыі, у цэлым у Заходняй Еўропе – прыблізна 30%. Паводле ацэнак МАГАТЭ, да 2025 года рост вытворчасці электраэнергіі на АЭС дасягне 44%. У Расіі прадугледжана да 2015 года ў 2,5 разу павялічыць выпрацоўку электраэнергіі на АЭС. Пасля 2012 года плануецца штогод уводзіць па два энергаблокі.

Паводле слоў Лукашэнкі, прыбалтыйскія суседзі заявілі аб планах будаваць сумесную АЭС, Польшча таксама мае намер ствараць атамную станцыю. Пасля чарнобыльскай катастрофы, паведаміў ён, у розных краінах было пабудавана больш за 120 ядзерных энергаблокаў.

Будаўніцтва АЭС у Беларусі дазволіць штогод эканоміць прыблізна 4,5 млрд. кубаметраў газу ў паліўным балансе краіны, а значыць, істотна знізіць энергаёмістасць эканомікі, адзначыў прэзідэнт. “Так чаму мы ўпадаем у шаленства? Таму што нам гэта навязваюць. Гэтыя 87 млн. еўра – гэта таксама адзін з праплачаных кірункаў, каб яны крычалі гвалтам (размова ідзе аб матэрыяльнай падтрымцы апазіцыі. – БелаПАН.)”, – лічыць прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў: “Мы канкурэнты для Прыбалтыкі, Польшчы. Калі мы ўжо пазбавімся ад гэтай “беларускасці” ў горшым сэнсе гэтага слова?” “Мы ў сябе пабудуем АЭС і будзем канкураваць. І яны гэта разумеюць”, – дадаў ён.

Аддзел інфармацыі.