Яго я заўважыў яшчэ здалёк. Самец жулана сядзеў на верхніх галінах паламанага дрэва і ўважліва аглядаў прылеглую тэрыторыю, перыядычна крыху змяняючы становішча для лепшага агляду.

Метраў за 15 я пачаў набліжацца вельмі кароткімі крокамі, каб не спудзіць птушку. Такая тактыка прынесла плён – хвілін праз 10 я быў у шасці метрах ад аб’екта здымкаў. Гэта быў цудоўны самец саракуша-жулана. Крылы і спінка зверху былі цагляна-чырвоныя, галава – серабрыста-металічная, да вачэй ад самай кручкаватай дзюбы ішлі дзве чорныя рыскі, падобныя на аброць. Светлая грудка мела лёгкі ружаваты налёт, ногі – практычна чорныя.

Даведка “РГ”. Жулан (Lanius cristatus) – птушка сямейства саракушаў, атрада вераб’іныя. Гняздуе ў Еўропе і заходняй Азіі, на зіму адлятае ў трапічную Афрыку. У даўжыню дасягае 16-18 см. Арэал гэтага віду скарачаецца, і цяпер птушка перастала гнездавацца на астравах Вялікабрытаніі, аднак яе можна сустрэць там падчас міграцый. Спявае звычайны жулан рэдка, песня яго ціхая, можа пераймаць спеў іншых птушак.

Птушка, здаецца, не драпежная, але загнуты ўніз наддзюбак наводзіць на такія думкі. Як бы пацвярджаючы мае здагадкі, жулан проста на маіх вачах рэзка зляцеў у траву і амаль адразу ўзняўся на галіну з асой у дзюбе. Насякомае яшчэ было жывое, і птушка пачала стукаць асой па галіне, як малатком. Так працягвалася некалькі хвілін. За гэты час мне ўдалося наблізіцца яшчэ бліжэй, метры на тры. Я працягваў рабіць здымкі. З такой адлегласці ў оптыку можна было разгледзець нават дробненькія пёркі. Калі я зрабіў з дзясятак кадраў, жулан хутка з’еў асу, якая ўжо не падавала прыкметаў жыцця, і паляцеў на іншае дрэва, абраўшы сабе вышэйшы назіральны пост, каб ніхто не непакоіў.

Самец жулана са здабычай – асой. Іншыя птушкі звычайна не кормяцца чмялямі, пчоламі і восамі.

Увогуле для саракуша-жулана гэта характэрна – знаходзіцца на ўзвышэннях. Асабліва ён любіць вершаліны елак, дрэвы без лістоты ці засохлыя галіны кустоў. Адтуль яму ўсё далёка і цудоўна відаць. А калі раптам узнікне небяспека, можна імгненна шмыгнуць у хмызняк.

Жулан на назіральным пункце.

Таму свае гнёзды жулан даволі часта робіць на разгалінаваннях дрэў, на бакавой галіне дрэва на адносна невялікай вышыні – адзін-два метры. З кустоў аддае перавагу глогу, ядлоўцу, бузіне, з дрэў – елцы, дзікай яблыні, сасне, клёну.

У кладцы звычайна пяць-шэсць буйных яек.

Гняздо ўяўляе з сябе даволі вялікую чашу, дыхтоўна зробленую з розных сцяблінак і тонкіх галінак.  Унутры высланае пер’ем, пухам, воласам, карэньчыкамі раслін.

У кладцы – пяць-шэсць буйных яек. Асноўная афарбоўка блакітнаватая, з дамешкам светла- і цёмна-карычневых плям, якія на тупым канцы канцэнтруюцца ў выглядзе колца. Наседжвае кладку на працягу двух тыдняў адна самка. Зрэдку падмяняе самец, але звычайна ён яе проста корміць.

Птушаняты хочуць есці.

Ля гнязда жулан паводзіць сябе агрэсіўна, адганяе драпежнікаў, можа нават напасці на чалавека.

Афарбоўка самкі нашмат больш сціплая, але на грудцы – вельмі сімпатычныя сэрцападобныя ўзоры, якія часам нагадваюць лісце розных дрэў. Аднойчы ўбачыўшы такую птушку, з іншай ніколі не зблытаеш. Такія ж узоры да канца ліпеня з’явяцца і ў птушанят. Яны кормяцца рознымі насякомымі: матылькамі, павукамі, жукамі, а таксама чмялямі, восамі, пчоламі, якіх іншыя птушкі аблятаюць. Акрамя таго, вядома, што жуланы ў сваім рацыёне нярэдка выкарыстоўваюць яшчарак, мышэй, маленькіх птушанят іншых відаў. Лішкі здабытай ежы наколваюць проста на шыпы кустоў, што растуць каля гнязда.

Самка наседжвае кладку.

Самкі жулана маюць больш сціплую афарбоўку.

Птушаняты растуць хутка (частка іх гіне з-за таго, што гняздо нізка размешчанае), і праз 17-18 дзён яны пакідаюць гняздо. Бацькі яшчэ нейкі час качуюць з імі, пастаянна падкормліваючы подлеткаў. У гэты час няцяжка даволі блізка падысці да іх і сфатаграфаваць. Пры гэтым дарослыя птушкі з трывожнымі крыкамі лётаюць вакол, але блізка не падлятаюць.

Жулан-подлетак.

У першай дэкадзе верасня жуланы адлятаюць, каб напрыканцы красавіка вярнуцца да нас – на сваю радзіму.

У публікацыі выкарыстаныя звесткі dic.academic.ru і www.floranimal.ru.

Віктар КАЗЛОЎСКІ.

Фота аўтара.