Мінск будзе мець патрэбу ў вілейскай вадзе на працягу бліжэйшых 50 гадоў – дакладна. Нягледзячы на тое, што цяпер існуе план да 2020 года цалкам забяспечыць сталіцу пітной вадой з артэзіянскіх крыніц.

Начальнік вытворчасці эксплуатацыі Вілейска-Мінскай воднай сістэмы прадпрыемства “Мінскводаканал” Павел Крук расказаў у інтэрв’ю “РГ” пра сённяшні дзень сістэмы, якая была здадзеная ў эксплуатацыю 15 студзеня 1976 года. Крыніцай сілкавання сістэмы з’яўляецца Вілейскае вадасховішча, якое напаўняецца з Віліі.

Вадасховішча, па словах Паўла Крука, іграе ключавую ролю ва ўсёй Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Будаваўся гэты самы вялікі ў Беларусі штучны вадаём для таго, каб забяспечыць сталіцу тэхнічнай вадой. Мінск будаваўся, развіваліся прадпрыемствы, і абыходзіцца толькі падземнымі крыніцамі тады стала немагчыма.

Пасля таго, як было ўзведзенае Вілейскае вадасховішча, ад яго да Мінска пабудавалі канал даўжынёй 70 кіламетраў, на якім размешчаныя пяць помпавых станцый для перапампоўвання вады. На шляху ад вадасховішча да сталіцы станцыі запампоўваюць ваду на вышыню 70 метраў. Яна даходзіць да Заслаўя і адтуль самацёкам ідзе ў Мінскае мора, далей па рэчышчы Свіслачы праходзіць праз увесь Мінск. Трапляе ў штучныя вадаёмы Крыніца, Дразды, Камсамольскае возера, у сажалку ў парку Горкага і ў тэхнічныя вадасховішчы цеплаэлектрацэнтраляў.

Павел Крук адзначае, што пасля ўвядзення ў эксплуатацыю Вілейска-Мінскай воднай сістэмы задача забеспячэння сталіцы тэхнічнай вадой была вырашаная.

Сёння Мінск не мае патрэбы ў такой колькасці вілейскай вады, як раней. Некаторыя прадпрыемствы перайшлі на замкнёны цыкл работы, выкарыстоўваючы адну і тую ж ваду некалькі разоў, некаторыя наогул перасталі працаваць. Але гэта не значыць, што неабходнасць у рабоце Вілейска-Мінскай воднай сістэмы адпала.
Павел Крук расказвае: на сённяшні дзень з Вілейскага вадасховішча перапампоўваецца пяць кубаметраў вады за секунду. 60 працэнтаў гэтай вады ідзе ў кватэры мінчан, астатняя – на сілкаванне Свіслачы. Гэту тэхнічную ваду цяпер выкарыстоўваюць прыкладна 15-20 сталічных прадпрыемстваў.

Для таго, каб зрабіць вілейскую ваду пітной, яе апрацоўваюць хлорам, абеззаражваюць. Трэцяя частка Мінска ўжывае такую ваду – жыхары Фрунзенскага раёна, таксама часткі Кастрычніцкага і Маскоўскага раёнаў. Астатнія мінчане п’юць ваду з падземных крыніц. У ёй няма прымесяў хлору, як у вілейскай, затое большае ўтрыманне жалеза.

Па словах начальніка вытворчасці эксплуатацыі Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, цяпер існуе план 100-працэнтнага забеспячэння сталіцы пітной вадой з артэзіянскіх крыніц. Плануецца, што такое будзе зроблена да 2020 года. Зараз вядуцца распрацоўкі месцаў залежаў пітной вады. І тым не менш, Павел Крук лічыць: і праз 10, і праз 50 гадоў Мінск не абыдзецца без вады з Вілейскага вадасховішча. Артэзіянскімі крыніцамі Свіслач напоўніць немагчыма. Наша вада патрэбная для вадаёмаў, на якіх адпачываюць мінчане і госці сталіцы, і для работы цеплаэлектрацэнтраляў.

На працягу 35 гадоў існавання Вілейска-Мінскай воднай сістэмы на ёй не было няштатных надзвычайных сітуацый, кажа Павел Крук. Але на “Мінскводаканале” заўсёды былі падрыхтаваныя да іх узнікнення. Абсталяванне на помпавых станцыях прадубліраванае. Калі раптам разбурыцца збудаванне самога канала, на час рамонту ў рэзервуарах Мінска ёсць запас пітной вады на 28 дзён. Работнікамі “Мінскводаканала” сумесна з супрацоўнікамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях распрацаваная сістэма па ліквідацыі аварый на канале. Выкарыстоўваць яе пакуль не прыходзілася.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Вы памятаеце, як пачыналася будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, маеце фотаздымкі той пары альбо можаце падзяліцца ўспамінамі? Калі ласка, тэлефануйце ў рэдакцыю. Наш тэлефон – 769667.

Яшчэ па тэме

І стала Вілія морам.

Будаўнікі працуюць па Злобінскім метадзе.

Водная сістэма змяніла жыццё Вілейкі.

Вёскі пераязджалі разам з пагостамі.

Анфісіна яма.