Абласны форум дзіцячых і моладзевых ініцыятыў і творчасці “Спяшайся рабіць дабро” адбыўся ў сераду, 11 мая.
У гэты дзень установы адукацыі дзесяці раёнаў Міншчыны праводзілі форумы, кожны на сваю тэму. Удзел у іх прымалі вучні – па адным прадстаўніку з кожнага раёна.

Абласны форум дзіцячых і моладзевых ініцыятыў адбыўся ў Івянецкай школе.

На Валожыншчыне такі форум адбыўся ў Івянецкай сярэдняй школе па тэме развіцця валанцёрскага руху і дабрачыннай дзейнасці “Спяшайся рабіць дабро”.

Прэзентацыя валанцёрскайдзейнасці на Валожыншчыне.

У першай частцы праграмы вядучыя − метадыст аддзела адукацыі Максім Войтаў і метадыст цэнтра дзіцячай творчасці Марына Станкевіч – правялі прэзентацыю валанцёрскай работы на Валожыншчыне.

Другая частка праводзілася ў інтэрактыўнай форме. Гэта была работа моладзевага крэатыўнага цэнтра. Вучні абменьваліся між сабой вопытам валанцёрскай работы, расказвалі, як валанцёры працуюць у іх, разглядалі, якія новыя акцыі можна праводзіць, як дамагацца найлепшых вынікаў сваёй дзейнасці. Разам распрацавалі кодэкс валанцёрства.

Потым дзеці займаліся ў піар-лабараторыі “Мы разам”. Яны разважалі над праблемамі валанцёрскай дзейнасці і прапаноўвалі, як яе можна рэкламаваць.

Па словах загадчыцы вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Валожынскага райвыканкама Аксаны Ціхановіч, удзельнікі форуму сабраліся вельмі актыўныя, і мерапрыемства атрымалася надзвычай насычаным.

Падзяліўшыся на чатыры групы, вучні падрыхтавалі своеасаблівыя рэкламы валанцёрства: займальныя інсцэніроўкі, песні.

Работа моладзевага крэатыўнага цэнтра.

Пасля рабочай паловы праграмы форуму вучняў запрасілі на культурную.

Дзеці наведалі дзве выставы, якія таксама былі  размешчаныя ў Івянецкай школе. І фотавыставу “Дапамога. Клопат. Парадак”, і конкурсныя работы малюнкаў і плакатаў “Маленькія рукі дапамогі” падрыхтавалі вучні школ Валожынскага раёна.

Потым удзельнікі форуму перайшлі ў Івянецкі музей традыцыйнай культуры і цэнтр рамёстваў. Там дзеці наведалі майстэрні − ганчарную, ткацкую, кузню. Убачылі, як майстры працуюць, а потым паглядзелі і выставу ўжо гатовых вырабаў.

Удзельнікі форуму сабраліся ў двары Івянецкай школы ля дрэва жадання − прыгожай вярбы. Вядучыя Максім Войтаў і Марына Станкевіч расказалі, што калі загадаць жаданне і прыкладаць намаганні, каб яно здзейснілася, то яно здзейсніцца абавязкова. Вучні ўзялі па стужцы, і, загадаўшы жаданні, завязалі іх на вярбу.

Зоя ХРУЦКАЯ.